Дзе ж ён, гэты мой адзіны радок, каму прадаць душу, якое ж паскудства зрабіць, каб ён знайшоў мяне. Пяць — дзесяць слоў, і іх няма ў мяне, няма слоў простых і ясных: «Музыка гналась за ннм по белым корндорам...» Здані, прывіды слоў, абрыўкі, шматкі думак гоняцца за мной па гарадскім асфальце і вясковых сцежках. Я бачу іх, спрабую ўхапіць іх, але толькі ранюся імі. Паранены і прыгнечаны чужымі думкамі, словамі, што не належаць мне, пакутую ад чужога і таксама толькі прывіднага мне болю. Вам не запіхвалі ў дзяцінстве той церухі, што застаецца ў руцэ, калі расцерці ягаду шыпшыны, насенне шыышыны? Тады вы, канечне, не ведаеце, што гэта такое. На насенні шыпшыны мноства маленькіх-маленькіх, нябачных воку варсінак. Трапляючы пад сарочку, яны ўпіваюцца ў тканіну, ліпнуць да цела, пазбавіцца ад іх амаль немагчыма ўжо, таму што, згодна нашай чалавечай натуры, трэба хаця б бачыць, ад чаго мы імкнёмся пазбавіцца. А тут перад вамі такая непрыкметнасць і неадчувальнасць, нішто. I гэтае нішто, звонку ўпхнутае вам, будзе раздзіраць ваша цела нябачнымі кіпцюрыкамі, раз'ядаць яго. Вы пракленяце дзень і час і таго жартаўніка, які, гуляючы, напіхаў іх вам. I што б вы ні рабілі, у якой бы вадзе ні мыліся, як бы ні трэслі сваю сарочку — усё дарэмна, у той дзень вы ўжо не пазбавіцеся ад пакут. Цела ваша ўсё роўна будзе свярбець і чухацца, як ад каросты, яно атручана. Варта вам толькі будзе зірнуць на куст шыпшыны, як вы пачуеце сверб і пачняце раздзіраць сваё цела. I міне шмат дзён, сатлее сарочка, а вам усё яшчэ будзе свярбець. А магчыма, здарыцца і так, што сверб той не адстане ад вас, вы пранесяце яго праз усё жыццё. I ў жыцці вашым будзе мноства такой непрыкметнасці і неадчувалыіасці, што давялося вам зведаць на самай справе і непрыкметнасці і неадчувальнасці ўяўнай, што вынікае ад вашага супраціўлення ці жадання бачыць і адчуваць усё так, як некалі было, ці крыху інакш, як тое было, і гэтае супраціўленне ці жаданне, адмаўленне і прага яго сточаць, здратуюць не толькі цела, але і душу. Жыццё ўсё ж прывіднае і падманлівае, прывідныя і падманлівыя нашы самыя відавочныя, здавалася б, уяўленні аб ім.
I якое ж трэба цярпенне, каб пражыць жыццё, колькі праліць нябачнага халоднага і гарачага поту. Хаця мы нараджаемся, здаецца, дзеля адной толькі радасці. Зпошаныя, знясіленыя словы. Зусім, зусім не тое, што «музыка гналась за ним по белым коридорам». Але ж нараджэнне, наша з'яўленне на гэты белы свет на самай справе шчасце. Іншым разам я спрабую ўявіць сабе гэтае сваё нараджэнне. Але яно драбніцца, яно не адзінае. Я ведаю, упэўнены, што нараджаўся ўжо неаднойчы, і заўсёды гэта было шчасце. Такое шчасце зведаў, пэўна, кожны, шчасце прачнуцца сярод ночы і адчуць сябе. Пасля цяжкага дня вы ўпалі ў ложак, як забітыя. I ўсё ўжо, здаецца, будучага дня не існуе, больш ужо і не развіднее. I вы як на той свет праваліліся, ва ўсім целе ні іскрынкі свядомасці, толькі стомленасць, толькі змрок, які ўсё пашыраецца і пашыраецца ў вашым цьмяным ужо мозгу, ахоплівае ўсю зямлю, крадзе зямлю, з'ядае святло. Вы, зразумела, спіце, але адначасова як бы і памерлі, таму што забыліся пра ўсё на свеце, нішто вас не клапоціць, і не існуе такога клопату, які быў бы здольны развеяць гэты змрок, што распаўсюджвае ўжо само ваша стомленае цела. Змрок струменіць з вас, вы не маеце сілы патушыць яго. Вы скарыліся яму, вы яго працяг, а мо і пачатак. Але вас ужо не кранае і гэта, не павінна кранаць. Вас ужо няма. Вы пераліліся ўжо ў штосьці неіснуючае, неадчувальнае, растварыліся ў змроку. Свядомасць пакінула вас, адляцела ў бездань ці да зорак, таму што невядома і неразгадана, як гэта адбываецца, якая сіла вымушае нас з надыходам апошняй хвіліны ўспамінаць, звяртацца да тых невядомых зорак, што мы бачым толькі здалёку. Мо калісьці мы спусціліся з тых зорак на нашу грэшную зямлю, а мо сапраўды мы ўсе туды ў свой час адыдзем. Далёкія зоркі ў патушанай памяці — апошні пробліск надзеі, якая заснула ўжо ў вашым здранцвелым целе, спіць ва ўсім белым свеце, які адлятае ўжо, пакідае вас. А ён сам сапраўды адлятае ад вас, не душа, не свядомасць, а жывы белы свет, таму што вы ўжо атрэслі яго прах са сваіх павек. I ўсё, што засталося ў ім, здаецца вам такім дробязным, і вы адсоўваеце ад сябе гэта дробязнае з хуткасцю, што перавышае хуткасць святла, так што не паспяваеце і самі прасачыць, як бягуць ад вас хвіліны, імгненне назад такія родныя і любыя вам лясы і рэкі, падлога, столь, ваша хата і ўсе іншыя хаты. Вы выракаецеся іх, выкідваеце іх за мяжу вашай свядомасці, таму што вы самі ўжо тое, што завецца няведаннем. Па той бок гэтай свядомасці ўжо і людзі, якіх вы некалі прывячалі, любілі. Вы не сашчэплены памяццю з імі. Яны ўжо не ўсцешваюць і не раздражняюць вас, яны не здані і нават не цені, іх няма і ніколі, здаецца, не было, таму вы іх, тых, хто адышоў ужо за мяжу вашай свядомасці, апынуўся па-за вашай памяццю, і не шкадуеце. Вы скучылі іх, збілі ў макавае зерне памяці, што ледзь-ледзь свеціцца ў вас. Усё і ўсіх адразу: хаты, дрэвы, людзей і жывёл. I ўсё там невыразнае, безаблічнае і бесцялеснае. I ніколі нікому ўжо не дастукацца да вас. Вашы ролі, ролі нядрэмных і сонных, таго і гэтага свету, жывых і мёртвых, перамяніліся, больш таго — пераблыталіся. Жывыя просяць ратунку, звяртаюцца да вас з таго свету, мёртвыя на гэтым спяваюць калыханку, але вы ўжо не здольныя каго б там ні было пачуць, вы ўжо ступілі ў вечнасць, небыццё. I святло не дасягае ўжо вас, хаця ноч зоркамі і месяцам льецца над зямлёй. Ноч вашага мінулага ці будучага нараджэння, а мо і памірання. Яны ж, смерць і нараджэнне, у абдымку ходзяць па свеце ўначы, стаяць у галавах каля вашай пасцелі. Смерць сляпая, нараджэнне недарэчнае і бяспамятнае. Яны проціборствуюць адно аднаму. Хто пераможа, чый будзе верх і ці будзе пераможац. Той, хто выйграе, усё роўна ж прайграе, прайграўшы захопіцца ўрачыстасцю сваёй перамогі і не прыкмеціць, як, святкуючы перамогу, сам акажацца пераможаным. I гэта ёсць ужо наканаванне і лёс. Наканаванне гэтае не адступае ўжо ад нас, яно зводзіць нас кашмарамі супрацьборства дзвюх родных сясцёр, між каторымі знаходзімся мы, проціборства, што доўжыцца, доўжыцца, як само жыццё. Бо гэтая бойка сясцёр і ёсць жыццё. I як усцешваемся мы, збаўляючыся ад іх салодкага палону, калі, адпачыўшы, прачынаемся, як на свет нараджаемся. Якое ж гэта светлае абуджэнне. Як радасна адчуваць святло, няхай нават не святло, а змрок, што прыхлынуў раптам сярод ночы да вашых вачэй. Гэта ж змрок ужо не свядомасці, не памяці, якая, здавался вам, патухла ўжо, ён рэальны. Ноч, ноч на двары, і вы абудзіліся ўначы. Нарадзіліся нанава, абнавіліся ў гэтую ноч. I можаце дасведчыцца ў гэтым, калі адправіцеся ў сваё мінулае. Усё там будзе такім, як запомнілася вам, але і крыху інакшым. Нараджэнне таксама нікому не даецца бясплатна. А плата іншым разам бывае празмерна вялікаю. Часта мы разлічваемся і поўным няведаннем, непазнаваннем, перамяшчэннем памяці, зрухам яе ў нязначнае. Пазнавальнае, але незнаёмае, у тое, што магло быць, але чаго ўсё ж не было. А калі і было, то крыху не так, як мы сабе ўяўляем.
Читать дальше