Ён замёр i той рукой, якой за цвёрды брыль трымаў фуражку, пачасаў галаву, прыжмурыўся i пачаў узірацца, дзе i што тут знікла. Павёў вачыма на самы грудок, на рэдкія сосны i густое кустоўе i ўбачыў, што там чамусьці лысіцца вельмі вялікая прагаліна. У яго аж страпянулася сэрца: ды там жа яшчэ ўчора ўполудзень, калі ён праходзіў сюдою, стаяла старая, самая высокая i тоўстая тут паблізу, налітая смалой i ад таго, мусіць, цвёрдая што камень хвоя з зачасаным некалі ім жа камлём. Цяпер там гэтай сасны не было, як правалілася скрозь зямлю.
Пазіраў туды i не верыў сваім вачам, пасля збочыў з дарогі, прайшоў па папараці i густым, з яшчэ зялёнымі ягадамі чарнічніку i цяжка, нізка нахіляючыся ўперад, уссунуўся на гapy. Убачыў: не, хвою не вывернуў вецер (ды i як яна, сырая, цяжкая, магла паваліцца, калі не было на днях ні навальніцы, ні моцнага ветру?), яе не было зусім. На месцы яе ляжала невялікая, складзеная наўмысна кучка старога лому. Раскідаў яго нагою — паказаўся свежы шырокі смалісты пень, нізка, амаль ля самай зямлі, зрэзаны. Вакол яго сярод нацярушаных ігліц i аблушчанай кары бачылася белае i рудое пілавінне.
Галля, ні старога ды сухога, што было знізу, ні зялёнага верхавіння, паблізу не бачылася: яго, пэўна, параскідалі па лесе. Толькі добра было відаць, куды падала хвоя: падаючы, яна ламала, гнула ядловец i тонкія бярззінкі, папараць, a некалькі тоўстых сукоў, што былі спаднізу i зламаліся, яшчэ i цяпер сядзелі ў зямлі, бялеючы вострымі смалістымі канцамі-пікамі.
«I каго халера сюды ўвагнала? — i гнеўна i адчайна разгублена падумаў Зубрэй.— Здаецца, учора тут, у лесе, ні трактара, ні калёс не было. Няўжо нехта ўночы ўлез? Калі ўночы ўкралі, дык гэта свае, з вёскі».
Не сказаць, што ў яго абходзе часта былі пакражы: наадварот, яны здараліся рэдка, як кажуць, рады ў гады. Можа, i таму, што стараўся, глядзеў лес, поле, сенажаці, як сваю гаспадарку. А то i лепей. А можа, i таму, што да браканьераў i парубшчыкаў быў не толькі строгі, але i суровы. Новы ляснічы, Клімуць, хваліў яго, часта гаварыў астатнім леснікам: «Вучыцеся працаваць у Зубрэя. Не канчаў, як вы, вучылішчаў, няпоўную сярэднюю адукацыю мае, але лепш за вас, вучоных, спраўляецца...»
Праўда, сам ён, Зубрэй, пры такіх гутарках не так цешыўся ад гэтай пахвальбы, як саромеўся: лічыў малою пахвальбою ды заслугаю тое, што за яго плячыма толькі ўсяго пяць класаў, ведаў, што каб выжыў у вайну бацька i памог маці дагледзець ix, пяцярых дзяцей, дык у ix зусім іншае жыццё, канечне, было б... А цяпер позна ўжо брацца за навуку.
Зубрэй падаўся, куды валілася хвоя. Бачыў тоненькія сухія трэсачкі, што нападалі там, дзе абсякалі голле; прайшоўшы далей, згледзеў параскіданыя ў бакі галіны. Далей, у папараці, ляжала i адсечаная зялёная верхавінка.
Пад'язджалі сюды на машыне: на той бок гары, ад сенакосу, была паламаная коламі папараць, a між каляін на ўцалелую траву пачаплялася мазута. Каляіны вялі на край лесу — відаць, да дарогі. За папараццю, дзе не было травы, ляжала ўсыпаная ігліцамі зямля, адбіткі колаў амаль не бачыліся, i дзе праехала машына, можна было пазнаць толькі па зломленых старых галінках — пераціснутых папалавіне, а то i на некалькі кавалачкаў. А на самой тупка-жвірыстай дарозе сляды зусім прапалі: засыпаліся пяском.
Зубрэй падаўся гэтаю дарогаю, выйшаў ca старога, а пасля i з маладога лесу на гуляшчае поле, дзе сам па сабе сеяўся дзікі хвойнік, i, зусім стомлены, прыгнечаны, пайшоў напрасткі да блізкай ужо, нізкай i старой сваёй хаты, стараючыся прыпомніць, хто ў вёсцы будуецца ці думае падладзіць старую хаціну, хто загаворваў калі з ім пра лес.
2
Падхапіўся Зубрэй раненька, яшчэ на світанні.
—Чаго ты ўспароўся? — прачнуўшыся ўслед за ім, запытала жонка, спрасонак пазірала, як ён сядзіць паблізу на зэдліку i накручвае на нагу анучу i яшчэ гэтаксама спрасоння не можа абмацаць пад ложкам з сагнутаю халяваю бот.
Ён прамаўчаў, стараючыся паадолець санлівасць, знайшоў нарэшце бот, абуўся, кіўнуў жонцы, каб маўчала: дзеці ж паблізу спяць.
Падышоў да ложка, што стаяў пры стаяку, i накрыў лёгкім коцам сыноў — пяцікласніка Янака i трэцякласніка Гіполіка; жонка моўчкі накрыла маленькую дачку, накінула на сябе халат, пагладзіла рукою сонны, але прыгожы твар, закруціла ў «куклу» валасы i прыткнула ix грэбнем. I, босая, поўная ды цяжкаватая ўжо ў свае сорак гадоў (яны былі равеснікі), пайшла са спальні, a ўслед за ёю падаўся i ён, прыпаднімаючы i ціха зачыняючы за сабою дзверы.
—Крадуць людзі, бо лепей хочуць жыць...— сказала ўжо на кухні Ядзя. Здагадалася, чаго ён так рана падхапіўся.— А ты ляснік, лічы, гаспадар лесу, а яшчэ ў бацькавай перасыпанцы жывеш... Трасешся за кожную хвоечку...
Читать дальше