—Задушыш...— ціхенька засмяялася яна.— Малады, але гэтакі дужы... Чаго маўчыш? Прызнайся: любіш? Ці не?
Я змаўчаў — не паварочваўся язык вось так ні з таго ні з сяго сказаць: я цябе люблю i вельмі моцна люблю.
—Не бойся, з другіх смяялася, каб яны з мяне не пасміхаліся ды што ўсе такія з доўгімі рукамі...— як угадаўшы мае думкі, сказала Вікця.— З цябе не буду смяяцца. Ты гжэчны, не такі, як усе. Можа, нават i залішне ўжо нейкі далікатны, сарамлівы...
Я прамаўчаў. Але калі праз хвіліну мы зноў пачалі цалавацца, я пачаў шаптаць, што вельмі-вельмі кахаю яе...
...У панядзелак, калі толькі прыйшоў на працу (прыйшоў заспаны, бо i ў нядзелю позна гуляў з Вікцяю), з трывогаю ўбачыў, што Гэлька, Ядзя, Люся пазіраюць на мяне i хіхікаюць, таўкуцца ля Вікці, а яна ім нешта шэпча. У мяне прыпынілася, здаецца, ад страху i крыўды сэрца, не мог дачакацца, калі дзядзька Стась, які даўно ўжо прыехаў ca Стоўбцаў, ад сям'і, ранішнім аўтобусам, скажа: «Ну, пара! Пайшлі на дарогу». Але брыгадзір сядзеў на камені, трымаў на каленях перагнуты вучнёўскі сшытак i нешта пісаў.
—Малы, малы, а як упіўся, што клешч... I гне...— пачуў я, як Вікця шаптала дзяўчатам.— Ледзь абаранілася.
Твар мой раптоўна загарэўся, i яго, мусіць, заліла чырвань: чаму я гэтак паверыў, быў такі шчыры? Дзеля чаго яна i з мяне строіць такія кепікі? Чаму яна такая?
I Вікця, i дзяўчаты зарагаталі — аж узняў галаву i ca здзіўленнем зірнуў на ix сур'ёзны дзядзька Стась, усміхнуўся. Я ж, здаецца, зненавідзеў у гэтую хвіліну Вікцю. Любіў i ненавідзеў...
3
Пайшоў на схіл жнівень.
За гэтую пару мы яшчэ далей выбрукавалі дарогу, а я атрымаў вельмі чаканы выклік у інстытут на вучобу.
Усе мяне, шчаслівага, павішнавалі з гэтым. Толькі адна Вікця, здаецца, пасумнела пасля гэтай весткі. Але я ўжо, як i Антон, не зважаў на яе, як i не чуў ды не бачыў, што яна робіць.
У апошні дзень маёй працы на дарозе дзядзька Стась прывёз мне пад вечар са Стоўбцаў плату, прэмію. Я думаў, як толькі распісаўся ў ведамасці i паклаў у кішэню грошы, развітацца з усімі i пайсці дадому, але хлопцы так мяне не адпусцілі.
Калі звечарэла, мы гуртам падаліся ў аблюбаваны лясок, паселі, разлажылі перад сабою пачастункі.
—Ну, вучыся добра, Чэсь, — першы сказаў тост дзядзька Стась, — А вучыцца будзеш: маеш старанне, цярплівы, цягавіты. А дарогу мы ўжо давядзём да ладу, будзеш некалі ездзіць па ёй дадому са студэнцкім чамаданчыкам па сала, дык успомні i нас, i нашу работу тут.
Пасля гаварылі амаль усе, жадалі мне добра вучыцца. Дзядзька Стась, як i ўсе, падпіў, развесяліўся, пачаў спяваць песні: да яго падсела Вікця, прымушала яго дапіваць, «не пакідаць зла». Яна з ім выпіла i на брудэршафт. I, як мне здавалася, сёння, каб захацела, магла i яго прымусіць заляцацца да яе: мела такую ўладу. Уладу красы.
Як усе наспяваліся, нажартаваліся, — а я крыху самотны ад ростані з сябрамі, — пачалі разыходзіцца. Я падаўся ў свае Янковічы з Антонам.
—Чэсь, пачакай! — тут жа пачуў я Вікцін голас.
Антон азірнуўся i мігам адвярнуўся, падаўся дадому адзін. Я не мог не прыпыніцца.
Вікця падышла, зірнула з нейкім смуткам. Яна, канечне, хацела мне нешта сказаць, але, мусіць, чакала, што загавару першы я, хлопец.
Але я маўчаў, пазіраў долу. На прыцемнены вечарам верас, на ўсыпаную рыжым шыгаллём зямлю, што пахла гарачынёю, смалой, мёдам, стомаю.
—Выбачай, Чэсь, не крыўдуй...— як папрасіла, усё ж першая загаварыла Вікця.— Я i сама не ведаю, чаму i цябе так пакрыўдзіла. Ты ж не такі, як каторыя, ты добры, а вот найшоў дур...— i зірнула на мяне з такою пяшчотаю, што я, каб быў старэйшы, смялейшы ды разумнейшы, можа, нічога i не сказаў бы, але ўзяў бы яе за руку — i ўсё-ўсё перамянілася б, было б у нас з Вікцяю нешта новае.
Я адчуваў, што гэтыя хвіліны вельмі важныя, але так i не здаўмеўся, што сказаць, не асмеліўся падысці да яе бліжэй. А яна — ці залішне паспадзявалася на маю сталасць, ці гэтаксама не асмелілася пасля ўсіх сваіх насмешак падысці бліжэй — стаяла, гэтаксама пазірала долу, наском кедаў шмаравала па зямлі, кусала сасмяглыя вусны. Ніколі я не бачыў яе такой нерашучай.
—Ну, я пайду даганяць Антона, — сказаў я, парушыў вельмі гнятлівую цішыню.— Усяго табе добрага.
—Напішы, Чэсь, мне...— папрасіла яна, зірнула на мяне, i ці ў прыцемку, ці напраўду я ўбачыў, што яе вочы як затуманіліся.— Я буду чакаць твайго пісьма. Як напішаш, як уведаю твой адрас, тады сама табе буду пісаць. Напішаш?
—Напішу, — адказаў я.
—Добра, — сказала яна, зноў з пянічотаю зірпула па мяне.
Читать дальше