—Хоць трыма вокамі глядзяць, але не крывяць...— вылезшы зноў з кабіны, захіхікаў Фэлік, скінуў майку i пагладзіў сваю дужую, загарэлую да колеру бронзы грудзіну.
Яму ніхто не адказаў; не ведаю, як у каго, a ў мяне паднялася лютая злосць на Фэліка, а пасля, калі ўбачыў, як успыхнуў сарамлівай чырванню Антонаў твар, — i нянавісць.
Дзядзька Стась раптоўна выпрастаўся, з гневам глянуў на Фэліка — i той, як i мы ўсе, вельмі паважаючы строгага, але справядлівага нашага брыгадзіра, зніякавеў, закруціўся, як вінаваты шчанюк. Пастаяў крыху навідавоку i схаваўся за машыну.
—Абед, хлопцы, — чамусьці толькі нам сказаў дзядзька Стась.— Кідай калодку, Антоне. Адпачывайце, падсілкуйцеся. Пасля абеду, Антоне, будзь за старшага, мне трэба падскочыць у Стоўбцы...
Я адразу паваліў долу калодку; Антон гэтаксама прыпыніўся, але не паваліў калодку, a ўзяў з зямлі невялікі камень, забіў на ручцы выпаўзлыя цвікі, абадраў з калоды адлушчаную кару i кінуў яе ў роў. Пасля ён падаўся па ўтрамбаваным намі бруку, туды, дзе мы сёння раніцай пачыналі працаваць, узяў свой i мой пінжакі, нашы сумкі з ежаю, вярнуўся сюды, бліскаючы адным вокам. Быў маўклівы i, здаецца, злосны. Ён першы, а я за ім услед залез у кузаў машыны. Тут у полі, пад сонцам, мы ніколі не палуднуем, пад'язджаем да лесу, садзімся ў бярозавым гайку на густой мяккай мураве.
—Паехалі, дзядзька Стась, — сказаў з віною Фэлік, выйшаўшы з-за машыны, падняў i пачаў зачыняць борт.
—Я пасля...— як i заўсёды, адмовіўся брыгадзір, збіраючыся i сёння есці адзін.— Едзьце ды на хвілін якіх трыццаць i зацягніце полудзень: гэтакая ж гарачыня! Пекла! Лепш вечарам пазней папрацуйце.
Вікця, стоячы ў кузаве, стрэсла з грудзей, са штаноў пыл, паправіла валасы, усміхнулася — i ад гэтай яе ўсмешкі палягчэла, прапала стома, хацелася думаць пра нешта вельмі прыемнае. Але Вікця не засталася з намі: саскочыла долу i падалася да Фэліка ў кабіну. I я праз задратаванае акенца бачу, як яны там сядзяць блізка, плячо ў плячо, усміхаюцца. Ніхто не ведаў, як я цяпер зайздросціў шчасліўцу Фэліку, як шкадаваў, што я яшчэ такі малады, не быў у войску i не вывучыўся за шафера.
Фэлік, увесь час рагочучы з Вікцяю, падвёз нас да бярозавага гайка, прыпыпіўся. Як мы злезлі, развярнуўся i паехаў дамоў. Разам з ім паехала i Вікця.
Паехала Вікця з Фэлікам у кабіне i вечарам...
2
Назаўтра, з самай раніцы, Вікця шапталася, пасміхалася з дзяўчатамі, i тыя, слухаючы яе, заліваліся смехам, часта кідалі насмешлівыя позіркі на Фэліка. Ён быў сумны, злосны, амаль не вылазіў з кабіны. Прывязе грузчыкаў i каменне з поля, сядзіць у кабіне i чакае, пакуль тыя разгрузяць. Калі аднаго разу Вікця паспрабавала сесці побач з ім, дык ён не пусціў: седзячы ў кабіне, трымаў за ручку дзверы i не даваў ix адчыніць.
Антон, бачачы гэта, ляпаў калодкай і, здаецца, пасміхаўся. Павесялеў i я, аднак з трывогаю думаў, якая яна смелая ды хітрая, гэтая Вікця. Як добра ўмее прыблізіць i адштурхнуць!..
У гэты дзень Фэлік не падвёз нас да лесу на полудзень: як толькі ў апошні рэйс згрузілі каменне, развярнуўся i памчаўся дахаты. I мы ўсе гуртам, стомленыя, але вясёлыя, падаліся пешшу. Як i заўсёды, без брыгадзіра.
—Дзівак гэты чалавек...— сказала Вікця, несучы на плечуку мужчынскую чорную, на доўгім поясе сумку з ежаю.— Ніяк не магу разгадаць гэтага нашага дзядзьку Стася... Нейкі ж надта нелюдзіна ён...
—Табе толькі i засталося аднаго яго паэкзаменаваць...— усміхнуўся скрэперыст Васіль — высозны, але тонкі, бледны, — які, здаецца, вельмі хутка перажыў Вікціну насмешку з яго заляцання.— Усіх жа ўжо прымусіла, каб у любві прызналіся, i ўсіх жа ўжо абсмяяла.
Васіль сказаў гэтак, а мяне пакрыўдзіў: застаўся я яшчэ, каго Вікця не асаромела. Але Васіль, відаць, не зважаў на мяне, лічыў зусім замаладым, раннім для такіх заляцанняў.
Вікця прамаўчала, усміхнулася сама сабе.
—Фэліку ж ужо, відаць, гэтаксама дала анучаю па зубах? — дапытваўся Васіль.
—З такога фацэтнага кавалера, можа, i грэх смяяцца...— з жартам адказала Вікця.— Прывёз учора дадому i хваліцца, які ён багаты. Водзіць усюды i паказвае: паглядзі, які добры дом... «А гэта вось наш сад, нашы бджолы...» — яна гаварыла Фэлікавым голасам, i за ёю амаль упокат рагаталі i хлопцы i дзяўчаты.— A частаваў як, людцы мае!.. Чаго толькі не было на стале! Пасля ўсе куры, свінні свае паказаў, пахваліўся, колькі мае новых кашуль i шкарпэтак. У лазню з паўсотні венікаў унад навязаў... Жонцы сарочак i трусоў, служачы за граніцай, пакупляў... Я вось як раз падыходжу да памеру таго адзення...
Читать дальше