—Не ганю я вас, — усхліпнула Маня, — але не мучце вы мяне, бо i дагэтуль разам з чужымі людзьмі нямала пазласлівілі, а мне ніколі ласкавага слова не сказалі... Жыў бы Сцяпан — была б рада яму... Адзін Бог ведае, колькі я папамучылася, уплакала, які лёд у мяне на сэрцы. Пачала адтаваць крыху, а вы... I пра дзіця падумаць не хочаце.
—Не звальвай на дзіця, — крыкнула свякроў, сарвала з яе галавы хустку. — Валасы вунь надрала, сукенкі новыя носіш...
—Жывая ж я яшчэ! — крыкнула i Маня. — I не трэба мяне жывую без часу хаваць...
Яна пакінула свякроў на двары i пайшла ў дрывотню, каб не бачылі яе людзі, села на калодку, закрыла твар рукамі i заплакала.
Свякроў не зайшла — ці падалася дамоў, ці мо дзе стаяла паблізу i слухала.
Ды Мані было гэта ўсё роўна. Адно, што ёй было дорага, дык гэта сын, яе сіротка, які гэтаксама не зведаў мужчынскае ласкі, гадуецца самапасам.
Маня доўга плакала i не пачула, як зайшоў Салавей — стомлены, брудны ад смалы, — стаў i слухаў, здзіўляўся спачатку, а пасля занепакоіўся. Падняў яе, спытаў:
—Чаго ты, Маня?
Яна зірнула на яго, не вытрымала, зноў захліпала, ткнулася да яго грудзей i, не сціхаючы, плакала.
—Ну, супакойся, — з пяшчотаю папрасіў ён i гладзіў яе па галаве. — Ну, сціхні... Чуеш?
Але яна не чула, не адказвала.
—Ну, не трэба. Цябе больш ніхто не будзе крыўдзіць, — ён цалаваў яе шчокі, глытаў салёныя слёзы, так i не дабіўшыся ад яе i слова, а сам гаварыў ёй тыя словы, якія даўно ўжо, можа, не ўспамінаў, гладзіў сваёй шурпатай, як тарка, рукою яе валасы.
5
Назаўтра Салавей, як яна бачыла праз адчыненыя дзверы, прачнуўся позна. Прахапіўся i ўсміхнуўся, быў, здаецца, памаладзелы, лёгкі, дужы.
Ускочыў, адзеўся, зірнуў на канапу, дзе спаў да сённяшняй ночы i якая сёння не разбіралася нанач, i выйшаў на кухню. Расчырванелая ад агню, у светлай сукенцы з кароткімі рукавамі, без хусткі, з гладка зачасанымі валасамі, зусім, здаецца, маладая, Маня зірнула на яго i ўсміхнулася, бачачы, што ён хоча нешта сказаць, а то i пажартаваць, засаромелася, успыхнула i заплюшчыла вочы.
— Маўчы! — сама падышла, прытулілася, моцна пацалавала, а пасля піхнула: — Прынясі вады... Гаспадар!
Ён усміхнуўся, узяў вядро i падаўся на двор, да калодзежа.
1973
1
Палуднёвая пара.
Ліпеньскае сонца — не круглае ды маленечкае, як у звычайны цёплы дзень, a нібы расплаўленае, разлітае шырокім кругам — вісіць сама высока на пабялелым, амаль без блакіту небе. Гарачынёю дыхаюць зямля, каменні, нібы пераліваецца-мітусіцца блакітнае паветра; ад спякоты, здаецца, агнём гараць голыя плечы, на лобе буйнымі кроплямі выступіў пот. Ён цячэ струменьчыкамі па шчоках, трапляе на вусны — i ў перасохлым роце робіцца солана.
Я, абуты ў цяжкія ялавыя, з белымі жалезнымі заклёпкамі чаравікі, у выцягнутых на каленях картовых штанах, пад поясам якіх вільготна ад поту, у газетным капелюшы, ужо каторую пару — з раніцы, калі было яшчэ свежа i халаднавата ад расы, — дубасіў сырой тоўстай мятровай калодкай па каменнях, забіваў ix у цвёрды грунт. Тыя каменні, што я ўжо ўбіў, здаецца, лезлі ў зямлю з ахвотаю, але вось гэты — тоўсты, пляскаты — ніяк не лезе, толькі ўціскае, моршчыць пад сабою тугі пясок. Ад працы гараць, пацеюць у рукаўках далоні, ныюць локці i плечы, агортвае стома, i я, спадзеючыся на кароценькі адпачынак, зірнуў на другога трамбоўшчыка, на свайго аднавяскоўца Антона, старэйшага на гады тры, ніжэйшага, але болей плячыстага: ён, як i гадзіну-дзве назад, усё гэтак, здаецца, ціха i без спеху таўчэ i таўчэ ўсё новыя i новыя каменні, аж калоцяцца мускулы рук, i не думае адпачываць. Хоць стаміўся i ён: цячэ вунь ручайком з лоба пот, збіраецца на доўгім носе i падае кропелькамі долу, але Антон не спыняецца, усё трамбуе, калі-нікалі паварочвае галаву то да аднаго, то да другога плечука i выцірае аб ix пот з носа.
Я нарэшце пе вытрываў, не збаяўся, што з мяне, такога рабочага, пасмяюцца маладыя языкастыя дзяўчаты — яны падносілі нам з крушняў каменне. Я прыпыніўся, абапёрся грудзінай па калодку i прыбітую да яе зверху круглую невялікую, на паўметра, палку-ручку, за канцы якой я абедзвюма рукамі паднімаў i апускаў дасюль калодку, аддыхваўся, чуючы, як сохне, моршчыцца ад сонечнай гарачыні спіна, як торгае кроў у скронях,
Падышлі дзяўчаты — у выцвілых сініх трыко-штанах i ў кедах, у выпаленых сонцам белых станіках i хустках, — прынеслі перад сабою на апушчаных руках каменне. Здаецца, нават не зірнулі на мяне, прамаўчалі. Відаць, гэтаксама стаміліся. Моўчкі кінулі ля нас каменне i адышліся.
Читать дальше