—Ведаеш...— ціха прашаптала яна, — каб зноў выпала калі з табою падужацца, дык, далібог, сама павалілася б... Было не было...— i гарэзна бліснула маладым бляскам у вачах.— Пастарэла, растраціла малады агонь на дзеці, але не ўвесь яшчэ дур з галавы выйшаў... Помніш, якая я тады была? Дык i цяпер пачці гэтакая...
—Калі ўжо тое было! — махнуў я рукою, падумаў, колькі за гэтую пару было ўжо чаго новага i вартнейшага.— Ды i дзяцінства было!
—Ну, чаму дзяцінства?— не згадзілася яна, — Маладосць была. Самыя лепшыя нашы гады, можа... Цяпер мы інакш жывём, надта пра ўсё думаем, а тады іначай жылі... Вось жывеш-жывеш — возьме ды ўспомніцца, заные душа, захочацца нечага лепшага...
—Гэта праўда, — усміхнуўся я.— Напраўду не раз хочацца нечага інакшага.
—Мне — хоць бы тваё...— сказала Вікця, а пасля як спахапілася: — Занясі сваім гурочкаў...— узяла абедзвюма рукамі з кошыка гуркоў, запатрабавала, каб я разгортваў i падстаўляў сетку.— Нарасло процьму, дык вот i прадаць рашыла, капейку на што сабраць. Не крыўдзі...— нахмурылася, калі я загаварыў пра плату.— Ешце на здароўе... А сам прыедзь калі ў нашу Сенніцу, саўгас наш добры, багаты — i напішаш нешта, i па радыё сваім зможаш сказаць добрае пра нас. Сазановіч цяпер я, на птушкаферме працую... Тады яшчэ болей пагаворым...
— Паглядзім...— падзякаваўшы, усміхнуўся я, развітаўся i адышоўся.
Калі пасля азірнуўся, дык убачыў, што Вікця не кліча да сябе пакупнікоў, a стаіць i з нейкаю журбою пазірае мне ўслед.
1976
1
Як цяпер, помню: Бокуці прыехалі ў нашу вёску ўвосень. У разлагоджаную, ціхую i сонечную часіну — у самае красаванне бабінага лета.
Казалі, дагэтуль Бокуць-бацька працаваў у горадзе, быў на добрай пасадзе, але сам папрасіў, каб яго назначылі дырэктарам нашага саўгаса. Разам з ім заявіліся яго жонка i двое дзяцей, хлопчык i дзяўчынка.
Дзяўчынка, Валя, была яшчэ маленькая, мела ці не тры гады, а хлопчык, Міця, быў мой аднагодак, як i я, пяцікласнік.
Міця адразу выдзеліўся сярод янкавінскіх падлеткаў. Ужо нават тады, калі выходзіў з таксі, шпацыраваў з маці ды з сястрою па вёсцы альбо калі ішоў першы раз у школу. На дварэ шчадрыўся яшчэ пышным цяплом верасень, мы, янкавінскія дзеці, былі яшчэ ў касцюмчыках, a Міця апрануў ужо руды плашчык, начапіў на шыю шалік адпаведнага колеру, на галаву — карычневую кепачку з чорным гузікам наверсе, нёс у руцэ не ранец, як насілі мы, a пакоўны чорны скураны партфель з металічнаю акоўкаю на рагах. I яшчэ Міця быў у акулярах, надзвычай белы; амаль усе гараджане, што прыязджалі да нас, мелі не чырвань ці ружовасць, як мы, вясковыя, але такой белізны на твары дасюль мы не бачылі ні ў кога.
Адмысловае адзенне, партфель, акуляры рабілі Міцю сур'ёзным, разумным i сталым — ледзь не маларослым дзядком. Усе ў вёсцы, хто спатыкаў яго на вуліцы, здзіўляліся, азіраліся не то з усмешкаю, не то з пачцівасцю на такога незвычайнага вучня, які ішоў у школу не адзін, a з маці, трымаючы яе пад руку. Кабета таксама мела на сабе адмысловыя, гарадскія, уборы — светлы плашч, жоўтую касынку на шыі, жоўтыя туфлі. На галаве ў яе красавалася прыгожая завіўка.
Міця з маці спачатку зайшлі ў настаўніцкую, а пасля ўжо наша класная кіраўніца прывяла навічка ў пяты «А». Як i заўсёды перад пачаткам урока, мы бегалі, штурхаліся, гаманілі, але пры Ірыне Вітальеўне i навічку пацішэлі, бачачы, што дырэктараў сын будзе вучыцца якраз у нашым класе: сын ранейшага дырэктара саўгаса, ганарлівец Артур, таксама вучыўся разам з намі i нямала папсаваў нам ды настаўнікам крыві. Які ж будзе гэты навічок, як ён пачне паводзіцца? Я здзівіўся, можа, больш за ўсіх: класная сказала, што Міця Бокуць будзе сядзець са мною на першай парце (мяне пасадзілі тут як летуценнага, не зусім уважлівага вучня, каб я заўсёды быў на вачах i каб пастаўнікі ў любую часіну маглі перапыняць мае мары-мроі ды вяртаць да рэчаіснасці).
Калі пачаўся ўрок, я адчуў нейкую нядобрую насцярожанасць. Міця не толькі не загаворваў, але i зусім не зважаў на мяне; паклаўшы, як першакласнік, рукі на парту, выпрамлена сядзеў i не зводзіў вачэй з маладой настаўніцы беларускай літаратуры. Ці ён задзіраў па прыкладу свайго папярэдніка нос (усё ж гараджанін, дырэктараў сын, вунь адзін з усяго класа мае на руцэ гадзіннік!), ці хітраваў, ці на самай справе быў сур'ёзны, глыбакадумны. Я час ад часу скасавурваў на яго вока, але ён па-ранейшаму быў непарушны, толькі, бадай, яшчэ болей ненатуральна белы, нібы не меў у сваіх жылах ні кроплі крыві.
Читать дальше