—У Янковічы, — адказаў Васіль, — На хутар Амшарок. Яны за гэтым, крычатоўскім лесам.— Гаварыў, а сам пакутаваў ад загадкі: хто на самай справе яны, гэтыя вайскоўцы? што ім трэба? што яны зробяць з імі?
—Чаму не ў арміі?— пачулася новае строгае пытанне.— Дэзерцір?
—Мяне камісавалі, — патлумачыў Васіль.— Па хваробе...
Вайсковец дапытліва акінуў яго ўсяго позіркам.
—У мяне язва, — зноў растлумачыў, — a ўвесну была яшчэ i цяжкая жаўтуха...
—Ёсць дакументы? — ужо лагодней запытаў той.
Васіль дастаў з унутранай кішэні пінжака такія-сякія свае паперы, дзе было пасведчанне i пра яго камісацыю, i падаў чалавеку. Той пагартаў, паглядзеў, а пасля, не вяртаючы папер, азірнуўся, махнуў рукою — на міг яго плашч расхінуўся, i пад ім паказалася афіцэрская партупея з падвешаным кінжалам i з палявою сумкаю на баку. З-за арэшніку тут жа выйшаў невысокі паўцывільны — у ботах, у афіцэрскім галіфэ i сялянскім суконным фрэнчы, з новенькім аўтаматам у руцэ. Прыгледзеўшыся, Васіль адчуў палёгку: гэты чалавек быў добра знаёмы. Васюкоў, былы камандзір партызанскага атрада, былы (даваенны) i цяперашні старшыня Ружэвіцкага сельсавета. Казалі, усіх тутэйшых партызан перад ліпеньскім парадам у вызваленым Мінску сабралі ў Івянцы — каго пакінулі тут для гарнізоннай службы, хто паехаў на парад, а адтуль — на фронт, у тыл ці застаўся ў Мінску альбо ў іншых гарадах i вёсках на партыйнай i гаспадарчай рабоце.
—Ведаеце гэтых галубкоў?— паўазіраючыся i ў той жа час не спускаючы з ix позірку, запьггаў вайсковец у Васюкова.— Не дэзерцір?
—Ведаю, таварыш капітан, — усміхнуўся той, — Не дэзерцір. Мясцовыя. Свае. Ён, — кіўнуў на Васіля, — памагаў нам. Зброю ў гаспадаровай кузні правіў, звесткі важныя даваў. Камісаваны...— I, падаючы Васілю руку, загаварыў да яго ca здзіўленнем: — Вяртаешся ўжо дадому?
Васіль кіўнуў галавою.
—Смелы! — хітнуў галавою i Васюкоў.— Адзін! У такі час! На папялішча!
Вайсковец аддаў Васілю яго паперы.
—Учора ці сёння, можа, бачыў непадалёку вайсковых людзей з рацыяй? — ужо заклапочана запытаў у яго Васюкоў.
Васіль крутнуў галавою: не. Толькі цяпер разгледзеўся: вайскоўцы, а гэты капітан найбольш, не такія ўжо i строгія. Яны вельмі стомленыя: прыпухлыя, чырванаватыя ва ўсіх вочы, запалыя шчокі, лічы, цёмныя твары.
—Ты, хлопец, не бойся...— зноў абзыўнуўся каштан.— Ведаеш — гавары. Чым скарэй вылавім дыверсантаў, здраднікаў ды іншую пошасць — тым лягчэй, спакайней будзе i тылам нашай арміі, i вам, мясцовым. Ды трэба шчыра памагаць нашай, Савецкай уладзе, што пачынае цяпер аднаўляцца i тут...
—Ды ён, таварыш капітан, кажу, свядомы. Наш, — заступіўся за яго Васюкоў, таксама цяпер нясвежы, нават змардаваны.— Мы яму верым. Калі гаворыць, што не бачыў, дык i не бачыў. Я за яго ручаюся. Трэба дазволіць яму вярнуцца ў сваю вёску.
—Ладна, хлопец. Едзь, калі за цябе ручаюцца, — дазволіў вайсковец, адступіў.— Толькі, па-першае, трымай язык за зубамі, маўчы пра нас, як i не бачыў нічога, а па-другое, не лаві варон. Цяпер не самы лепшы час для любові...
Васіль, бянтэжачыся ды, відаць, заліваючыся чырванню, што біты-абабіты, але страціў пільнасць, тузнуў лейцамі каня. Той крануўся, навалок калёсы. Васюкоў закрочыў поруч з імі, абапіраючыся адной рукой на вышмальцаваную драбінку, a ў другой несучы новенькі, відаць, падараваны вайскоўцамі аўтамат.
—Будзеш бачыць на сваім хутары што падазронае — дай вестку ў Ружэвічы, у сельсавет, — прамовіў ён. Гаварыў найперш яму, Васілю. Як мужчына мужчыну.— Толькі абы-каму не гавары ўсё, а мне ці майму памочніку, Казлову. I яшчэ, — сказаў лагодна, нават па-бацькоўску даверліва i павучальна, — праўду кажа гэты капітан: асцерагайся. I паганых людзей, i мін. Мін многа панакідана на полі, у лесе, па дарогах, a людзі, як сам ведаеш, цяпер тут усякія. I свае, i чужыя... Кажуць, i бандзюга Вяршок тут яшчэ блытаецца. I не адзін, а з хаўруснікамі. I сынок пана ляснічага, Крушынскі, акавец заядлы, аднекуль вынырнуў, шкодзіць тылам нашых войск i новай польскай арміі. Так што не спрыяльны яшчэ час, каб жыць адным на хутары. Беражыцеся. А беражонага, як кажуць, i бог сцеражэ...— Усміхнуўся, падаў на развітанне Васілю, а пасля i Яніне руку, — Напалохаў? Загнаў душу ў пяткі? Не хочацца павярнуцца назад, у Ружэвічы? Не?! Ну што ж, калі адчайныя — дык едзьце на сваю бацькаўшчыну, чапляйцеся i на папялішчы. Жывыя — дык i думайце пра жывое. Пускайце карэнне, ажыўляйце вёску i заводзьце новы янкоўскі род! На жаль, я нічым вельмі памагчы вам не магу. Хіба што толькі гэтым...— дастаў з кішэні, падаў пісталет.— Бяры, Васіль, можа, i спатрэбіцца. Хоць лепш было б, каб не спатрэбіўся, каб перастала ўжо ўрэшце ўладарыць зброя...
Читать дальше