Гэта мох на палене, дурань!
А што такое мох?
Ну, заладзіў свае пытанні! Ведаю, ім канца не будзе!..
Прысутнасць «памагатара» перашкаджала выкананню майго плану. Я зазлаваў і папёр беднае дзіця:
Кідай дровы, панашу сам! Марш дадому!
«I навошта было гаварыць тады, што яе пасудзінка лёгкая? Паненкі ж любяць, каб іх падхвальвалі, яны — нібы дзеці!..»
Я браў палена і, як цыркач, падкінуўшы яго, спрытна лавіў за другі канец — на выпадак, калі б Дануся сачыла за мной праз адное з акон.
Раздзел другі
1
Усе мае пакуты хутка скончыліся. Нечакана мне дапамог наш швейцар, пан Войцех.
Аднойчы пад канец заняткаў я пранік у ліцэй і стаіўся ў калідоры. Больш паспешліва, чым звычайна, снавалі выкладчыкі, таропка прабягалі з класа ў клас ліцэісткі. Усе яны бытта і праўда былі заняты, а на самой справе прагаладаліся і паспяшалі дадому.
Мой план быў просты: Дануся будзе ісці, мы павітаемся, пачнём гутарыць, і я запрапаную схадзіць на гару. Так ёй аб гэтым і скажу — проста і без абінякаў. Ва мне ўжо настолькі паспела рашэнне, што яшчэ ўчора ніякай сілай я сябе не прымусіў бы гэта зрабіць, а цяпер мне здалося зусім простым і звычайным. Толькі выбраў нязручны момант, трэба было ісці вартаваць яе на вуліцу.
Калі я ўжо выходзіў, мяне перапыніў пан Войцех:
Янэк, ты што тут робіш?
Проста сабе зайшоў...
Ага, ішоў, ішоў і зайптоў! Проста!..
Ну...
Кунцэвіч вызываў чагосьці...
Зноў маніш!
Праўда, праўда, Кунцэвіч...
А чаму мне ў вочы не глядзіш?
Я вас, ухажораў, усіх па вачах пазнаю!.. Ладна. Хадзі са мной!— адзваніўшы на ўрок, пазваў мяне стары ўніз да дзяжурнага стала.
Я ведаў, чым магла скончыцца для швейцара мая прысутнасць у ліцэі, таму адчуў да старога ўдзячнасць.
Ну, кажы як на споведзі перад ксяндзом, каторая табе тут папала ў вока! Прызнавайся! — ні то жартам, ні то сур'ёзна спытаўся ён, заглядваючы мне ў вочы.
Ад хітрых, дабрадушных вачэй старога я паступова пачаў размякаць, але маўчаў.
Чаго раскіс? Паглядзі на сябе ў люстэрка! Ты ж увесь скрыў-лены, як серада на пятніцу, як пабітая баба! Яшчэ і не спіш недзе, уздыхаеш, а з-за чаго? Каб потым, калі даб'ешся, сказаць сабе: «Ну і дурань жа быў!»
Не даб'юся...— выдаў я сябе, і штосьці мяне сціснула за горла.
Не сумнявайся! — суцешыў стары як малога.— Я дапамагу!
Вы?
— Го, колькі вашага брата па свеце, каму памог!..
У калідоры з'явіўся настаўнік, і стары змоўк. Калі пагроза мінавала, ён загадаў:
Пішы запіску, перадам!
Запіску?
Пішы, пішы! Няма чаго з імі асабліва цырымоніцца, будзь мужчынам!
Запіску, гы?!.
А што, непісьменны?.. Глядзі, колькі мне іх перадаваць! — дзядзька адкрыў шуфляду і паказаў з дзесятак заклееных канвертаў без марак.
Я тады ўспомніў, як яшчэ мінулай восенню каля Войцеха заўсёды круціліся старэйшыя вучні ўсіх амаль віленскіх гімназіяў, а ліцэісткі часта да яго падбягалі і таямніча шапталі:
Для мяне нічога няма?..
Пане Войцех, ніхто мяне не пытаўся?..
I да чаго ж проста гэтую праблему вырашыць праз запіску!..
Закаханымі вачыма паглядзеў ужо я на шчупленькі тварык старога, які, каб дадаць сабе важнасці, фарбаваў вусы. Але і фарба-ванне яго не ратавала. Вусы былі рэдкія, тапырыліся, адно смяшылі. На акне ляжаў яго старэнькі капялюш. Шаўковая падкладка ў ім была такая зашмальцаваная, што нагадвала патэфонную пласцінку, пакладзеную на дно капелюша.
На табе аловак, паперу! — загадаў швейцар.
Што вы! — спалохаўся я, уяўляючы сабе, як я зараз дзе-небудзь закрыюся і з якой прыемнасцю і трапятаннем душы буду выконваць яго прапанову.— Пісаць пайду дадому!
Валяй!
Праз гадзіну я даручыў яму канверт. Прачытаўшы на ім прозвішча, пан Войцех перапалохаўся:
— Генералавай дачцэ?.. Э-гэ, як ты высока, братка, меціш!
Бо і сам не з нізкіх! — асцярожным жартам прыкрыў я трывогу: возьме дзядзька ці пабаіцца?
Ты ж з-за яе, здаецца, прошлай восенню пагарэў, мала табе аднаго скандалу?
Я ўсё таптаўся.
Што ж, трэба выручаць свайго брата, сам да дзевак быў яры...— Стары адной рукой задуменна чухаў пад пахай, а другой — хаваў маё пісьмо ў шуфляду.
2
Ішоў я да студні, а пара біла ў нос з-пад пінжака. Не было часу сушыць верхнюю кашулю, давялося апрануць мокрую.
Ля студні нікога не было. Я схаваўся за дрэва, пачаў вартаваць. Праходзілі хвіліны, а на сцежцы ніхто не з'яўляўся.
«Няўжо стары не перадаў?» — толькі паспеў я падумаць і ўбачыў Данусю.
Яна была ў лёгкім плашчы і ў шапачцы. Напускная вясёлая абыякавасць не маглі схаваць скаванасці і страху на яе твары. Мне трэба было выходзіць, ды ногі бытта прыраслі да зямлі ад няўпэўненасці.
Читать дальше