гадовая Надзя i пяцігадовая Вольга,— усе ў блакітных шкарпэтачках, сукенках, i з банцікамі — слухалі з затоеным дыханнем. Воддаль, на другой канапе, сядзела i, начапіўшы на нос акуляры, вязала свэтар старая поўная Алена, ля яе ног у шкарпэтках таптаўся сын, Сяргей, народжаны ўжо тут, у Мінску, каля года таму назад.
Сын, яго любімец i ўцеха, маленькі поўненькі жэўжык, як кажуць, вельмі падобны на яго, на бацьку, аж раскрыу ад радасці роцік i, падтрасаючыся, слабеючы ў каленях, пайшоў-пабег уздоўж канапы. Калі апынуўся на яе краі, адной рукою ўчапіўся за варсісты зял'ёны плед, а другой паклікаў: бяры, бяры мяне, тата, на рукі!
— Ану-тка, герой, хадзі-хадзі сюды сам! — ён прысеў i выцягнуў сыну свае досыць дужыя, сялянскія, толькі без грубай работы далікатныя, з тонкай скураю i без мазалёў ды драпін рукі. Той, ужо кусаючы губкі, i прагнуў пайсці, i баяўся, усё патрабаваў, каб бацька падышоў першы. Але ён не падымаўся, змушаючы сына да смеласці. I той, адважыўшыся, нечакана адарваўся ад канапы і, спалохаўшыся, крычучы, упершыню пайшоў-пабег адзін.
Муха падхапіў яго на рукі, моцна прыціснуў i пацалаваў.
— Малайчына! — пахваліў.— Вось такі i павінен быць мужчына!
Дочкі адарваліся ад кніжкі, Алена — ад вязання, пават марудлівая Антаніна борздка падхапілася з канапы, бо надта ж неспадзяваны i ўзрушальны быў гэты Сяргееў рывок у іншае, сталейшае жыццё.
«Ну што ж,— усміхнуўся сам сабе Муха,— што ні кажы, ёсць свая вабнасць i ў сямейным ладзе...»
— Сыночак наш даражэнькі! Пабег! Сваімі ножкамі! — усцешылася Антаніна, радая лішні раз прытуліцца як да сына, так i да мужа, бо ён звычайна не зусім схільна прымаў яе любошчы. Ён быў з тых мужчын, хто на пятнадцатым годзе сямейнага жыцця не вельмі прагнуў гарэзанняў i пацалункаў ca сваёю жонкай. Але на гэты раз выцерпеў, быў спакойны да жончынай пяшчоты.
Пазней, колькі Антаніна i Васіль ні ўгаворвалі сына яшчэ раз прайсціся аднаму, той не толькі не мог, але нават i не хацеў злезці з бацькавых рук — відаць, вельмі перапужаўся.
— Вось што значыць, сыне, самастойны крок...— пасміхнуўся Васіль, не могучы расчапіць сынавы рукі на сваёй шыі ды адчуваючы, як моцна трапечацца яго маленькае ўзбуджанае сэрца. Любасць да дзіцяці, бацькоўскі неспакой за яго лёс агарнулі душу. У гэтую чуллівую хвіліну нават аж хацелася пакаяцца, што ў свой час здраджваў жонцы i сям'і, хоць адчуваў, што гэтае пакаянне не зусім глыбокае, шчыра любіць дзяцей, паважае Антаніну як добрую гаспадыню, але цяга да іншых, маладзейшых i прыгожых жанчын усё яшчэ не знікла з прыняццем т а г о с у р о в а г а з а р о к у. Калі маеш чэпкае на хараство вока, калі ўмееш абыходзіцца з кабетамі i яны ідуць табе насустрач, хіляцца, узбуджаюць, радуюць i цешаць, дык тады наўмысны аскетызм не толькі пакутлівы, але нават невыносны.
— Скажы, сынок: «Усё, тата. Я пайшоў ужо. А хутка i пабягу. Даганю, вярну, калі будзеш уцякаць ад нас...» — радавалася Антаніна.
— Ну, вы ўжо хочаце накінуць мне на шыю ланцужок...— пакпіў ён.— А я не толькі ж бацька. Яшчэ i службовец, грамадзянін.
Антаніна i тут, у Мінску, не вельмі мела інтарэс да палітыкі (як i кожная гаспадыня, клапоцячыся за лёс сям'і, хацела толькі, каб хутчэй скончылася вайна), не ведала добра, як у яго ідзе служба, куды i на якія сходы ён ходзіць увечар. «Пайду на сход, пагамонім пра жыццё-быццё, уведаю навіны»,— звычайна гаварыў ён, намякаючы, што ходзіць не абы-куды, а якраз на вечары ў сваю гімназію, як мужчыны ў сваей вёсцы ходзяць штовечар да нейкага талковага гаспадара на вячоркі. Таму ён i сёння не стаў расказваць ёй, што, да слова, аж кіпіць у Петраградзе i што можа з гэтага быць: па-першае, яна ўсяго не зразумее, а па-другое, i не ацэніць як след. Яна, як i іншыя кабеты, найбольш ахвочая да «жыцейскага», «жаночага» — да размоў пра цэны ды пра гарадскія навіны i плёткі.
— Скажы, сынок: «Не трэба, тата, наракаць, што стаў добры муж i бацька»,— i сёння не спрабуючы нават запытаць, дзе затрымаўся, што чуў, сказала Антаніна, пацалаваўшы яго ў шчаку.— Хіба ўсім нам ад гэтага горш?!
— Ну, добра-добра,— лагодна буркнуў, неўпрыкмет для дзяцей паціснуў жонку за мяккі клуб.— Алена, падавайце на стол.
Неўзабаве перайшлі ў сталовую, куды Стася i Алена падалі вячэру — бульбу з марынаваным кропам, селядцы з алеем, яечню, пазней — сырнікі, варэнне i гарбату.
Падсілкаваўшыся, Васіль падаўся ў свой кабінет.
Ён любіў быць тут, дзе ўсё напамінала яму пра маладыя i ўдалыя віленскія гады. Нешырокае, на доўгай пазалочанай трубцы люстра, шафкі з кнігамі, пісьмовы стол з прыгожа аздобленымі шуфлядкамі i ножкамі, канапа — усё было віленскае, набытае яшчэ на спрыяльным пачатку яго службовай кар'еры. Ён, як іншыя, не чакаў, калі немцы падыдуць да Вільні i прыйдзецца похапкам сыходзіць у бежанства з невялікім вузельчыкам, а, напытаўшы ў Мінску кватэру, работу, выехаў загадзя са спакаваным дабром. Толькі цяпер над сталом не вісеў партрэт Мікалая Другога (яго пакінуў у Вільні), а была карціна Шышкіна «Жыта». Ужо тут, у Мінску, прыдбаў i пачапіў у кутку абраз святой Параскевы, над канапаю — партрэты Юрыя Радзівіла ў вайсковых даспехах таго часу i Грызельды Сапегі ў пышным арыстакратычным уборы — усё гэта было найбольш дзеля тутэйшай інтэлігенцыі: бачыце, маю цягу да сваёй даўніны!
Читать дальше