А блакада? — успомнілася раптам мінулае, нібы цяжкі сон.
Ужо два дні, як немцы адышлі!
8
Апрача ўсяго мы з Зінай мелі адну таямніцу.
Раздабылі з ёю толу і ўзрывальнік. Механіка ўзрывальніка была даволі простая. Ад батарэйкі кішэннага ліхтарыка ішлі два ізаляваныя дроцікі, адзін плюс, другі — мінус. З гэтых дроцікаў трэба было скруціць спіральку і пакласці на рэйку. Колы цягніка націснуць на дроцікі, зробяць замыканне, і міна здэтаніруе.
Пайшлі мы ўдваіх на пуць. Я заклаў міну, уставіў батарэйку, і мы схаваліся ў кусты.
Поезд праехаў, а міна не ўзарвалася.
Па інструкцыі міны ў такім выпадку кранаць нельга: замыканне можа наступіць нечакана. Але мы з Зінай пашкадавалі толу і вырашылі яго забраць.
Мы яшчэ поркаліся ля рэйкі, як здалёк пачуўся гудок цягніка. Я ўспомніў: у гэтую пару праходзіць пасажырскі.
— Давай паспрабуем зноў! — шапнуў я дрыжачым ад хвалявання голасам.
— Толькі хутчэй! — падхапіла Зіна.
Частку дроцікаў колы аддавілі, яны зрабіліся надта кароценькія і не хацелі ляжаць на рэйцы. Я знайшоў кіёк, лёг на насып і пачаў ім падтрымліваць дроцікі. Выцягнутая мая рука хутка самлела.
— Цяпер я! — шапнула Зіна.— Будзем на змену!
Так мы і мяняліся, пакуль пад'язджаў поезд.
Калі цяпер колы зробяць замыканне, ад мяне і Зіны не застанецца і следу. Але нас ахапіў азарт. Мы думалі толькі аб адным: едзе поезд, у ім поўныя пульманы гітлераўцаў — упэўненых, здаволеных, з туга набітымі нарабаваным дабром чамаданамі... Мы гатовы былі яшчэ дапамагчы міне і падштурхнуць вагоны, каб яны лепш ляцелі пад ахон!
Па рэйках пакаціўся грукат, потым паказаліся фары. Яны раслі на вачах, пакуль не пранесліся над намі, і тады мы зноў апынуліся ў цемры. Поезд толькі выбіў з маіх рук кіёк, абдаў мяне ветрам, ашпарыў кроплямі гарачай пары, а пясчынкі балюча секанулі па твары.
Забралі мы з Зінай тол і моўчкі папляліся ў лес.
Каб зрабіў гэта іншы партызан, я аддаў бы яго пад суд: бяздумная ліхасць нікому не была патрэбнай, і ў нас існавалі строгія на гэта законы.
9
Восенню 19З9 года пасля ўз'яднання ў Заходняй Беларусі адчувалася няхватка кадраў. I на Міншчыне абвясцілі камсамольскі прызыў. Па гэтаму прызыву прыехала ў Заходнюю Беларусь і Зіна Кварцёнак.
Зіма ў тым годзе стаяла лютая. Зіна прыехала ў тоўстых, падшытых шмат разоў і зноў растаптаных валёнках, у зімовым паліто без таліі, бо вясковы кравец кіраваўся толькі адным прынцыпам: як найбольш усадзіць у яго ваты — так прасіла Зініна маці.
Гарады Заходняй Беларусі мелі бедную прамысловасць, іх засялялі пераважна былыя чыноўнікі, гандляры і ўладальнікі крам. Не па душы была многім з іх Савецкая ўлада, не даспадобы былі і людзі, якія з ёй прыехалі.
— Глядзіце, яшчэ адна ўсходніца-калода! — смяяліся з Зіны ў Гродне модніцы ў фетравых боціках, у расшытых адмысловымі ўзорамі кракаўскіх кажушках.
Саромеючыся сваёй вопраткі, Зіна з кватэры прабіралася завулкамі ў «Загатзерне», дзе працавала лабаранткай-прыёмшчыцай.
Разам з ёю працавалі і заўзятыя прыхільнікі былога рэжыму. Сыходзіліся яны раніцай, садзіліся і пачыналі шаптацца. Той такую плётку прынёс, гэты іншую.
Яшчэ напрацуемся, дзень вялікі! — абяцалі яны, калі Зіна глядзела на іх з дакорам.
А пасля полудня склаўшы рукі чакалі вечара.
Хіба мы коні, каб цэлы дзень рабіць? — заяўлялі яны з цынічным спакоем і адводзілі душу на беднай дзяўчыне: — Камсамолка, што ў вас за ўлада! Вось ты стараешся цэлы дзень, а на табе і сукенкі добрай няма!
Нічога, яе за гэта на сходзе ў прэзідыум пасадзяць!
Яшчэ ў загадзе адзначаць перад святам і вывесяць на сцяну!
Як жа можна не працаваць? — дзяўчына аж кіпела ад іхняй нагласці.
А я, быць можа, сёння якраз хачу спаць! Затое заўтра заду-маю выйсці на работу і зраблю ўсё адразу. А мне гэтага твае парадкі не дазваляюць! Дзе ж тут асабістая свабода, калі я сам сабе не гаспадар? — прыставалі да Зіны пакрыўджаныя былыя ўладальнікі крамаў, майстэрняў, дробныя дзялкі. Прыставалі часамі так, быццам усяму віной — яна.
Дзяўчына не ведала, што і адказваць, толькі глядзела шырока адкрытымі вачамі: вось тыя людзі, пра якіх яна дагэтуль толькі чы-тала. Нездарма ў іх стралялі ў рэвалюцыю! I Зіна мацней сціскала зубы.
Неспадзявана выбухнула вайна.
Фашысты Зіне ў Гродне нічым не пагражалі — яна была ўсяго звычайнай лабаранткай. Яны не забілі нікога і з яе радні. Адным словам, у яе не было прычын для асабістых разрахункаў з ворагам.
Читать дальше