Не хацелася, а вымушаны быў прыйсці да пераканання, што такога тыпа, як Цанава, трымаць можа толькі той, хто сам не далёка адышоў альбо ў каго злачынныя намеры.
Вінаградава знялі адразу. Праз пару дзён у яго кабінеце з’явіўся магутны целам весяльчак Пазухін – былы кавалерыст, які надта любіў анекдоты.
Цяпер па справе да новага старшыні райвыканкама лепш было не заходзіць. Займацца работай ён не меў калі. У яго пракураным наскрозь кабінеце вечна стаяў жарабцовы рогат. Зубаскал Пазухін шчыра лічыў, што сваімі недарэчнымі жартамі людзей робіць шчаслівымі. I так ён быў у гэтым перакананы, што напомні яму пра тое, што робіцца вакол, ён шчыра дзівіўся: ты пра што, чалавеча?!
Дый анекдоты любіў нясмачныя. Я вытрымліваў толькі адзін-два. Затым зграбаў свае паперы і ад такога кіраўніка даваў без аглядкі драла. Ён жа наўздагон мне крычаў з расчараваннем:
– Карпюк, стой, ты куды-ы?! Паслухай яшчэ, як мы аднойчы ў Венгрыі коней віном напаілі і што з гэтага атрымалася!.
Новая расправа з вёскай
Пасля таго, як з Сапоцкіна ад’ехаў картэж чорных урадавых «лімузінаў» ды «вілісаў» з энкэўсаўцамі, у раён неўзабаве прыбылі грузавікі. А машыны тыя, бензін, імі патрачаны, так былі патрэбныя ў той час для разбуранай гаспадаркі! Не для дабра машыны з’явіліся.
Спецыяльныя атрады войск МУС – адкормленыя, маладыя бычкі, таксама вартыя прымянення для больш карыснай справы, узяўшы за панятых няшчасных настаўнікаў (многія педагогі, напэўна, да сённяшняга дня бачаць жахлівыя сны ды чуюць той жаночы лямант), прыступілі да злачыннае справы.
Як і па іншых раёнах, так і вакол Сапоцкіна дзесяткі найбольш талковых мужыкоў, а таксама рэшткі млынароў, кавалёў, стэльмахаў і нават краўцоў – усіх, хто не трапіў пад вываз перад вайной, – з малымі дзецьмі ды са знямоглымі бабулямі і старымі адарвалі ад родных каранёў, каб везці на станцыю Ласосна ў Гародне. Па вёсках, як у 1940-1941 гадах, зноў узняўся плач і лямант звар’яцелых мацярок.
На гэты раз выйшаўневялікі канфуз. Селіванаўскія вучні пятых-дзесятых класаў нечакана нарабілі сотні рагатак і давай з-за платоў пуляць па ахове каменьчыкамі. Так падлеткі ўвайшлі ў смак, што ім ніхто не мог даць рады. Змагаліся з хлопчыкамі дзень, два. Нарэшце, каб салдаты не засталіся без вачэй, НКУС даў каманду – далей вывозіць толькі ноччу. А мяне, як загадчыка райана, на бюро райкама партыі аблаялі, што настаўнікі сваіх вучняў не выхоўваюць у духу Паўліка Марозава.
Не ведаю, як хто, а я ў душы хлопчыкамі з рагаткамі ганарыўся. Бяздушныя акупанты адчулі хоць і малы, але ўсё ж такі пратэст.
На ласасянскай станцыі людзей заганялі ў таварныя вагоны з калючым дротам на акенцах – дакладна ў такія вагоны, якімі немцы вазілі нашых палонных, – ды, як і 1940-1941 гадах, усіх адправілі ў тую самую Сібір ды Казахстан.
На гэты раз кампанія вывазу расцягнулася на добры тыдзень. Энкэўсаўцы цяпер не спяшаліся, усё падлічвалі ды прыкідвалі. Каб па колькасці вывезеных не адстаць ад іншых раёнаў, новае сапоцкінскае начальства сем’яўдля вывазу дабавіла. Спехам створаная Пазухіным камісія прайшлася па вёсках яшчэ па некалькі разоў. У каторага дзядзькі выявілі новую шафу альбо пакрытую дахоўкай хату. А яшчэ лепш, калі Пазухін у агародчыку ўбачыў з дзесятак вулляў, іх уладальніка таксама запісваў у кулакі. Дзядзьку тэрмінова ладавалі з манаткамі на грузавічку ды пасылалі наўздагон іншым.
Як гэта, з пункту гледжання сённяшняга дня, выглядае ўсё дзіка і не па-людску! Многія ж у той час, каб супакоіць сваё сумленне, у гэтай дзікай акцыі – фактычна, генацыдзе свайго народа – нават стараліся знайсці нейкі сэнс. I знаходзілі некаторыя таму жаху апраўданне.
Скуткі візіту Цанавы
Пасля такой «акцыі», якая да твару былі толькі лютаму акупанту, а не тым, хто прынёс вызваленне, на бедных сялян напаў гэткі страх, ад якога нават у генах, відаць, адбываюцца перамены. Хутаране нагвалт разбіралі свае трухлявыя халупкі, гаспадарчыя будынкі ды перавалакалі іх у вёску, а вяскоўцы, хто застаўся нявывезеным, зараз жа паперлі ў калгас заявы. Народ адразу перамяніўся. На сходах цяпер той самы мужык, які яшчэ нядаўна сем разоў падумаў бы перад тым, як выказацца па якім-небудзь пытанні ды прагаласаваць «за», цяпер у любым выпадку цягнуўугару руку. А наогул – стаіўся, маўчаў, упаўшы ў якісьці анабіятычны сон, бы тая кузурка на зіму.
А ўсе газеты, радыё цяпер сталі аж захлынацца ад пераможных рэляцый. Вось дзе ілжывасць была ўзведзеная да нябёс! Газеты і радыё ўсяму свету дружна абвяшчалі аб небывалым росквіце вёсак Прынёманшчыны і росце свядомасці іх сялян. Аб «здзяйсненні волі народа і партыі ў галіне сельскай гаспадаркі». Аб «бязмернай любві народа да Правадыра і Настаўніка за яго мудрую і чалавечную палітыку, накіраваную толькі на шчасце народа». Размалёўвалі ды кляймілі лютых капіталістаў, якія вартуюць днём і ноччу, каб у савецкага чалавека адабраць шчасце.
Читать дальше