Паводле прэсы, зерне сяляне цяпер сеялі адно «адборнае». Жылі ў гарадах і сёлах цяпер усе «багата» і «шчасліва». I наогул, апошняе слова выпірала з газет аж да агіднасці. У сувязі з прыходам Чырвонай Арміі для пажылых людзей цяпер настала «шчаслівая старасць». Для іншых – «шчаслівая маладосць», «шчаслівае дзяцінства», а для ўсіх астатніх – «шчаслівае і прывольнае жыццё».
Інфармацыі з савецка-фінскай вайны друкаваліся толькі пра гераічныя ўчынкі нашых байцоў, лётчыкаў, камандзіраў. Без канца ішоў пераможны пералік знішчаных дотаў праціўніка, забітых салдат і афіцэраў, а чамусьці фінскія пазіцыі па-ранейшаму заставаліся на тым самым месцы. Чырвоная Армія ўсё тапталася ды тапталася на маленькім Карэльскім перашыйку, хоць і кожнаму школьніку было вядома: у Фінляндыі жыхароў у пяцьдзесят разоў менш, чым у СССР.
Тэксты такія не пераконвалі, а толькі выклікалі падазронасць. Чалавек думаў: эгэ, штосьці тут не так!..
Цяпер ля кіёска можна было назіраць, як дзяўчына з акенца пыталася іншага байца, якую яму даць газету. Той са здзіўленнем адказваў ёй:
– Вядома якую – курыцельную!
Непрыемна гаварыць пра ўсё гэта, але ж – з песні слоў не выкінеш: менавіта з прыходам Чырвонай Арміі да нас, памятаю, людзі Заходняй Беларусі са здзіўленнем даведаліся, што газеты могуць служыць і для такой мэты.
І яшчэ.
На першых старонках у тых газетах абавязкова красаваліся партрэты «Мудрага і Вялікага Правадыра ўсіх народаў». Амаль усе артыкулы заканчваліся яго імем. Якіх толькі эпітэтаў для яго не прыдумвалі газетчыкі: і «вялікі», і «настаўнік», і «кормчы», і «бацька родны ды любімы», і «друг чалавецтва», і «карыфей навукі», і «збаўца чалавецтва»...
Доўга нашыя людзі з гэтага дзівіліся. Нарэшце, знайшлі простае тлумачэнне. Таварыш Сталін – надта заняты чалавек. Ён, вядома, газет не чытае. Ён нават у вочы іх ніколі не бачыць, бо так, бедны, заняты справамі, таму і не ведае, што падхалімы вычаўпляюць. А гэтыя і рады!..
Толькі чаму ў той Маскве, дзе многа, напэўна, разумных людзей, не праб’ецца хто да яго ды не падкажа? Не з’есць жа ЁН чалавека за гэта, а глядзець на такое – брыдка!
Мяне і самога разбірала ахвота – от бы дабрацца як-небудзь да Масквы, прашмыгнуць у Крэмль і падказаць Сталіну! I я ўсё прыдумваў спосабы, як гэта выконваю, як падбіраю словы, якія яму скажу...
Па менскім радыё кожны дзень перадавалася, што сяляне вобласці ўзялі абавязацельствы вырасціць стопудовы ўраджай збожжа з гектара. Дасціпныя мужыкі зараз жа прыкінулі ў галаве, і выйшла – семнаццаць цэнтнераў.
– Як жа так, – здзівіліся, – мы і без ніякіх абавязацельстваў атрымліваем столькі?!
І тым не менш, вера ў міфічную краіну, дзе плывуць малочныя рэчкі, якой кіруе вялікі Чалавек, жаданне хоць ілюзорнага шчасця сабе, дзецям і ўнукам у нашых сялян заглушалі здаровы мужыцкі розум.
Усе сумненні былі кволымі. Людзей агарнуў дзіўны энтузіязм якойсьці паслухмянасці, ён прытупляў у іх нават чалавечнасць. Гіпноз новай улады быў настолькі моцны, што людзі, зведзеныя да нявольнічага падпарадкавання і бяздумнага захаплення, адчувалі сябе нават і праўда шчаслівымі. У іх усё мацней гаварыла чужое іхняму выхаванню і традыцыям продкаў. Яны і не заўважылі, калі пасталі здольнымі на подласць.
Цяпер бачылі галоўнае: новая ўлада – свая. Калі што і не так, можна пацярпець. Маўляў, усей падаплёкі вывезеных і арыштаваных я не ведаю і не хачу ведаць, толькі – дыму без агню не бывае. Ды і трэскі сапраўды ляцяць, калі лес сякуць. Што зробіш, памылкі заўсёды здараліся, асабліва пры вялікай справе. Усё гэта чалавечае, разбяруцца. Напэўна разбяруцца. Бальшавікі – людзі галавастыя, бачыш, якая ў іх тэхніка? Разбяруцца і з маёй сям’ёй! Зразумеюць, нарэшце, што я не з чужога класа, іўсё ўладкуецца! А пакуль што існаваць можна?
Можна! Ну і жыві!
Новыя парадкі ва ўсёй краіне
Факты тым часам жыццё падсыпала і падсыпала. Сваякоў, якія засталіся ў грамадзянскую вайну ў Савецкай Расіі, чамусьці па-ранейшаму не пускалі на радзіму да сваякоў у госці. Калі ж гэта Вызваленне, чаму б не з’ездзіць з беднай і прыгранічнай Заходняй Беларусі ў квітнеючую Усходнюю, чаму не пабачыцца з братам ці сястрой? Але ж – куды там!
Не давалі нават прапускоў, каб з’ездзіць бацьку ці маці да родных дзяцей!
Тым, каму ўдалося вырвацца да бацькоў праз кардон тайна, апавядалі пра жудасныя пакуты, якія перажылі ў СССР сваякі толькі за тое, што ў іх хтосьці жыў у Польшчы, – не браліся пад увагу аніякія тлумачэнні.
Читать дальше