— Па гэтым жа леце выйдзем у перадавікі.
I выйшлі, бяды той сапраўднай не разгледзелі, выйшлі, як на свята, з песнямі, тварыць і памнажаць бяду і гароту ўласнымі рукамі. Дзве вёскі, усе мужчыны і бабы наперадзе іх. I паплылі па рэчцы дубовыя бярвенні і кражы ў вялікія гарады, на вялікія здзяйсненні. ІІрацавалі хапат- ліва і прагна, прагна падлічвалі ўжо і грошы, прыгляда- ліся да абновак, прыкідвалі, хто што справіць, што прыдбае ў хату. Цімох Махахей спрабаваў перашкодзіць сякеры і як сам не трапіў пад сякеру.
— Ураг народа,— коратка сказаў Аркадзь Барздыка. — Вось ён перад вамі. Глядзіце, пакуль ён яшчэ тут.
Ад такіх слоў Махахей аслупянеў, забыўся нават і пра сваё. Не жартачкі гэта былі. Не жартачкамі ўскінуліся на яго людзі:
— Лес, дуброва чыя? Калгасная. А мы хто — калгаснікі. Ураг ты калгасніку і калгаснаму ладу.
— Які я ўраг, я карову сваю сенам абдзяляю, калгасных коней кармлю,— не хацеў добранькім выстаўляцца Махахей, а вымусілі.
— Трэба яшчэ разабрацца,— напёр Барздыка,— адкуль у цябе сена. I карове хапае, і коням застаецца. Адкуль?
— З-пад кур, вось адкуль. Твой стог з зімы ў гародзе прахне, ні жменькі нікому не пазычыў.
— Не лезь, Цімох, пасві коней, пакуль самога ў цуглі не зануздалі ды на аброці не павялі.— Гэта ці не Роўда заступіўся за яго.— Дрэва яшчэ вырасце, а мы з зямлі ніколі не падымемся. Пра людзей трэ думаць, шкадаваць жывое.
I гэта Антон Роўда так. Ён таксама быў з сякераю, як і ўсе мужчыны вакол. Але ім Цімох дараваў, а Антону не мог дараваць. Шмат пра што гаварылі яны, і адны ў іх былі словы, адны думкі, нават парадніцца мерыліся. I нясоладка было Цімоху слухаць і глядзець на Антона Роўду: калі ўжо ён узяўся за сякеру, значыць, няма ў Княжборы чалавека, які падтрымае яго, Цімоха Махахея, Княжбор супраць яго.
I калі б толькі княжборцы, Антон Роўда, чужыя людзі — родная жонка ўз'елася. Цімох папрасіў яе дагледзець коней.
— А ты што, бязногі ці бязрукі,— накінулася яна на яго. — Вунь, паглядзі, якія толькі працадні на лесе пішуць. I грашыма, гавораць, адразу разлічвацца будуць.
— Не хачу я тых працадзён, і грошай мне іх не трэ, пайду ў раён, каб забаранілі.
— Супраць грамады! А як жыць у вёсцы будзеш, з кім знацца станеш? Што табе, капейчына ў хаце лішняя, радзецель, парадчык. Гармоніку табе на іх куплю, грай сваім коням тустэпы, скачыце ноч навылёт... Вунь чацвёра ў куце, і кожнае рот зявіць. Праўдай сваёй пакармі іх... Ох, выпала ж доля, самай бы сытай была, калі б тваю праўду на хлеб памазаць. I ў каго ты толькі такі ўдаўся, у каго пайшоў.
— Пайшоў я,— сказаў Цімох.
— Ой, ды хоць хлеба скібку вазьмі на дарогу... Не пушчу, не пушчу,— Ганна стала каля парога, ён падышоў да яе, пацягнуў за нос, жонка адразу ж захлюпала ім: — Ты хоць прозвішча свайго не кажы там...
Але гэтых слоў яе Махахей ужо не чуў. Да горада, да ўлады свет быў не блізкі. Трыццаць кіламетраў, гаці, брады, і трынаццаць масточкаў: яго масточак, Махахееў, масточак Роўды... Пакуль гэта ён усе іх пералічыў, перадумаў, куды і навошта ён ідзе ды што скажа. Княжбор працаваў, плылі па рачулцы дубы. Плылі яны і потым, пакуль начальства з горада да іх наладзілася, а яно не надта прыспешвала: не было машыннай дарогі. Княжбор — сяло глыбіннае, і вядзе туды адна дарога. Вось так і скончыўся сказ пра княжборскую дуброву, казкі пачаліся.
Зноў з'явіўся пад Княжборам Жалезны Чалавек, зноў загаласіла ў Княжборы Галасніца. Чалавек жа той быў нядобры, таму што незразумелы, памяталі яго толькі старыя, што жылі яшчэ ў даўнім Княжборы. Хадзіў ён там кожную ноч па вёсцы, тупаў жалезнымі нагамі. I чаго хадзіў, чаго праг, шукаў чаго — пра тое ніхто не ведаў. Ці то была грэшная душа з саміх княжборцаў, ці прыблуда нейкая, таксама ніхто не мог адказаць. Але толькі змяркалася, людзям спаць класціся, з'яўляўся і ён, чорны, цёмны і бязвокі, крочыў вясковай вуліцай, крочыў так, што дрогка званілі вокны ў хатах і хісталіся хаты. Туліліся да платоў людзі, што рызыкнулі такой парой выйсці на вуліцу. Жалезны Чалавек не кранаў іх, хадзіў ён маўчком, што соўсень сунуўся, а недзе сярод поля галасіла Галоска-галасніца. Бегала ад мяжы да мяжы, шукала сваё дзіця, убівалася па ім. Галасніца была сваёй Княжбору, яе ведалі. Яна прыспала хлопчыка, прыдушыла ў сне і са скрухі павесілася. Пахавалі яе, але і ў зямлі не ведала яна спакою, усю ноч напралёт шукала свайго сына. Галоску княжборцы шкадавалі і любілі. Яна была як за лекарку ў Княжборы, лячыла княжборскіх дзяцей, калі сурочыць іх хто ці напалохае, пазбаўляла ад прастрэлу і шчацінкі, як толькі выпадала раса, пачуўшы Галасніцу, княжборскія маладзіцы хапалі сваё неспакойнае дзіця і беглі ў поле, на мяжу, пакідалі яго ў разорцы на мяжы, адыходзіліся самі крыху ўбок, чакалі, калі Галасніца знойдзе яго і прагоніць хваробу. I Галасніца знаходзіла, заціхала, супакойвалася сама і супакойвала дзіця. Маці забірала яго, кланялася нізка Галасніцы. I тры дні пасля гэтага Галасніца маўчала, тры дні не чуваць было яе жалобнага і скрушлівага голасу. А Жалезны Чалавек хадзіў і хадзіў, не зважаючы на надвор'е. Не баяўся ён ні дажджу, ні пылу, не пакідаючы і слядоў, ішоў у дуброву, і ўсю ноч стагналі і тужліва шумелі веццем дубы. На світанні толькі супакойвалася дуброва.
Читать дальше