— Садзіце сады, грушы, яблыні, вішні. Што за дом без дрэва,— угаворваў ён сваіх землякоў.
— Ай,— аднекваліся княжборцы.— Толку ў той яблыні, вішні тваёй, вельмі ўжо наясіся імі, сытым будзеш.
— Мо сытым і не будзеш, але ж красіва, і дзецям яблыка трэба.
— Красіва, трэба дзецям,— пагаджаліся з ім княжборцы, але пагаджаліся не без паляшуцкай хітрасці ў вачах: маўляў, што ты тут прычапіўся да нас, старшыня, са сваімі яблыкамі, грушкамі.— Карову няма дзе трымаць.
— Калгас жа вам малако дае.
— Дык то ж калгаснае малако.
— А якая розніца — малако. I тлустасць, і пажыўнасць...
— Так яно, так, старшыня, і тлустасць і пажыўнасць, але ж сваё лепей...
— Усё роўна ж каровіна яно, а не сваё.
— Не, сваё ўсё ж лепей...
— А яблыка і прадаць можна.
— Можна і прадаць.
— Дык у чым жа справа? — Ён губляўся перад гэтай пракавечнай несаступнасцю, ненавідзеў тое, чым раней ганарыўся.
— Не трэба нам дурных грошай.
— Бульба дробненькая, але ж свая,— спрабаваў падкаціцца ён з другога боку, пакпіць з іх несаступнасці, але і гэта не праймала.
— Так, старшыня, твая праўда, дробненькая, але свая. А яблыкі, грушы твае і не вырастуць у нас.
— Чаму не вырастуць?
— Пацукі пагрызуць.
— Якія пацукі?
— А ўсякія, што ў зямлі, а яшчэ точкі.
— Што яшчэ за точкі?
— Точкі.— I ўсё. Дабіцца ад іх яшчэ чаго-небудзь было немагчыма.
— Яны ж заўсёды былі, і пацукі, і точкі, і не грызлі садоў.
— Раней не грызлі, а зараз пагрызуць.
Вось так, і кропка. Ні да чаго не дагаварыўшыся, стомлены, ён спяшаўся на свінагадоўчы комплекс. Апошнім часам ён унадзіўся хадзіць туды, утульна там было, заўсёды ціха, народу рабіла па комплексе не шмат, прывычна патыхала вясковым хлявом, ён заходзіў і доўга стаяў то ў адным, то ў другім аддзяленнях. Разлёгшыся на цёплай падлозе, што падагравалася знізу, разморана рохкалі свінаматкі, прыпадалі да іх цела, задаволена і сыта пацмоквалі байстручаняты-парасяткі. Маці іх насцярожваліся, бо бачылі чалавека, чулі яго крокі, адтапырвалі абвіслае вуха, адплюшчвалі соннае, зацягнутае плёнкай і спракавечным мацярынскім сумам вока, міргалі гэтым сваім вокам, стомленым і без брыва, і супакойваліся. Нешта непарушнае, вечнае і вельмі добрае, сцішанае адчувалася за ўсім гэтым. I на комплексе Мацвею было заўсёды спакойна, ён верыў, што так будзе ўсюды. Збягаў сюды ад сваіх думак і клопатаў. Тут ён быў упэўнены ў сабе, бо ніхто і нічога не казаў яму там ні аб точках, ні аб пацуках. На комплексе рабіла і Надзька, і яму падабалася наглядаць за ёю, але сёння Надзька якраз і перашкодзіла яму застацца аднаму, адрынуць усё гэта непрыемнае. Ненене ўбачыла яго праз акно санпрапускніка, выбегла насустрач, замітусілася:
— Праходзьце, праходзьце, Мацвей Антонавіч.
На голас яе выйшла і Надзька:
— Халат вазьміце, Мацвей Антонавіч.
— Дык няма ж халатаў, Надзька. Якраз замачыла ўсе, мыць буду, — сказала Ненене.
— Добра, я і без халата,— адмахнуўся Мацвей.
— Не пушчу без халата,— заступіла яму дарогу Надзька.
— Як? — не зразумеў Мацвей.
— А так, не пушчу, і ўсё.— I палку ўзяла, як узброілася.
— Надзя, я ўсё ж старшыня.
— А я заатэхнік, нельга без халата, і кропка.
I тут тая ж самая праклятая кропка.
— Чаму гэта ты такая сёння строгая?
— А вось таму... Дзеці ж, маладняк, заразу, бацылу якую-небудзь занесяце яшчэ. I не думайце, і не гадайце.
— Ну, калі бацылу, тады канечне... А калі я ўсё ж прайду, Надзя? Прарвуся?
— А вось палка нашто?
— Ударыш?
— Перацягну,— сказала Надзька.
I Мацвей адчуў, што за гэтай не заржавее, перацягне. А яму ў той дзень вельмі ж не хацелася, каб яго пабілі.
— Вось парачка на маю шыю, баран ды ярачка, ты ды твой рыжы Брытан. Ну, пачакай, пачакай у мяне. Сыдземся яшчэ,— напрарочыў ён сам сабе яшчэ на комплексе, хаця ў тую хвіліну вымаўляў ён гэтыя словы без сэрца. Нават быў і задаволены, як змагаецца Надзька за маладняк, за парасят, каб гэта ды ўсё так.
Мацвей павярнуўся і пашыбаваў у кантору, забыўшыся, што там яго таксама могуць перацягнуць, і куды больш балюча, чым Надзька палкаю. У канторы быў ужо сапраўдны перапалох. Усе, пачынаючы ад прыбіральшчыцы і да парторга, шукалі яго; знікаючы, ён нікому не перадаў нават ключа ад свайго кабінета, цяпер па калідоры соваліся, з незразумелай яму зацікаўленасцю і інтарэсам разглядвалі Дошку гонару, насценгазету, сацабавязацельствы якіясьці бабулькі і дзядулькі з мноствам фотаапаратаў. Сакратар райкома толькі зірнуў на яго, ухапіў і нацягнуў за сабою ў «прымальнік».
Читать дальше