— Чаго б ні каштавала,— упрошваў яго Мацвей.— Толькі б узялі. Чаго б ні каштавала.
— На што ты гэта мяне падбіваеш? Хто я табе, Роўда? Я ж штаны з цябе павінен зняць за тое, што адбываецца. А ты і мяне ў саўдзельнікі гэтага злачынства запісваеш. А ў газеце ў мяне каторы дзень Дошка гонару, і твая гаспадарка — першая.
— Пасля, Іван Хведаравіч, разбярэмся. Здымеш з мяне і штаны, калі выратуем хлеб. А выратуем — я голы, без штаноў, прайду праз увесь Княжбор.
— Пераможцаў не судзяць, на гэта спадзяешся... Будзеш ты пры штанах.
— Іван Хведаравіч, не за штаны, а за хлеб баюся.— Рэдактар Мацвею падабаўся, не было ў ім нічога звыкла журналісцкага, мужык, дый годзе, і Мацвей не саромеўся быць шчырым з ім. Толькі ён адзін і мог цяпер дапамагчы княжборцам.
— Непарадак гэта, Мацвей, непарадак,— казаў Іван Хведаравіч.— Але на тым стаім...
— I стаяць будзем.
— Не прывядзі гасподзь. Мець усё і не мець нічога, знайсці і згубіць. Бізнес па-нашаму: украсці яшчык гарэлкі, прадаць, а грошы прапіць... Калі гэта скончыцца.
Рэдактар Мацвея таксама не саромеўся. Ён паехаў, абяцаў: як там ні будзе, а гэтае збожжа яшчэ прапіхне, апошні раз, і не дзеля яго, не дзеля Мацвея, а дзеля хлеба. Мацвей правёў рэдактара і вярнуўся ў праўленне, дзе па яго загаду з раніцы былі ў зборы амаль усе княжборцы. Усіх ён ведаў у твар, ведаў імя і імя па бацьку, выключаючы, канечне, тых, хто з'явіўся ў Княжборы нядаўна, прыехаў у новы пасёлак па аб'яве: даецца праца і жыллё... Яны жылі адасоблена, не зліваючыся з княжборцамі ў гэтым сваім жыцці, нехта з іх не меў яшчэ і сваёй кватэры, жыў у інтэрнаце, не сяляне, а больш яшчэ гараджане, гарадскія твары і адзенне, і тут, у праўленні, яны трымаліся таксама адасоблена, хаця і больш згуртавана, чым княжборцы, як рабочыя на нарадзе на якім-небудзь прадпрыемстве ці будоўлі. I не было на іх тварах таго, што ён бачыў на тварах сваіх землякоў. Княжборцы глядзелі на яго, як чакалі нечага ад яго, трывога была ў іх вачах, але і надзея. Яны верылі яму. Ён жа ім, мо праўда, толькі пакуль што, але і за гэта дзякуй, старшыня, галава, начальнік, Антонаў сын, Дзям'янаў унук. А Дзям'яны гэтыя — галавастыя. I ён увесь у іх пароду, што-небудзь ды прыдумае. А прыезджыя, што не прыжыліся яшчэ да княжборскай зямлі, глядзелі на яго са спакойнай абыякавасцю, яны ведалі, што, калі і прастойваюць, а тым больш вымушана, грошы ўсё роўна ім плоцяць. I чаго ім хвалявацца: будзе рубель — будзе і хлеб. Паперчына тая рублёвая і была іх хлебам. I колькі яшчэ трэба часу, каб яны зразумелі: паперка і ёсць паперка. Некаторыя ж з іх так і не зразумеюць гэтага. Не цана хлебу паперка, не купляецца ён за грошы, як каханне, давер, аўтарытэт і яшчэ бог ведае што. Усё, пэўна, мае цану, усяму адна цана — толькі пот і кроў, трывога і вера, тое, што ён чытае зараз на тварах сваіх землякоў, у вачах княжборскіх жанчын і бабуль. I ён не ведае, як заплаціць ім за гэтую трывогу і боль, хаця ён і Антонаў сын, дзям'янаўскай пароды, а абнадзейваць проста так язык не варочаецца. Няма чаго даць яму і прыезджым, калі не лічыць той самай паперкі, якую яны ўшаноўваюць, што хлеб. Сам жа хлеб гарыць, і ён не ведае, як патушыць гэты агонь. Хаця добра ведае, перакананы: ў іншым: лепей голад, у дзесяць разоў лепш галадоўка, чымсьці такое багацце. На тое, чаго няма,— і суду няма. Страшна, жудасна, калі ёсць і ўсё гэтае ёсць, здабытае кроўю і потам,— скрозь пальцы. Гэта забівае, забівае ўсё, нават боль, не гаворачы ўжо нічога пра турботы, трывогу і веру. Нязгойны боль, невылечная хвароба ўжо не нясуць у сабе такіх пакут нават блізкім, яны выклікаюць толькі спачуванне, а што ў гэтым толку — вызваленне толькі смерць.
Мацвей адчуваў, што маўчыць ён ужо вельмі доўга, але не стае рашучасці і прамовіць нешта. Вокны ў праўленні адчынены, і з вуліцы наплывае ў іх увесь час нарастаючы гул машыны. Па гуку Мацвей чуе, што ідзе камбайн. I не проста ідзе, а злосна, раве і падвывае матор, злосна рыкае гудок. Вось матор робіць ужо на халастых абаротах, але безупынна гудзе гудок, бы выклікае некага. Мацвей зразумеў усё, зразумеў, што гэта завуць і патрабуюць яго, здагадаўся і хто заве і патрабуе, але не крануўся з месца, чакаў, калі Барздыка сам прыйдзе да яго. I ён прыйшоў, нагою расчыніў дзверы, стаў па парозе, плячыма па ўвесь праём дзвярэй. Дастаў цыгарэту, прыкурыў, але, здаецца, не зацягнуўся, а хутчэй адкусіў ад яе разам з табакай і дыму, заперакідваў цыгарэту з аднаго кутка рота ў другі.
— Пасяджэнне праводзіце?
— Што ў цябе, Васіль?
— Перакур. Прыехаў, як бачыце, таксама на сход, можаце працягваць, Мацвей Антонавіч. Парадак дня толькі мне паведаміце і ўключыце ў спіс выступаючых.
Читать дальше