— Я лічу: мы самой гісторыяй абавязаны,— прамовіў, падняў левую руку і загнуў мезенец.— Першае: ясней даказаць Сталіну, Мяснікову, іншым кіруючым таварышам, што цяпер ставіць наша нацыянальнае пытанне толькі абстраітіа, і не гуманна, і небяспечна. Дзеля ўсёй Савецкай улады. Узяўшы Мінск, Магілёў, Пілсудскі з Доўбар-Мусніцкім зажадаюць ісці і далей на Усход. Дык Савецкая Беларусь не толькі задаволіць нашы мары, але і будзе заслонаю для прасоўвання буржуазіі на Усход! Другое: трэба вядомым нашым камуністам выехаць у Петраград, Тамбоў, Саратаў, Казань, Смаленск, Віцебск, Магілёў і як след пагутарыць з нашымі камуністамі, свядомымі землякамі, якіх разам не адна сотня чалавек. Трэцяе: трэба прабрацца і ў акупаваны Мінск, пастарацца знайсці адну мову з тамтутэйшым камуністычным падполлем, дабіцца ад іх разумення і помачы. І чацвёртае: давайце рыхтаваць з'езд усіх беларускіх камуністычных секцый, дзе ўтварыць наш партыйны цэнтр і заадно запатрабаваць: Савецкая Беларусь павінна быць мусова!
Перавёў дыханне. Адчуў: ад таго, што гаварыў страсна і рэзка, зачырванеўся. Але ўзяў сябе ў рукі, акінуў усіх позіркам і дадаў:
— Калі вы падтрымаеце ўсё гэта, то тады яшчэ можа быць нам нейкі шанец. Калі ж і цяпер будзем асцярожныя, нясмелыя ці чакаць міласці, то, убачайце...— Не любіў жэстыкуляваць, дык адагнуў чатыры загнутыя пальцы і махнуў рукою.— Тады не варты мы самі нічога і гэткіх жа нявартых наплодзім нашчадкаў, бо яблык ад яблыні недалёка падае...
Сеў па пярэдняе крэсла. Зала ўзарвалася воплескамі. Стрыманы, ён, аднак, у гэтую хвіліну шмат намагаўся, каб не пусціць на волю слязу — і ад свайго ўзрушэння, і ад вось такой ухвалы ад землякоў, некаторыя з якіх былі ці не зусім з развітымі нацыянальнымі пачуццямі, ці асцяроншыя, ці нават далёкія ад таго, што рабіў ён і яго калегі.
— Дзякую, таварыш Жылуновіч,— падняўся і схіліў галаву старшыня.— Як самі бачыце, вашы словы ўсхвалявалі ўсіх. А цяпер,— падняў вочы,— прашу, таварышы, пачаць спрэчкі. Хто хоча прамовіць?
— Дазвольце мне,— падняўся ў зале Мазур.— Я цалкам згодзен з усім, што сказаў наш паважаны прамоўца — адзін з самых вядомых на сённняшні дзень беларускіх дзеячаў, шчыры камуніст. Нам усім зразумелыя яго клопаты, боль, мары, бо ўсё гэта і ў кожнага з нас на душы, у сэрцы... Да пачутых намі слоў я хачу толькі дадаць: нам цяпер вельмі патрэбная свая партыйная газета, бо «Дзянніца» і выходзіць рэдка, і па сваім профілі мусіць мець свой накірунак.
За ім пачалі выступаць іншыя. Да слова, Язэп Дыла сказаў, што тут, у Маскве, патрэбен Беларускі камуністычны клуб як асяродак палітыка-культурнай работы для землякоў, Клыш гаварыў, што трэба болей выдаваць партыйнай літаратуры і для тых, хто жыве тут, і для тых, хто ў акупацыі, а Чарвякоў, а за ім і Чарнушэвіч дадалі, што Белнацкому, Маскоўскай Беларускай камуністычнай секцыі трэба болей падбаць пра фарміраванне беларускіх чырвонаармейскіх часцей.
Затым, калі прамовіла яшчэ некалькі чалавек, запісалі ў рэзалюцыю:
— выдаваць беларускую партыйную газету;
— адчыніць у Маскве Беларускі камуністычны клуб;
— скласці спіс партыйнай літаратуры і ў самы блізкі час пачаць выдаваць яе;
— паслаць камуністаў усюды, дзе ёсць камуністычныя беларускія секцыі. А іменна: Жылуновіча і Чарвякова — у Петраград, Дзедзю — у Саратаў, Тамбоў і іншыя расійскія гарады, Лагуна, Клыша, Майзеля — у Мінск;
— рыхтаваць з'езд камуністычных беларускіх секцый РКП (б). Дзень пачатку работы, яго парадак аб'явіць пазней, як толькі скончацца перамовы.
Пасля гэтага пачалі спрэчкі пра іншае — пра Белнацком. Тыя, хто працаваў у ім, расказалі, што яны і як рабілі, паскардзіліся на Сталіна і Мяснікова: ад першага мала помачы, а ад другога — ніякай. Рашылі: даручыць Фальскаму, Няцэцкаму і Клышу сустрэцца са Сталіным і папрасіць патлумачыць, чаму той ў такі напружаны час рашыў ператрэсці Белнацком і скараціць яго штаты, а таксама дабіцца, каб цяпер на чале Белнацкома быў камісар і меў большыя правы, а заадно рашылі, што Маскоўская Беларуская камуністычная секцыя бярэ пад назірк Белнацком, на пасаду яго камісара варта параіць Жылуновіча, намеснікам — Мазура.
Пад канец абралі партыйны камітэт з 9 чалавек, а за старшыню — яго, Жылуновіча. Вылучылі сваіх пасланцоў у Прэсненскі раённы, Маскоўскі гарадскі камітэты РКП (б), у раённы саўдэп і ў сакратарыят ЦК партыі. А на самае заканчэнне сход секцыі абраў дэлегатаў на канферэнцыю Беларускіх камуністычных секцый: Жылуновіча, Дылу, Няцэцкага і Рыбака.
Читать дальше