У хату Сцяпан Чорны вярнуўся позна.
За гэтыя дні нізкая хата пахарашэла. Не пусцілі больш вячорнікаў, i нявесткі з дачкою памазалі столь, сцены, печ мелам, надралі рыдлёўкаю гліняны дол. Але на душы весялей не рабілася.
Жонка пільна зірнула на яго з печы. Каторы ўжо дзень ляжыць. Даядаюць яе сухоты — спадчынная іхняя хвароба.
— Не пазычыў? — ціха запытала.
— Нe,— адказаў, скінуў i павесіў у парозе нявыдублены, некалі белы, а цяпер ужо чорны, укарэлы кажух, сеў пры стале на лаве.
— От дзе чалавек! — застагнала жонка.— Нi душы, ні сэрца! Як каменны! Як той Гаспадар-камень!
Старэйшая нявестка, худая i хмурная, чорная, нібы цыганка, Аўдоля моўчкі стаяла ля палаючай печы, малодшая, тоўсценькая, зграбная Ганя — каля стала, рэзала ў вялізную місу, лічы, мядніцу, кіслыя гуркі. У мядніцы з палову было старога салёнага расолу.
Нявесткі між сабою каторую пару ўжо не гаварылі. На тапчане, на ложку дурэлі, енчылі, пішчэлі ўнукі. Як ніколі, сёння рвалі нервы.
— Ціха, таўчы вас камары! — крыкнуў на ix Сцяпан, хоць увогуле крычаў рэдка, a біць, лічы, ніколі не біў. Тыя — босыя, з бруднымі, аж чорнымі падэшвамі, чарнамазыя, як цыганяты, заціхлі, паселі, пасміхоўваючыся i штурхаючы адзін аднаго локцямі, зноў пад'юшчваючыся да дураслівых гуляў. Тут жа i адчуў: дарэмна злуе на дзяцей. Хіба яны вінаватыя? Яны па тое i дзеці, каб дурэць, гуляць. Але як ён можа ix пацешыць, што даць для іхняга дзяцінства? Адно толькі яму па сіле — наплесці ім лапцей.
Вочы запыніліся на малодшай нявестцы. Яна ўжо абірала цыбулю, плюшчылася ад слёз. Нешта завысока падняўся яе жывот, нешта пад весну — пад бясхлебіцу — пачала яна надта правіцца.
«Няўжо грубая? — жахнуўся.— Але ад каго? Андрэя ж яе ўжо каля двух гадоў няма дома. Няўжо з вясковым якім падгуляла? Ці з нашым меншым? З Петрусём?»
Зірнуў на яго. Той воддаль сядзеў на лаве. Адвёў вочы.
«Можа, i з гэтым падшыванцам нагуляла. Пасміхоўваліся ж абое раней, разам ды разам рабілі ўсё на двары, часта былі адны ў гумне... Але ж смаркач яшчэ, васемнаццаці няма. А яна ж баба, пад трыццаць...»
Лінула цяплынь да твару. Галава забалела, як па ёй ячмень змалацілі. I гэтак заўсёды: расхвалюецца — баліць галава.
Старэйшая нявестка дастала з печы чыгун з бульбаю, адцадзіла ваду і, трымаючы перад сабою, прынесла чыгун сюды i высыпала з яго бульбу проста на стол. Уверх узвілася пара.
Зноў завішчэлі ўнукі, адпіхваючы адзін аднаго, імтануліся да стала, абляпілі яго з усіх бакоў. Васьмёра бэйбусаў, будзь здароў едакоў. Пахапалі па самай вялікай бульбіне, адзіралі пазногцямі з яе лупіну.
«Добрыя людзі сёння будуць есці селядцы, грыбны суп, аладачкі з макам i цукрам, белы кісель...— падумаў Сцяпан са скрухаю,— а тут, таўчы яго камары, штодня бульба, вада ды вада... I Шлёма, паганец, не даў напавер ужо селядцоў i лёку...»
Малодшая нявестка адгарнула пасярод стала бульбу, паставіла туды мядніцу з расолам, пасля прынесла i шпурнула драўляныя лыжкі. Найбліжэй туды, дзе сядзела трое яе дзяцей, самыя меншыя тут.
— Матцы крыху адлі i падай,— сказаў малодшай нявестцы Сцяпан.
Таня паслухала, моўчкі сваёю лыжкаю зачарпнула з мядніцы расолу, наліла палову глінянай міскі, узяла пару бульбін i панесла да печы.
Селі каля стала i нявесткі, Пятрусь.
Тут жа ўнукі, сяк-так абабраўшы бульбіны, пачалі адзін перад адным чэрпаць з мядніцы i сёрбаць расол. Лілі ад мядніцы да сябе сцежачкі.
— Не разлівайце! — злосна сёння сказаў Сцяпан.— Куды вас халера гоніць! Паменш бярыце, аглаеды! — падакараў, аднак i сам завіхаўся абіраць бульбу, ведаў, калі падрэмлеш, дык i не спатоліш голад. З восені i на пачатку зімы ён надта не гнаўся за дзецьмі, думаў, няхай яны найперш пад'ядуць, але цяпер, пад весну, адчуў: трэба шанаваць сябе. Пад весну пачаў ён слабець. А слабець не трэба было: наперадзе шмат работы. I сваёй, i чужой. Дык цяпер, калі на дне мядніцы неўзабаве засталося зусім мала расолу, нешта дурное пад'юшчыла яго. Ён непрыкметна ўзяў са стала крыху ліпкіх лупін, патрымаў пад сталом, а потым падняўся, нібы з-пад сябе ўзяў ix, з грэблівасцю скрывіўся, патрос, а пасля сказаў: «Фу!» — i шпурнуў скамечаныя лупіны на дно мядніцы.
— Цьфу! — шпурпула па стол лыжку старэйшая нявестка, Аўдоля.— Старыя, а што цэп дурныя! А яшчэ кніжкі чытаеце!
Паклалі лыжкі i Ганя, Пятрусь. За імі адсупуліся з неахвотаю ад мядніцы i ўнукі.
— Вам гідліва, а мне, старому, усё роўна! — усміхнуўся ён, падсунуў да сябе мядніцу. Пачаў сёрбаць з яе. Ведаў: недаядуць дзеці сёння, даядуць праз дзень. На вялікдзень. Будуць разам са старэйшымі ў валачобніках, дык i ім перападзе ласункаў ад чужых людзей.
Читать дальше