Як ні меў крыўду, а на гэтага Свістунова не зазлаваў за такую няўвагу i пагарду: ён жа некалі вазіў яго на пагулянкі да паненак у суседнія маёнткі, колькі цягаў п'янага, аднойчы выратаваў нават ад вернай смерці. Хто ён, каб злаваць ці крыўдаваць? Ен чорны людзін, a Свістуноў пан! Хоць i той Свістуноў, i гэты не трымаюць цяпер яго ў сваіх руках, не могуць пусціць па свеце з торбаю, ён сам сабе гаспадар, але ўсё роўна бярэ душу нейкі страх перад імі, як i перад вялікім ці малым начальствам. Як кажуць, дух простага вясковага чалавека забіты вякамі i заўсёды воддаль ад дому ці перад чужымі ён чуе страх пад нагамі. А што пра панаву няўвагу, дык ведама, чаго ён злуе. Як плялі, стары Свістуноў кахаўся з Вікцяю, сваёю пакаёўкаю, прыдбаў нават Віцю i Анельку, а перад смерцю наказваў ім вялікую долю грошай. Але гэты пан, сын, нічога не даў i слухаць не любіў, калі хто i ў жарт напамінаў пра бацькаў наказ. Ды i не мог ён нічога даць. Прагуляў усё, сам жыў у даўгах. Ён, Гарбацэвіч, ніколі i не дабіваўся тых грошай. Але ўсё роўна быў ненавісны.
«Паехаў у Налібакі...— падумаў,— Да пана Невядомскага... Кажуць жа, той кахаецца з яго жонкаю... Той малады яшчэ, здаровы, лятае да маладых кабет: яго жонка старая, хворая, злая, як i Свістуноў...»
Разгублены, Гарбацэвіч усунуўся ў краму, што была збоку шынка. У ёй, у цесным пакойчыку, было ўжо процьма людзей. I найбольш з Засценка. Тыя, канечне, першыя ўбачылі, што вяртаецца па стаўбцоўскай дарозе з таварам Шлёма i адразу ж рушылі за ім услед. Ды яны мелі сякія-такія грошы. Уперадзе, каля адгародкі, стаяла Алена Драздовіч, за ею — скалазубы Уладак Дземідовіч, за ім — Чорныя, Мішук, за Мішуком прыстроілася замужняя дачка, Галена. Каля яе стаяла і, пасміхоўваючыся, нешта шаптала ёй вясковая распусніца бяздзетная Марыся Драздовіч. Яна, як i Алена, прыйшла нявесткаю да Драздовічаў з Брынічава. Але з Аленаю не ладзіла. Цяпер, калі Аленін муж, Вінцук, быў у заробках, дык Марыся, бойкая, сварлівая, кажуць, як хоча здзекуецца з пакорлівай Алены i яе дзяцей. Яна не зважае на свайго крыклівага, але няўдалага мужа, колькі хацела i хоча гуляе з чужымі мужчынамі — вароты ў Драздовіча ніколі не высыхаюць ад гліны. У гэтую хвіліну, можа, шаптала што-небудзь Галене Грыгарцэвіч пра Вінцука: Галена i Вінцук, казалі, кахаліся i маладымі, i пасля таго, як завялі i свае сем'і,— свёкру гэтаксама даволі часта вымазвалі вароты. Збродлівая кошка збродлівую кошку за вярсту чуе!
За гэтымі маладымі пагляднымі кабетамі стаяў стары Нямкевіч. Апошні. Павітаўшыся, Гарбацэвіч запыніўся за ім.
— Ну сто, Крывы, пакланяўся пану? — высунуўся з гурту i выскаліў белыя зубы Пятро Вайтковіч.
— Пакланяўся,— адказаў.— А табе што, зайздросна?
— Ну i любіс ты лізаць панам задніцы! А з простага цалавека дык здзекуесся... Ну сто лыпаес вацыма, як подмазку з'еўсы?
— Які ест, такі ест,— буркнуў у адказ. Будзе яшчэ апраўдвацца перад Чорным!
«Ну, пачакай-пачакай! — падумаў са злосцю пра Пятра.— Прыйдзеш жа пазычыць нешта ці каня папрасіць, дык так табе я ўсё i дам! Трасцу!» Пакаяўся, што зайшоў сюды. Ускочыў, як Янкель у касцёл! Трэба было ісці адразу ў Шлёмавы пакоі.
— Чуў? — павярнуўся да яго сусед, Нямкевіч.— Нашай Ядзі брата ў Амэрыцы забілі...
— Не, не чуў,— паківаў галавою.— Добры быў хлопец.
— Добры ці не добры — звялі, сусед, з-за сквапнасці...— уздыхнуў Нямкевіч.— А бедныя мае свата i ведаць не будуць, дзе сынава магіла. Ён ж а з маім Гіполем разам паехаў...
Усе прыціхлі: усіх глыбока кранула гэтая непрыемная вестка. Яшчэ адзін — каторы ўжо — чалавек з Янкавін не вернецца дадому са свету. A ў Нямкевічавых сватоў гэты хлопец быў адзін сын. Значыць, у Янкавінах звядзецца яшчэ адно прозвішча — Лукашэвіч. Бо астатнія дзеці ў тых — дзяўчаты. Заціхлі цяпер i сакатухі Галена ды Марыся. Яны, канечне, ведалі ўжо пра гібель Лукашэвічавага сына, перажывалі, пасля крыху забыліся. Цяпер зноў засмуціліся.
У цішыні рыпнулі дзверы, i з бакоўкі магутны Шлёмаў парабак, аднавокі Арон, укаціў за адгародку-прылавак ужо адчыненую бочку з селядцамі. За ім, несучы чарпак, увайшоў невысокі рыжы гаспадар, усміхнуўся.
— Добры вечар усім! — паклапіўся, здаецца, кожнаму зазіраючы ў вочы.
Дастаў з кішэні доўгага чорнага фартуха звязку ключоў, адамкнуў велікаваты замок на дзверцах i расхінуў ix у бакі, узяў на кручкі: на сцяне, на пальцах паказаўся яго звыклы тавар. Хораша складзеныя кіпкі цыгарэт, карабкоў з запалкамі, бутэлечкі з адэкалонам i духамі. Пасля спаднізу, з-пад прылаўка, падняў i паставіў на драўляную перагародку жалезную вагу з дзвюма — па абодва бакі — жалезнымі чорнымі талеркамі.
Читать дальше