Здаецца, i не адлучаўся адгэтуль, усё бачыў кожны дзень — шырокую аселіцу, сады i вулічныя дрэвы, драўляную, пафарбаваную ў зялёны колер i ад таго цемнаватую цяпер, знізу чатырохкутнюю i прысадзістую, чым вышэй, дык тым болей танчэйшую, з вострым верхам цэркаўку — самую высокую будыніну ў Янкавінах, а гэтаксама валасны будынак, пошту, школу, дзе ён вучыў дзяцей разам з Кацярынаю.
Бацькавай хаты не было відаць адсюль, з Палька: яна стаяла далёка злева, хавалася за ліпамі ды чужымі стрэхамі.
Адчуў: абманвае сам сябе. Акідвае позіркам усю вёску, але вочы найбольш запыняюцца на пасяродку — на высокім, накрытым бляхаю доме валаснога старшыні.
«Дурань! — аблаяў сам сябе.— Знайшоў, на што пазіраць! На непрыяцеляў сваіх!»
Кляў сябе, адводзіў вочы, але ўсё роўна праз нейкі міг позірк знаходзіў знаёмы дах.
Як убачыў Янкавіны, дом Сяргеейкаў, дык нібы i адабрала ногі. Спыніўся i замёр. Быццам i гэтага было ўжо даволі яго змардаванай душы — толькі зірнуць на ўсё роднае, мілае. Бег бегма ён раней, калі ўпершыню пакінуў вёску, паехаў вучыцца ў Нясвіж і, засумаваўшы па дому ды сябрах, па Кацярыне, вяртаўся ў вакацыі. Дык вось тады ляцеў да Янкавін! Пасля — у самой вёсцы — ішоў памаленьку, каб усе бачылі: вось ён ідзе! У форме! Гарадскі! I колькі было ўцехі, калі аднойчы ў Засценку яго не пазналі, палічылі за нейкага начальніка i здымалі перад ім вушанкі! Не толькі перад сапраўднымі службоўцамі, але i перад ім, сынам Яся Нямкевіча, кланяліся! Пазней саромеўся за той выпадак. А цяпер, калі ўспомніў яго, дык i зусім стала прыкра.
Крапаў рэдзенькі дожджык. Вясновы. Але невясёлы, нудны.
Снег, глыбокі i белы, з нацярушанымі перамёрзлымі ігліцамі ды карою, ляжаў толькі тут, у зацененым лесе, а вунь на санцапёку — на аселіцы, на людскіх сядзібах — ужо сям-там чарнеліся вялікія лысіны зямлі. Праз які тыдзень будзе вялікая вада. А тут, на аселіцы, паўстане цэлае мора. Як i кожную вясну. За ўсе доўгія вякі.
Алесь, калі быў яшчэ настаўнікам на Віцебшчыне i меў вольны час у вакацыі, дык ездзіў у Вільню, шмат сядзеў у бібліятэках, корпаўся ў старых паперах. Вывучаў гісторыю, культуру краю, заадно шукаў i звесткі пра свае Янкавіны. Калі яны ўзніклі, не адсачыў. Але па многіх упамінках адчуваў: яны здаўна, з сівых часоў.
З папер старых даведаўся: за доўгія вякі Янкавіны маглі не адзін раз знікнуць. Шмат разоў гарэлі. I ад маланак, i ад сваёй неасцярожнасці. Але найчасцей нішчылі ix войны. Каб чаго добрага, a войнаў, заваёўнікаў Янкавіны зведалі процьму.
Паліліся Янкавіны ў шматлікія руска-літоўскія, руска-польскія войны, а пазней — у вайну з Напалеонам. Хто ішоў на Маскву ці адкочваўся ад яе, гэты край быў на яго дарозе. У апошні час, што яшчэ на памяці многіх пажылых людзей, акружаючы наваградскіх паўстанцаў[ 14 14 Маюцца на ўвазе падзеі нацыяпальна-вызваленчага паўстання супраць царызму на Беларусі ў 1863-1864 гадах.
], вёску спаліла царская армія.
Але Янкавіны не зніклі. Паўставалі, чапляліся за жыццё, як i ўсё жывое на зямлі. I былі не толькі ахвяраю. I янкавінцы, як пісалася ў старых паперах, як перадавалася з вуснаў у вусны ў вёсцы, памагалі запыняць мангола-татараў, біць тэўтонаў у Грунвальдскай бітве 1410 года. Многія служылі ў войску Вялікага княства Літоўскага, дабіваліся шляхецтва (каторыя i на сённяшні дзень лічаць сябе тут шляхтаю, надта ў Засценку), а пазней, пасля падзелу Рэчы Паспалітай i адыходу ў 1793 годзе да Расіі, як i мае быць, служылі ў рускай арміі. Ваявалі з туркамі, з Напалеонам, на Каўказе, у Крымскай вайне. Нямала мужчын пагінула, праліло крыві за волю Балгарыі, a ўжо ў гэтым стагоддзі — у вайне з японцамі. Таму заўсёды i ў Янкавінах было шмат калек, сірот, удоў, заўсёды дзяўчат i кабет было больш, чым хлопцаў i мужчын.
Былі янкавінцы i «злачынцамі»: каторыя траплялі ў бунтаўшчыкі, паўстанцы супраць каралёў i цароў ці памагалі паўстанцам, каторыя сыходзіліся ў разбойніцкія шайкі, рабавалі багатых людзей i службоўцаў. Каго лавілі i каралі, а хто ўцёк з вёскі. Каторыя па сваёй ахвоце пакідалі родны кут, ехалі ў свет шукаць лепшай долі. Дык цяпер янкавінцы, можа, параскідаліся па ўсім свеце. Шмат ix i ў Сібіры, шмат i ў Канадзе, ЗША, Аргенціне, Францыі, Аўстраліі...
Янкавіны нязручныя для свету, а свет нязручны для ix. Яны, як i яшчэ каторыя тутэйшыя вёскі пры Налібацкай пушчы, чамусьці некалі ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскай губерні, хоць тыя Ашмяны былі за светам. Хоча хто справіць які клопат у павеце — едзе ў Стоўбцы, ca Стоўбцаў — у Баранавічы ці ў Мінск, а з Баранавіч ці з Мінска — у Ашмяны. Было б намнога лепш, каб іхнім паветам быў Новагародак: ён стаяў праз лес, праз вёрст дваццаць папрасцяк. Таму, лічы, ні адна кабета ніколі не была ў павеце, i не кожны мужчына ездзіў туды, самае вялікае — за сваё жыццё адлучаліся калі-нікалі ў суседнія вёскі. Але ніхто, здаецца, не паракаў на сваю долю: ва ўсіх тутэйшых людзей быў гэткі ж лес.
Читать дальше