Ад гэтага болю Алесь прачнуўся. Прывід знік, але сэрца яго — бадай, упершыню за жыццё — білася, нібы яму было цесна ў грудзіне, балела, a ўся скура на целе нібы сшэрхла. Штосьці дзіўна шумела ў вушах, аж не чуваць было плёскату веснавога дажджу за акном.
5.
Вясна настойліва змагалася за сваю волю; ужо адзін за адным пацягнуліся мокрыя, змрочныя, сцюдзёныя дні.
Настрой у людзей такою часінаю панылы. Але ўсе заўсёды чакаюць, што такое ліхое надвор'е не можа быць доўга, мінецца праз тыдзень-другі, i настане цяпло. Дык усе чакалі яго, святло, i лепшыя змены ў жыцці, хоць ніхто добра i не ведаў, якія іменна змены могуць быць.
У адзін з такіх дзён Гарбацэвіч рашыў схадзіць на сваё поле. Праўда, спачатку ён хацеў рэзаць з Віцем дровы, што навазіў на новую зіму за апошні кароткі час, калі трымаўся шарпак, але не дазволіла жонка. Пачала папікаць: у гэткае надвор'е добры гаспадар сабаку на двор не выганяе, а ты прэш хваравітага сына. Ён аблаяў i сына, i жонку, што лезе не ў сваё, замінае, плюнуў i пайшоў паглядзець, як перазімавала жыта.
Напрадвесні кожнаму гаспадару карціць такі клопат. Не прапала — будзеш з хлебам i да хлеба, сапрэла ці змерзла — будзеш ляскаць сам зубамі, будзе без вобмешкі i быдла.
Спачатку ішоў па тупкай вуліцы, тулячы твар ад калючага ветру i мокрага хляпістага снегу ў каўнер кажуха. Калі мінуў парослыя хвойнічкам Могліцы, убачыў: з дарогі на абочыну пракладзены глыбокія сляды. Нехта, відаць, гэтаксама пайшоў на сваё поле. Запыніўся, зірнуў: так, на полі, на невялікай праталінцы, сядзіць чалавек i нібы мацае зямлю. Сусед, Ясь Нямкевіч.
«Ну i ўпраўны! — зазлаваў сам сябе Гарбацэвіч.— Я толькі яшчэ падумаў схадзіць на поле, а ён ужо тут!»
Рашыў: не трэба абмінаць суседа. Трэба i зірнуць, якое ж у яго жыта, i заадно ісці далей па шляху замірэння, якое пачалося i вялося пасля той паездкі на Шубін, вясці яго, можа, да сваяцтва.
Збочыў i па глыбокіх слядах, па мяжы — налева быў Гарбацэвічаў шнур, а направа Нямкевічаў — пацягнуўся да суседа. За ўзбочынаю была вялікая лапіна чорнай зямлі: на ёй зелянеліся прыцярушаныя белай наледдзю зялёненькія касмылікі жыта.
«Добрае ж! — пазайздросціў.— I не змерзла, i не сапрэла...»
Нямкевіч убачыў яго, падняўся, абчысціў рукі. Чакаў, усміхаўся: «Убачыў, што я пайшоў, дык i ты бегам за мною?!»
Падышоў. Парукаліся.
— Здароў.
— Здароў.
— Ну што? — усміхаўся Нямкевіч.— Не сядзіцца дома? I ў сцюжу такую?
— Ведама...
— Добра, дзякуй богу, перазімавала,— ужо сур'ёзна прамовіў Нямкевіч,— хоць я, прызнаюся, чакаў горшага. Усё ж увосень снег лёг не на зусім умсрзлую зямлю. I многа яго было сёлета. Дык думаў: папрэе ў лагчынках жыта. Аж не, дзякуй богу.
Гарбацэвічаў кавал быў недалёка, за некалькі чужых шнуроў, але яны, не змаўляючыся, пайшлі i туды. Не мог Гарбацэвіч вярнуцца дадому, не пабачыўшы жыта на сваім полі.
Выйшлі на праталінку — ix, праталінак, на полі было ўжо нямала. Прыселі: i тут зелянелася невысокае, увосень згрызенае каровамі жыта — праўда, дзе гусцей, а дзе радзей.
— Няроўна пасеяна... — нібы прысароміўся Гарбацэвіч.— Відаць, тут хлопец сеяў.
— Такой бяды,— прамовіў Нямкевіч.— Надта ўведаеш, ці гусцей, ці радзей трэба сеяць. Пасееш густа — жыта малое, колас дробны, пасееш рэдка — жыта вялікае, а колас сяроўна дробны i зерне малое. Мусіць, яшчэ i сорт жыта многа значыць...
Гарбацэвіч маўчаў.
Нямкевіч гэтаксама замаўчаў, напусціў лахматыя бровы на вочы, зірнуў раз-другі ўверх, заплюскаў вейкамі: на вочы ляпіўся мокры снег.
— Ці здаецца мне, слухай, ці i праўда недзе нешта пішчыць... — прамовіў.— Няўжо ўжо жаўранкі прыляцелі?
Паўзіраўся ў бела-шэрую, змяістую высь i Гарбацэвіч. Але ён нічога не пачуў i не бачыў. Нават калі i адхіліў ад вуха навушнік аблавухі.
— Можа, i здалося... Не... Дальбуг, Пётрык, зірні: здаецца, цілінькае! — узрушыўся, як дзіця, Нямкевіч.— Няўжо прыляцелі ўжо! На снег!
Ён, Гарбацэвіч, па-ранейшаму нічога не чуў.
— Вунь! — Нямкевіч усё ж угледзеў маленькі цёмны камячок у небе.— Ну, усё. Канец зіме. Прыляцеў жаўранак — абагрэе поле песняю...— Закінуў галаву, паслухаў.— Любіць гэтая птушачка чалавека. Ці то пасеш статак, ці то арэш — а яна паблізу. Вісіць угары i пяе, каб ты не нудзіўся... Як высока ні ўзляціць, a сяроўна пра зямлю дбае...
«I праўда ж, душу цешыць...» — падумаў Гарбацэвіч.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
1.
Раней, калі Алесь мінаў лес i падыходзіў да Янкавін, дык набліжаўся да ix з усходу, са Стоўбцаў. Тады бачыў толькі Засценак. А сёння выйшаў з поўдня, са старога ніўнянскага бору, запыніўся на ўзгорку (гары, як тут казалі), на Пальку, дык убачыў з вышыні i Засценак, i Сяло, i Глінішча — адразу ўсе Янкавіны. Доўгія, лічы, у адну вуліцу. Цяпер сцішэлыя пад нізкім шэрым небам. Ды ў вячэрнім мораку.
Читать дальше