Усміхнулася — i яе твар яшчэ больш пасвятлеў ды памаладзеў, папрыгажэў, бо не толькі з весялосцю, a i з пяшчотаю бліснулі яе чарнаватыя вочы, крануліся поўныя вусны з рэдзенькім белым пушком над імі, i ўся яна, лёгкая, загарэлая, мякка ступала, ідучы босымі нагамі па нагрэтым асфальце.
Прыблізіўшыся, Васіль прыкмеціў у яе вачах сполах, разгубленасць, але яна ішла спакойна. Толькі калі праходзіла побач, шапнула: «Ён дома...»
Прашаптала — а яго, Васіля, як халоднай вадой абліла. Ён разгубіўся, успыхнуў, аж застукала кроў у скроні, а яна зірнула на яго i, здаецца, бачачы, што яго з такім настроем нельга цяпер пускаць у хату, мінула яго, пайшла не спыняючыся ды не азіраючыся.
— Хадзеце памыйце рукі ды палуднаваць будзеце, — гаварыла голасна, каб пачулі ў хаце.— Гэта ж «студэнт» наш двухгадзінны водпуск атрымаў.
Васіль павярнуўся i пайшоў за ёю да калодзежа, гледзячы на яе i любуючыся.
Люда спакойна апусціла ў студню вядро. Затым выкручвала яго з вадою наверх, паднімала, апускала руку, — тады вельмі хвалююча паднімаліся і апускаліся яе высокія грудзі, а сама яна яшчэ болей ружавела i рабілася ад гэтага прыгожай-прыгожай, такой вабнай, што нельга было адарваць ад яе вачэй.
Люда дастала вядро, i льючы яму на рукі ваду, нагнулася i ціхенька зашаптала:
— Загавары з ім неяк, што табе цяпер няёмка быць тут, што можаш перайсці да каго другога на час, пакуль ён не вернецца. Не ведае нічога, але надзьмуўся нечага... Не адашле, але супакоіцца.
Васіль падстаўляў пад халодную ваду рукі, мыўся i бачыў, як ляцяць пырскі долу, вільгатнеюць пясок i дробныя каменьчыкі, як яны, адплёскваючыся ад зямлі, трапляюць на яе ногі, i ён хваляваўся, што бачыць усё гэта. Ён апаласнуў рукі, твар, строс ваду i, не азіраючыся, пайшоў у хату. З парога ўбачыў на лаве ля акна невысокага, вузкага ў плячах i дробнага на твары гаспадара ў запыленых ботах i новай велікаватай спяцоўцы (саўгас паслаў яго, трактарыста, вучыцца на аднамесячныя курсы на камбайнёра), з вузкім лобам i з пышнымі чорнымі валасамі, старэйшага за жонку на гадоў восем. Гаспадар быў надта загарэлы на твары i ад таго яшчэ болей цяпер здаваўся пастарэлы, хмурны. Сядзеў i еў нехаця хлеб з салам.
Васіль, здаецца, спакойна, можа, нават залішне спакойна спачатку павітаўся з ім, выцер у парозе ручніком твар, хвалюючыся i саромеючыся, падышоў да стала i парукаўся. Гаспадар нават не ўзняўся, моўчкі падаў руку, разгубіўшыся, з незадавальненнем зірнуў у вочы i хутка адвёў позірк.
— Выпі, — першы буркнуў ён i адліў з адкаркаванай пляшкі поўную чарку віна, нервова, аж уздрыгнулі ў яго рукі, наднёс яе яму, разліўшы крыху віна на настольнік, пасля наліў чарку сабе, больш не запрашаў, моўчкі выпіў, зморшчыўся і, апусціўшы галаву, пачаў закусваць.
У гэты час пад'ехала да хаты машына, прыпынілася i засігналіла.
— Гэта на мяне, — уздыхнуў, самотна буркнуў ён, адхіліў фіранку i зірнуў на двор, пажаваў, а тады моўчкі падняўся, выцер у парозе ручніком вусны. Па-ранейшаму адводзіў позірк i маўчаў, шукаў сваю брылёўку.
— Сяргей...— прамовіў Васіль, гэтаксама падняўшыся.
Той выпрастаўся і, ужо здзівіўшыся, зірнуў яму ў вочы i не змог вытрымаць позірку, глянуў убок.
— Я вось падумаў: няёмка мне цяпер быць тут... Вас няма, пачнуць яшчэ людзі... Я перайду, можа, да каго, праз тыдзень будзе адпачынак, i тады я паеду адсюль...
— Чаго на тыдзень пераходзіць? — цяпер гэтаксама хвалюючыся, але з кожным мігам спакайнеючы, адказаў гаспадар i дадаў неяк весялей, ледзь не ўсміхнуўшыся: — Жыві... Ну, будзь здароў, — падышоў, ужо ўсміхнуўся, падаў руку, паціснуў i, невысокі, дробненькі, па-ранейшаму самотны, падаўся на двор, дзе яго сустрэла Люда, падала падрыхтаваны загадзя вузельчык i павяла да машыны.
Васіль не захацеў пазіраць на ix — як яны будуць развітвацца, пазіраць а дно аднаму ў вочы, — пайшоў у другую палавіну хаты пераадзявацца, аднак адчуваў, як яго захліствае рэўнасць.
Ён цяпер, як ніколі, пазайздросціў, што такая мілая добрая Люда — чужая жонка.
Машына хутка завялася i адкацілася. Васіль зноў захваляваўся: пачуў, што Люда не запынілася на двары, адразу ж ідзе ў хату. Ён паспеў ужо сцягнуць з сябе тэніску i майку.
— Ты тут?— адчыпіла дзверы, зайшла i весела, як радая, што муж паехаў, запытала яна, зірнула з любасцю, усміхаючыся аднымі вачыма.
Потым падышла зусім блізка, прыпынілася — высакаватая, стройная, лёгкая. Васіль пазіраў на яе папунсавелы твар, гладка зачасаныя чорныя валасы, на даўгаватую шыю.
Читать дальше