— Васілёк, мілы Васілёк!— шаптала пасля, лежачы паблізу i стомлена раскінуўшы рукі.
Яны доўга ляжалі побач, цесна прытуліўшыся. Першаю пакраталася Люда, паднялася, села, узяла ў нагах збітае прасцірадла i накрылася, пацалавала яго ў шчаку.
— Паедзеш заўтра...— зноў успомніла пасля, — а я буду адна, буду ўспамінаць нашы гэтыя ночкі i плакаць...
— Я ж кажу табе... З'едзем.
— Як жа я паеду з табою?— прашаптала Люда.— Я ж не дзяўчынка, як i сам бачыш. Хата ёсць, гаспадарка, муж жывы, дзеці... Бог з ёю, нарэшце, з хатай, i ён пражыў бы без мяне, але дзеці... Ты ж будзеш ім айчым, а не бацька. А кінуць ix я не магу...
— Ды i я...
— Ты не тое...— перапыніла яго Люда.— Не злуйся, родны, але гэта так. Я табе буду мілая, але дзеці мае не так... Будзеш вось некалі мець сваіх, дык убачыш... Хай бог бы нас звёў раней, калі я яшчэ не замужам была: мы ж толькі адзін для аднаго... Такія былі б шчаслівыя...
— Тады цяжка нам будзе, — сказаў ён, — хутка вернецца ён — i ўсяго гэтага не будзе, i мы з табой зноў будзем таіцца...
— Выходзіць так, — прамовіла яна.— Я за яго па-добраму выйшла, не скажу, што не кахала. Здаецца, кахала. Першыя гады мы добра жылі, радаваліся, што дзеці здаровыя растуць, багацеем. Сам бачыш — i хата ў нас новая, добрая, i ў хаце ўсё ёсць. Усё чысценька, усюды парадачак... Але каторую пару мучыла мяне нешта, што не так жыву, што нечага вялікага i дарагога не бачу, што трачу нешта, — i я замаркоцілася... Убачыла цябе, маладога i такога ладнага, як ты з чамаданчыкам у руцэ прыйшоў прасіцца на кватэру, зірнула ў твае вочы, і, далібожачкі, затрапяталася мае сэрца, аж спужалася я: сыдуцца нашы сцежачкі... I баялася я цябе браць, але i не магла адмовіць... Вось i сышліся... Бабы нашы не дурныя, усё цяпер бачаць. Як прычэпяцца на рабоце: мужыка няма, а чаму такая вясёлая ды, гавораць, чаму змянілася зусім за апошні месяц, пахарашэла ды памаладзела, што i не пазнаць? Што я ім сказаць магу? Што напраўду стала з табою шчаслівая, убачыла тое, чаго раней не ведала... Не скажаш ім, нічога не скажаш, бо ніхто не зразумее, а толькi папракаць будзе... Чужаніца ты мне, а самы дарагі чалавек стаў, не магу я без цябе...
— А ты...
— Не адпушчу, не адпушчу, — не даслухаўшы, Люда абхапіла яго за шыю, прыгарнулася, — я яшчэ не адлюбіла за сваю маладосць, не вярнула, што страціла... А я ж яшчэ маладая, жыць вельмі хачу, чуеш, жыць хачу...— шаптала i зноў пачала плакаць, бо добра, як i ён, ведала, што гаворыць адно, тое, што думае, а будзе, можа, зусім другое, тое, што даўно склалася i што змяніць вельмі i вельмі нялёгка, а то i няможна...
1975
1
Палуднёвая пара.
Ліпеньскае сонца — не круглае ды маленечкае, як у звычайны цёплы дзень, a нібы расплаўленае, разлітае шырокім кругам — вісіць сама высока на пабялелым, амаль без блакіту небе. Гарачынёю дыхаюць зямля, каменні, нібы пераліваецца-мітусіцца блакітнае паветра; ад спякоты, здаецца, агнём гараць голыя плечы, на лобе буйнымі кроплямі выступіў пот. Ён цячэ струменьчыкамі па шчоках, трапляе на вусны — i ў перасохлым роце робіцца солана.
Я, абуты ў цяжкія ялавыя, з белымі жалезнымі заклёпкамі чаравікі, у выцягнутых на каленях картовых штанах, пад поясам якіх вільготна ад поту, у газетным капелюшы, ужо каторую пару — з раніцы, калі было яшчэ свежа i халаднавата ад расы, — дубасіў сырой тоўстай мятровай калодкай па каменнях, забіваў ix у цвёрды грунт. Тыя каменні, што я ўжо ўбіў, здаецца, лезлі ў зямлю з ахвотаю, але вось гэты — тоўсты, пляскаты — ніяк не лезе, толькі ўціскае, моршчыць пад сабою тугі пясок. Ад працы гараць, пацеюць у рукаўках далоні, ныюць локці i плечы, агортвае стома, i я, спадзеючыся на кароценькі адпачынак, зірнуў на другога трамбоўшчыка, на свайго аднавяскоўца Антона, старэйшага на гады тры, ніжэйшага, але болей плячыстага: ён, як i гадзіну-дзве назад, усё гэтак, здаецца, ціха i без спеху таўчэ i таўчэ ўсё новыя i новыя каменні, аж калоцяцца мускулы рук, i не думае адпачываць. Хоць стаміўся i ён: цячэ вунь ручайком з лоба пот, збіраецца на доўгім носе i падае кропелькамі долу, але Антон не спыняецца, усё трамбуе, калі-нікалі паварочвае галаву то да аднаго, то да другога плечука i выцірае аб ix пот з носа.
Я нарэшце пе вытрываў, не збаяўся, што з мяне, такога рабочага, пасмяюцца маладыя языкастыя дзяўчаты — яны падносілі нам з крушняў каменне. Я прыпыніўся, абапёрся грудзінай па калодку i прыбітую да яе зверху круглую невялікую, на паўметра, палку-ручку, за канцы якой я абедзвюма рукамі паднімаў i апускаў дасюль калодку, аддыхваўся, чуючы, як сохне, моршчыцца ад сонечнай гарачыні спіна, як торгае кроў у скронях,
Читать дальше