Такую-сякую цікавасць да сябе ён адчуваў, хоць i думаў, што ён, гэты інтэрас, мог быць i ад таго, што ён новы чалавек тут. А да новых людзей заўсёды пільна прыглядаюцца.
Неяк паволі ён сам адчужваў сябе ад калектыву. I не таму, што сёлета адзін быў тут новы, а болей таму, што меў скрытнаваты i сарамлівы характар, які не дазваляў яму хутка пазнаёміцца ды пасябраваць з чужымі, малазнаёмымі людзьмі. Каб яшчэ хто іншы сам пайшоў яму насустрач, сам пастараўся б падружыцца, то i ён тады змог бы адказаць такім жа пачуццём. Хоць тут надта i не было яму з кім пасябраваць.
Алесь Трахімавіч i Іван Сямёнавіч былі намнога старэйшыя за яго, мелі свае клопаты, ды Зубок часта хварэе (вось i ўчора завезлі яго ў бальніцу лячыць жаўтуху), то з ім, хворым, i невядома, як паводзіць сябе, а Рагатка — дырэктар, неяк гэтаксама няёмка шукаць дружбы з ім, начальнікам. Ды яшчэ з надта ж строгім ды дзіўнаватым: то ён суровы, так хмурна пазірае i папракае, што мароз па скуры ідзе, то раптам так неспадзявана з некага пажартуе ці выбухне магутным рогатам, што i не ведаеш, што сказаць, усміхацца ці не... Відаць, са старэйшых самы кампанейскі — Вяртун. Здаецца, ён добры, спагадлівы, сяброўскі чалавек. Праўда, калі ён вып'е — нечакана мяняецца... Але ў школе спакойны, гутарлівы i жартаўлівы, як кажуць, душа калектыву: без яго намнога сумней было б працаваць... Хоць i з ім сяброўства не ладзіцца: ён сямейны, як адвучыць, дык i спяшаецца дахаты.
Астатнія — маладыя, намнога маладзейшыя за яго. З імі наўрад ці можа быць якое сяброўства: у ix зусім іншыя, чым у яго, клопаты. Настаўніцкія то адны — вучыць дзяцей, памагаць адзін аднаму ў гэтым. Хоць i не зусім адны: яны вучаць амаль усе старэйшыя класы, а ён — маленькіх дзетак, як i Мая Сцяпанаўна. Гэта даволі розная праца, не лягчэйшая, але іншая. Што ж датычыцца пазашкольнага, свайго, то ён ім, маладым, не пара. Там у ix усё рознае... Таму ён, мала спатыкаючыся з маладымі, знаў толькі мужчын, Васільца, Сліжа i маладога Рагатку, ды Маю Сцяпанаўну, з якой разам працаваў у другую змену, a астатніх, надта дзяўчат, нават яшчэ не ведаў, як ix называць па імені i па бацьку.
Ён, відаць, найбольш мог бы пасябраваць з Паўлам Мікалаевічам, з якім кватараваў амаль па суседстве. Мог бы, каб разам хадзілі ў школу, вярталіся з яе, мелі вольны вечар. А то выходзіла так: ён — дома, a Васілец — у школе. I наадварот. А вечарам, позна зусім, ён хадзіў раз да яго, але гаспадыня сказала, што яе кватарант, Павел Мікалаевіч, вечарамі дома не бывае... А пасля i сам пачуў, што той ходзіць да настаўніцы нямецкай мовы... Вось ён так i заставаўся адзін, усё яшчэ ніяк не мог з кім сысціся, адчуваў, што ён, бадай, адзін з прыезджых яшчэ не прыжыўся тут, не прывык да школы i да вёскі...
Як добра яшчэ не прывык i да свайго кватаранцкага жыцця, не так, можа, не прывык, як усё яшчэ не мог звыкнуцца з ім: некалі быў ён жанаты, меў свой добры дом, сям'ю, гаспадарку. I яму, калі меў усё гэта, а пасля прыйшлося пакінуць, то нялёгка было пачынаць усё спачатку — стаяць з чамаданчыкам у руцэ i гадаць, дзе ж знайсці сабе прытулак. Маладыя настаўнікі тут, у Міланьках, i там, дзе раней ён працаваў, здаецца, ахвотна i бесклапотна жылі на прыватных кватэрах, сталаваліся, лёгка прывыклі да кватаранцкага жыцця, а вось ён, маючы некалі ўсё гэта сваё, ніяк не мог змірыцца са сваім кватаранцтвам...
Праўда, Каця, цяперашняя яго новая гаспадыня, добра глядзела, напраўду ці крышку хітруючы, адгаворвала яго ад гэтай i іншай гаспадарскай працы, але была ўсё ж вельмі рада, што ён памагае. Пасміхалася, смачней карміла, часта мяняла пасцель, мыла яму бялізну, пазірала на яго заўсёды добра, з павагаю. А яму было не толькі добра на душы, што памагае адзінокай гаротнай кабеце, але чамусьці не раз i сорамна. Ён пачаў бянтэжыцца, калі заставаўся з ёю адзін на адзін, пазіраў ёй у вочы, бачыў, што яна дзеля яго стараецца яшчэ ў большай чысціні трымаць хату, сама харашыцца...
Дзеля яго... Гэтае адчуванне вельмі ўразіла, i ён стараўся не асаромецца перад Кацяй — амаль i не браў за гэтую пару чаркі, сам паверыў, што ніякі ён не п'яніца, як пра яго не раз гаварылі. Ён адчуў, што можа i зусім не піць... З кожным днём ён усё болей хваляваўся ад жыцця пад адною страхою з маладою кабетаю, адчуваючы, што ён усё ж мужчына i ў яго — як гэта доўга здавалася — не зусім перагарэлі чалавечыя пачуцці ды жаданні...
Міхаіл Апанасавіч бачыў, што падабаецца Каці; быў рады, толькі крышку з сорамам заўважаў, што падабаецца не так, як маглі б быць даспадобы вясковыя мужчыны, а прыемна ёй, што ён настаўнік, «чысты чалавек», што жыве ў яе i памагае, зусім не ганарыцца, не баіцца вясковай працы, мае някепскую плату. Не раз ён, думаючы пра ўсё гэта, гадаў: можа, дарэмна чакаць у яго ўжо немаладыя гады не жаночага добра абдуманага разліку, а сляпога юнацкага кахання, бо гэта ўжо было i, можа, ніколі не паўторыцца, але ўсё ж хацелася, каб ён быў пакаханы як чалавек, каб былі адчуты i яго пачуцці... Але — як ні жадаў патаемна нечага святога i далікатнага да сябе — сам жа часамі здзіўляўся, што ён да Каці адчувае гэтаксама нешта падобнае, што, можа, адчувала i яна — «а разам жа жыць можна...». Можа, вось, ведаючы такія свае думкі, бывала, саромеўся Каці, да якой пра свае пачуцці, думкі не загаворваў i якая гэтаксама не заводзіла пра гэта гутаркі, хоць часта-часта ў размовах была блізка да гэтага. Таму даўнавата ўжо адчувалася, што ў ix «нешта ёсць...».
Читать дальше