— Гавары ўсё як ёсць, — той прамовіў ужо мякчэй. — Я павінен ведаць праўду. Іста ў нас адна, дык я не магу быць абыякавы да яе лёсу. Калі вы зблізіліся выпадкова, Іста зробіць аборт, а цябе адгонім прэч. Калі вы кахаеце адно аднаго, дык гаварыць будзем іначай.
— Ніякія ў нас не шуры-муры, — падаў голас я. — Мы хочам быць разам.
— Дык кахаеш яе?
— Кахаю.
— З вёскі?
— З вёскі.
— Хто бацькі?
— Калгаснікі.
— Пішаш вершы?
— Пішу.
— Прачытай што-небудзь. На свой выбар.
Прачытаў. Пра родную вёску.
— Не Купала, канечне, але, здаецца, іскра божая ёсць, — ужо лагодна прамовіў генерал, а пасля яшчэ здзівіў: — Давай руку!
Я падняў галаву: на пісьмовым стале мяне ўжо чакала сагнутая ў локці гаспадарова ёмістая рука.
— Давай-давай, зяцёк! — ужо ўсміхнуўся той. — Розум ёсць, добра. Хачу яшчэ паглядзець: дужэц альбо слабак?
Як я ні ўхіляўся, але ўрэшце мусіў падаць сваю руку, i мы схапіліся ў своеасаблівай мужчынскай сутычцы. Я адразу адчуў: дужаюся са здаровым i натрэніраваным мужчынам. Канечне, i ён не мог не адчуць, што i мне прырода не пашкадавала сілы. Неўзабаве, натужваючыся, чырванеючы, мы закракталі. Hi гаспадар, ні я не маглі паадолець адзін аднаго.
— Добра! Малайчына! — пахваліў i падахвоціў мяне да далейшай барацьбы камдыў. — Моцны корань маеш!
Якраз у гэтую хвіліну рыпнулі дзверы — сюды, канечне ж, спяшаючыся на падазроны крэкт, зазірнулі Іста i яе маці — сярэдняга росту танклявая жанчына ў доўгай цёмнай вячэрняй сукенцы, у акулярах, з шыкоўнаю прычоскай. Іста гарэзна ўсміхнулася, а яе маці стрэльнула позіркам на мужа пахмурна i дакорліва. Сумеўшыся, я паслабіўся, i гаспадар ужо легка абваліў маю руку.
— Мацак! — задаволіўся ён i па-сяброўску ўжо ляпнуў мяне па плячы. Але калі ўслед за мной зірнуў на дзверы, таксама збянтэжыўся, падхапіўся, як хлапчук, i вінавата заўсміхаўся.
Я падняўся i першы павітаўся з гаспадыняй. Яна, учэпіста мяне азіраючы, кіўнула, але рукі, як убачыў я, невялікай, дагледжанай, з некалькімі пярсцёнкамі, не падала.
Іста борздка падскочыла да бацькі, павісла ў яго на шыі:
— Татачка, Алесь табе спадабаўся?
— Иста, что ты себе позволяешь? — рэзка незалюбіла маці. — Как ты себя ведешь?
Пазіраючы на гаспадыню, я адчуваў: яна даволі прыгожая, з тонкімі рысамі твару, але кожны штрышок паказвае, што яна нервовая. Можа тут жа весела зарагатаць, але можа i тут жа нястрымана ўскіпець.
— Татачка, не маўчы! — не адступалася Іста.
— Галоўнае, каб спадабаўся табе, — дыпламатычна ўхіліўся той i, бачачы незадаволены жончын позірк, мякка адхіліў ад сябе дачку.
— Значыць, спадабаўся! — па-дзіцячаму запляскала ў далонькі Іста. — Ён добры, вось убачыце. — Прамовіла i зірнула на бацькоў з ззяннем у вачах, з дзявочай радасцю, i ў гэтыя хвіліны была чароўная ў сваёй шчырасці і, мабыць, наіўнасці.
— Не перахвалі, — цёпла, па-бацькоўску ўсміхнуўся камдыў. — Сям'я — рэч сур'ёзная.
— Я ведаю, тата.
— Што ты кажаш? — задаволена пацвеліўся той.
— Хопіць блазнаваць, — перапыніла ix гаспадыня. — Хадзем да стала.
У шыкоўна абстаўленай залі (значыць, генеральша не прымяркоўвалася да некаторых жонак вялікіх начальнікаў, дзеячаў навукі i культуры, якія жылі сціпла, а любіла не толькі дастатак, але i форс) нас чакаў багаты стол. Нават цяпер, вясной, былі тут свежыя агуркі i чырвоныя памідоры.
— Да ведама зяця: у нашым доме ніколі няма спіртнога, — калі паселі, сказаў гаспадар. — Але дзеля сённяшняга дня купілі шампанскае. Падзея ўсё ж урачыстая.
Твар Ісцінай маці панервовеў — яна зірнула на мужа незычліва. Ён асекся, моўчкі i без належнага шуму адкаркаваў бутэльку i пачаў наліваць у фужэры. I няўдала: віно ўспенілася i палілося на беленькі абрус.
— Хвалююся, — ніякавата прызнаўся ён, a калі падняў свой фужэр, дадаў: — За наша знаёмства, за ваша каханне i за вашую моцную ды шчаслівую сям'ю, моладзь!
Калі выпілі i пачалі закусваць, наступіла цішыня — залішняя, гнятлівая для мяне. У ёй я асцерагаўся гучна ляскаць нажом i відэльцам, саромеўся есці, тым больш што генеральша вельмі ж элегантна, здаецца, не ела, а толькі смакавала стравы маленечкімі кавалачкамі. Хоць я мог добра апаражніць талеркі i салатніцы, але стрымаўся, паклаў відэлец.
— Малады чалавек, — тут жа запытала мяне гаспадыня, — вы добра падумалі, як будзеце ладзіць сям'ю, яе бюджэт?
— Хіба, дарагая, не ведаеш, пра што ў ix, маладых, найперш думкі? — здаецца, пачаў ратаваць мяне гаспадар. — Іншыя прыйдуць пазней, калі ix укусіць свая вош.
Читать дальше