Болей ён не танцаваў. Болей не стараўся сачыць за Даўгапол, хоць усё роўна заўважыў, калі яна з даўганогім хлопцам падалася з залы. Неўзабаве выйшаў i ён. Не хацеў ісці ўслед, але нібы самі павялі ногі.
На школьным двары нікога ўжо не ўбачыў, пачуў толькі матацыклетны гул, што хутка аддаляўся ад школы, ды ўбачыў святло, што доўгім промнем урывалася ў цемень, асвятляла вуліцу, платы i таксама аддалялася, імкнулася наперад i наперад. Віктар трушком пабег следам за гукам i святлом, адчуваючы незвычайны адчай, а таксама i трывогу. Здавалася, у гэтыя начныя хвіліны ён траціць нешта самае дарагое ў сваёй душы, аддае яго без бою, увогуле, ён баязлівы, нікчэмны чалавек, варты толькі жалю.
Бегучы, ён ужо не чуў матацыкла, бо заглушваў яго сваім тупатам па бруку, але бачыў, што светлы прамень павярнуў з гэтай вуліцы, бліснуў у цёмнае неба, а пасля асвяціў іншую вуліцу, дзе кватаравала Даўгапол.
Там, на Пясках, неўзабаве святло i патухла. Значыць, хлопец давёз сваю зямлячку да яе кватэры i запыніў матацыкл. Віктар запаволіў бег i, аддыхваючыся, пайшоў павольней, каб у чуйнай цішыні тыя не пачулі яго крокаў.
Вялікая вёска, лічы, ужо спала. Толькі сям-там сіне — ад уключаных тэлевізараў — свяціліся вокны ды таксама там-сям гарэлі невялічкім агнём начныя настольныя лямпы — у гэтых хатах, як ведаў, ёсць маленькія дзеці.
Сэрца яго тахкала, аж, здаецца, ціснула ў горла. У вушах звінела ад напружання. Па знаёмых абрысах — дашчаным плоце, бетонных, пабеленых вапнаю слупах, па высокай хаце, паблізу якой стаяла высозная антэна, — пазнаў, што падыходзіць да суседавай хаты. Тут зусім запаволіў хаду, пайшоў на дыбачках.
Ля плота старой Альдоны стаяў матацыкл, паблізу яго, на лаўцы, сядзелі Даўгапол i гэты непажаданы госць. Размаўлялі. Віктар стаў, затаіўся.
Ведаў: падслухоўваць непрыгожа. Але ён не мог пакінуць госця сам-насам з Даўгапол, не ведаў, што трэба рабіць, дык запыніўся ў нерашучасці ды ў аняменні.
— Слухай, ды ты ўжо знайшла сабе паклонніка... — пачуў ён зневажальны, кплівы голас. — Сам бачыў: адзін белабрысы, з яўна ўжо вытыркнутым пушком пад носам увесь вечар не зводзіў з цябе сваіх луп, вожыкам пазіраў на мяне...
— Не выдумляй, — адказаў яму жаночы голас. — На вечары сёння былі адны дзеці...
— Той вожык — ужо не дзіця...
— Ты раўнуеш? — услед за словамі данёсся гарэзны смех.
— Не раўную, але... Ну, разумееш...
— Перастань, не зважай на дробязі... Ты ж прыехаў не папікаць мяне. Так? Тым больш што я перад табою ні ў чым не вінаватая.
Больш ён нічога не пачуў. Наступіла доўгае маўчанне. Але неўзабаве здагадаўся, што гэтая цішыня незвычайная: Даўгапол i хлопец цалаваліся.
«Значыць, яна яго кахае», — горка падумаў ён i ціха сышоў адгэтуль. Але дадому не падаўся, доўга блукаў па вёсцы, пакуль не пачуў, як з Пяскоў загудзеў матацыкл i пагнаў перад сабою святло па драўлянска-стаўбцоўскай шашы.
3.
«Добры дзень, Ніна Адамаўна!
Вы, канечне, здзівіцеся, калі атрымаеце гэты ліст. Па-першае, ліст будзе не з далёкіх якіх мясцін, а з нашага Драўлянага, па-другое, Вам піша вучань той школы, дзе Вы працуеце цяпер.
Я не ведаю, Ніна Адамаўна, як усё Вам расказаць пра тое, што хачу. Ды асмельваюся прызнацца: я — Віктар Шпак з дзесятага класа. Мой бацька працуе на трактары, a маці — на ферме. Я вучуся яшчэ i вучуся няблага, троек i двоек не маю. Калі скончу школу, дык хачу паступаць вучыцца на агранома, каб зноў вярнуцца ў Драўлянае i жыць тут. Ды i наш дырэктар саўгаса, Валовіч, кажа: «Можаш ехаць у горад i вучыцца там, а можаш працаваць у нас i вучыцца завочна». Як Вы, Ніна Адамаўна, параіце мне зрабіць?
Я, Ніна Адамаўна, ведаю, што Вы маеце сябра, таго, што прыязджаў да нас на вечар на матацыкле, але я хацеў бы пісаць Вам лісты. Ці згодны Вы будзеце на гэта? Адкажыце. Толькі не падпісвайцеся сваім сапраўдным прозвішчам, a назавіцеся, скажам, Мішам. Наша паштарка можа прачытаць употай ліст i расказаць усім, дык лепш няхай яна ўсяго не ведае.
Я вельмі чакаю Вашага адказу, як салавей лета. Буду вельмі рады, калі Вы мне напішаце. Усяго Вам добрага. В.Ш.».
4.
«Віця!
Я атрымаў твой ліст, уважліва прачытаў. Праўда, я не зусім здзівіўся, што прыйшло гэтае пасланне, я яго нават нібы чакаў. Чаму? Ды многае было ўжо відаць. I не толькі мне аднаму.
Я не ведаю, што табе адказаць. Ты пытаешся, ці дам я згоду, каб мне пісаць, але я за гэтым пытаннем бачу іншае, большае. Я разумею, здаецца, чаму ты хочаш пісаць якраз мне.
Я ўжо ведаю: ты — добры вучань. Амаль выдатнік. Ты, як усе настаўнікі кажуць, вельмі здольны, абавязкова паступіш у ВНУ, будзеш добра вучыцца. Але цяпер ты — яшчэ вучань. Ты яшчэ не павінен адносіцца да мяне так, як адносішся цяпер. Мне той, каго вы называеце Бусел, даў ужо заўвагу: «Да нас дайшлі чуткі, што ў вас раман з вучнем. А гэта, разумееце, для нас усіх пляма, сорам. Вы павінны тут жа абарваць усё, спыніць i выкінуць з галавы». Дык от я, Віця, прашу цябе: не пазірай больш так на мяне, не хадзі за мною ўслед i не пішы мне ніякіх лістоў: ты ставіш мяне ў няёмкае становішча, выбіваеш з раўнавагі.
Читать дальше