Яны хадзілі ў нашу пачатковую школу, то мусілі часцей, чым нашы, падмятаць у класе, не старацца на ўроках добра адказваць i не атрымліваць пяцёрак; калі гулялі ў хованкі, ім даводзілася часцей шукаць, а не хавацца.
У нашай школе самым старэйшым i дужым быў Мішка — стараста другой змены. З раніцы вучыўся першы i трэці клас, пасля полудня — мы, другакласнікі, i большыя.
Мішка быў высокі, плячысты, пад носам у яго ўжо чарнеліся вусы — ён яшчэ да вайны адзін ці два гады вучыўся ў польскай школе, «нямала пастаяў на коленках у кутку». Дома ён араў, касіў, піў з мужчынамі гарэлку, на вечарынках агрызаўся са сталымі хлопцамі, не «папускаўся», каб над ім так жартавалі, як над намі, на гадоў восем меншымі за яго.Ён і ў школе не надта слухаўся маладой настаўніцы, часта даводзіў яе да плачу, i тая пасылала каторага з нас, каб мы паклікалі Мішкавага бацьку. Але мы, гэўрыкі, як ён дражніў нас, не хадзілі i не клікалі: баяліся Мішкі. З ім дружылі толькі пераросткі Пятро i Віця, але гэтаксама надта не пярэчылі яму.
2.
...У той лютаўскі дзень яны завяліся з-за сцежкі. Праўда, яе спачатку не было: пакуль мы вучыліся, вецер круціў i перасыпаў снег, гнаў па полі, залізаў ім санную дарогу, i нам трэ было ісці па цальнягу.
Мішка, Віця i я жылі на другім ад школы канцы вёскі, i нам ладны кавалак дарогі выпадала ісці разам з крычатоўцамі, бо мы хадзілі не вуліцаю (так было далей), а па полі, напрасткі. Вось, калі выйшлі на голае поле, Мішка i пагнаў крычатоўцаў таптаць сцежку, а сам цягнуўся па ix слядах i падганяў: «Ну, ну, гэўрыкі!»
Крычатоўцы, усе дробныя, нядужыя, спачатку паслухаліся, як i заўжды, мяняліся па чарзе, ішлі след у след, але хутка стаміліся, набралі ў боты снегу, памарозілі ногі i сталі прасіцца падмяніць ix, але Мішка нават i слухаць не хацеў пра гэта, піхаў ix у плечы i гнаў наперад. Тады яны адмовіліся ісці першымі, збіліся ў кучку i плакалі, пагражалі, што раскажуць настаўніцы.
Мішка пасміхаўся, абы-што гаварыў, з месца не кратаўся, стаяў, сціскаўся ад холаду, калючага ветру, цёр халодныя шчокі i загадваў крычатоўцам падавацца. Я не вытрымаў холаду ды гэтай гыркатні i, абышоўшы ўсіх, памкнуўся таптаць сцежку, але Мішка хапіў мяне за плячо, прыцягнуў да сябе, прасіпеў: «Што — шкода ix стала? Эх ты, гэўрык!..»
Цямнела, хацелася есці, было холадна, але Мішка i не думаў здавацца, усё сыкаў: «А ну пайшлі, казіне». Калі яны так i не падаліся, ён узвярэў, накінуўся на ix i стаў матлашыць сумкаю. Хлопцаў паваліў, панатыкаў кожнага тварам у снег. Пасля кінуўся да маленькай Камці — адзінай дзяўчынкі-крычатоўкі,— піхнуў яе, хапіў жменю снегу, хацеў нацерці ёй твар, але яна павалілася, засланіла нос i шчокі рукою, папрасіла: «Не біся» — i так жаласна глянула на яго, што я сумеўся, у мяне сцялося ад страху сэрца, i я ледзь не заплакаў. Але Мішка сціснуў снег на лядзяшку i пляснуў ёю у твар Камці. Яна заплакала, з носа паказалася кроў.
— Бандзюга! — крыкнуў я.
— Ну, ты! — Мішка вызверыўся на мяне, вылупіўшы вялікія, па яблыку, вочы.— Калі так, то смалі першы. Я цябе...
Я не чакаў, пакуль крычатоўцы падбяруць вытрасеныя з кішэняў ручкі ды гумкі, пайшоў пракладаць сцежку, глыбока правальваючыся i набіраючы ў боты снегу.
— Які жаласлівы! Смаркаты гэўрык! — гудзеў ззаду Мішка, ужо на мне спаганяючы сваю злосць.— Будзеш такі добранькі, дык яны цябе заганяюць... Але каб дома маўчаў, як нічога i не было. Папробуй толькі пахваліцца!..
Дома я звычайна расказваў маці пра ўсё, што было за дзень у школе, паказваў, якую атрымаў ацэнку, за што мяне пахваліла настаўніца. Але на гэты раз прамаўчаў, нічога не прамовіў, бо добра ведаў: маці не пахваліла б за тое, як мы абышліся сёння з Камцяю. А яе плач не выходзіў з маіх вушэй, у вачах стаяла, як толькі заплюшчуся: Мішка б'е лядзяшкай Камці ў твар...
Ноччу мне снілася, як мы ішлі па цальнягу, гналі перад сабой казінцаў, піхалі ix у снег. I мне здалося, што я ўдарыў Камцю ў твар лядзяшкаю, разбіў ёй губу... Я крычаў спрасоння i ўскакваў, так мне было страшна — маці колькі разоў уставала i супакойвала мяне.
Назаўтра, калі я падняўся раненька, сон не выходзіў з галавы; я не чакаў, калі да мяне зойдуць Мішка i Віця, пайшоў у школу адзін. Плёўся i бачыў, што крычатоўцы ўчора ці першая змена сёння панапісвалі на снезе абышто пра нас, янкоўцаў,— выводзілі пальцамі ля сцежкі. Я добра ведаў, што Мішка не даруе ім гэтага, будзе помсціць, і, каб ён не прачытаў іхніх абраз, не прыдзіраўся, каб зноў не папала Камці, стаптаў нагамі надпісы.
Калі сустрэўся з крычатоўцамі ў школе, яны злаваліся, не гаварылі, не прынеслі сушаных яблыкаў i плотак; Камця, як толькі пайшла дамоў першая змена, не глянула на мяне, спырскала i пачала падмятаць падлогу — была сёння дзяжурная.
Читать дальше