Антонік не ведае, як удараюць малаткі, а я знаю: пудовы малацішча б'е глуха, як у барабан, a маленькі малаток, які часцей гуляе па кавадле, ляскае дробна, бацька выладжвае ім усялякую тонкую работу — клепле сярпы, нажы, шылы.
Я іду i гадаю, чым будзе карміць нас сёння маці. Відаць, наварыла бульбы — яна яшчэ маладая, цвёрдая, мылкая, але есці ўжо можна. Яе добра пасыпаць соллю i есці сухама ці нашчыпаць звялага пер'я цыбулі i кусаць з ёю. А можа, маці сабрала малака, паставіць на стол кіслага?
Я сам здзіўляюся, чаму гэтае лета думаю многа пра ежу, ці таму, што ў нас даўно выйшла сала i мы не ядзім скваранага, ці таму, што працую, трачу многа сілы, ці таму, што ўсё лепшае — смятану, тварог — берагуць для сястрычкі. Забыўся я ўжо, калі ўволю з'еў i чорнага хлеба — адрэжа маці лусту, дасць, а бохан загорне ў белы ручнік i пакладзе на паліцу, напамяне, каб без яе не чапалі...
На ганку нас сустрэла маці, усміхнулася: «Ах, мае вы работнікі!»— -але чамусьці абняла ды пацалавала толькі мяне, хоць я цяпер вельмі хацеў, каб мама прылашчыла i бацьку: ён многа працуе — цэлы дзянёчак махае молатам, адпускае мяне паляжаць на траве, пакупацца ў рэчцы, а сам не выходзіць з кузні, стукае, пацее ля агню, а ноччу глуха i цяжка кашляе...
— Ну, што вы сёння зрабілі? — пытаецца маці i палівае нам на рукі халодную ваду.
Мы з бацькам намыльваем рукі, крэкчам i не спяшаемся адказваць. Другім часам я не вытрымаў бы, адразу пахваліўся б, але сёння маўчу, чакаю, што скажа бацька.
— Мы заробім скора Стасю на боты,— кажа ён.
— Малайцы! — радуецца маці.— I я вас сёння нечым пачастую...
Мы заходзім у хату, садзімся за стол. Маці высыпае ў глыбокую місу гарачую бульбу, пара з якой валіць пад столь, i ставіць маласольныя гуркі. Як убачыў я картоплю, у мяне так пацяклі з рота слінкі, што я перастаў стрымлівацца, быць «сталым», напоўніцу набіў рот бульбаю, толькі зяхаў: была яна надта гарачая, апякала рот. Дасюль я, здаецца, не ведаў, што бульба такая смачная.
— Гэта вам, мужчынам,— усміхнулася маці, узяла з паліцы невялікі кавалак сала, адрэзала два роўныя кусочкі, падала мне i бацьку.
Я добра ведаю, што ў нас ужо няма свайго сала, кончылі яшчэ вясною, хрэсьбінамі. Сама мама i бабуля сала не ўзялі, хрумстаюць гуркі i запіваюць бульбу расолам, i хоць часта гавораць, што посная гэта яда, некалі будзе лепшая, але сёння маўчаць, i, здаецца, усе задаволеныя. Толькі наша Ганька не радуецца, не засмучаецца, спіць сабе — сапе ў носік i цмокае губкамі...
— Мама, дзе вы ўзялі сала? — спытаў я, калі крыху збіў голад.
— Вы зарабілі,— кажа яна.— Занесла сёння Пётрыкавым серп, што вы змайстравалі, вось i далі. Так што i ты ўжо наш карміцель...
Я ўсміхаюся, нават бянтэжуся: так мне добра. I тут жа думаю, што, відаць, i бабуля, i маці гэтаксама хацелі б пакаштаваць сала, i я ўзяў нож, адрэзаў ад свайго кусочка i ім па скрыліку.
— Еш сам, сынок,— адмаўляецца бабуля.— Мы тут пры доме... А вы ж у кузні...
I бацька, як толькі цяпер я заўважыў, не еў сала, глядзеў на мяне i пасміхаўся, адрэзаў два кусочкі, падаў ix кабетам, хоць тыя нізавошта не хацелі браць. Узялі толькі тады свае долі, калі сказаў, што i ён не будзе есці.
4.
...У кузні горача, млосна: спякотна на дварэ i паддае цяпла агонь. Я сяджу на калодзе, паддзімаю i здзіўляюся: як трывае ля горна бацька? Твар яго чырвоны i чорны ад гарачыні i вугалю; на поце, што выступіў буйнымі кроплямі на лбе, блішчыць полымя; бацька аблізвае сухія губы ды выцірае рукавом з ілба пот, пакручвае доўгімі абцугамі жалеза, горне на яго вугаль, пасля бярэ чырвоны вугалёк i прыкурвае. Я ўжо ведаю: ён будзе паварочваць у агні жалеза, пасыпаць яго жоўценькім пясочкам да тае пары, пакуль яно не стане белым, не заструменіць уверх іскрамі,— тады бацька выхапіць белы кавалак, кіне яго на кавадла,— i яны хопяцца з дзедам Васілём біць малатамі. Б'юць яны моцна, з усяе сілы, ляцяць па баках толькі гарачыя пырскі. Я закрываю рукавом твар — каб не апаліла.
Калі жалеза пачырванела, a мясцінамі на ім паказаліся i чорныя плямы, бацька зноў совае яго ў агонь, закурвае ад вугля, дзед Васіль садзіцца i адпачывае, а я кручу кола паддзімала i думаю, што скора мне ісці ў школу, што мяне будуць вучыць чытаць i пісаць, i я, калі папросіць бабуля, буду складаць лісты яе сыну, дзядзьку Янусю, які летам перабраўся ў горад. Я не заўважаю, як бацька выхоплівае з агню белы кавалак, кідае яго на кавадла,— i зноў пяраць па жалезе з дзедам малатамі.
...З полудня дзед Васіль не вярнуўся. Зайшоў яго сын i сказаў, што стары захварэў, злёг у пасцель. Яны з бацькам паспелі выкаваць сякеру, засталося яе толькі натачыць i загартаваць.
Читать дальше