— Мама,— спытаў я аднаго дня,— a ці забірае бусел маленькіх дзяцей назад?
— Чаму ты хочаш гэта ведаць? — усміхнулася яна.
— Хай забірае, не трэба яна нам...— сказаў я, успомніўшы, як на днях бабуля прынесла салодкі пернік, то маці адламала мне толькі маленькую скібачку, а астатняе схавала «даваць Ганьцы».
— Чаму ты хочаш аддаць сястрычку? — дапытвалася яна.
Я прамаўчаў, але хацеў сказаць, што яна, мама, была дасюль да мяне добрая, ласкавая, а цяпер на мяне мала глядзіць, палюбіла гэтую маленькую дзяўчынку, болей думае пра яе, як пра нас з бацькам. Але нічога не сказаў, толькі насупіўся.
— Буслік мой! — прытуліла маці мяне да сябе.— Бадян дзяцей назад не забірае. Ен яшчэ нам браціка прынясе. Хочаш?
— Не,— крыкнуў я.
— Чаму, сынок? — здзівілася маці.
— Не хачу.— Я не сказаў, чаму не жадаю яшчэ i хлопчыка, хацеў толькі запытаць, ці любіць яна мяне яшчэ, але стрымаўся.
— Ох, мае вы дзеці! Некалі будзеце радавацца адно аднаму,— прамовіла маці, але я не зразумеў, што яна хацела сказаць, не пераставаў думаць пра браціка i баяцца яго.
Рашыў, што трэба ўсяляк не дапусціць да коміна бусла: зноў укіне дзіця. Я штохвіліны прасіўся на двор i, колькі дазвалялі мне, быў там, паходжваў i выглядваў, ці не ляціць бацян.
Пакажацца — праганю, няхай вяслуе да суседзяў, у ix даўно няма маленькіх дзяцей... Але бусла не было, i я зразумеў, што не дапільную яго. Укіне яшчэ адно малое, калі адвярнуся куды, i давядзецца гэтаксама калыхаць яго. I не толькі гушкаць...
Вечарам маці расказала бацьку, як хацеў я пазбавіцца ад сястрычкі. Ён слухаў яе, пасміхаўся, а пасля пачаў дакараць мяне:
— Пара ўжо табе, Стаська, сталейшым быць. Скора ў школу ісці, а ты ўсё дзяцінішся. I чаму ты не хочаш яшчэ i браціка? Весялей жа будзе.
— Нам i так мала есці,— сказаў я.— Лусту хлеба мама цяпер дзеліць на чатыры кавалкі, а тады будзе рэзаць на пяць...
— Ты i праўда ўжо сталы.— Бацька перастаў усміхацца, сеў за стол.— Колькі яшчэ, маці, у нас засталося жыта?
— Сам жа ведаеш, чаго пытается? — адказала яна.— На раз змалоць. A ўперадзе — лета... Пакуль тое новае...
— Да новага далека...— уздыхнуў бацька, пацёр далоняю лоб, пасля глянуў на мяне, ды так пільна, як на дарослага.— Дык не хочаш гуляць з маленькаю? Не? Тады будзеш штодзень хадзіць са мною ў кузню памагаць зарабляць хлеб...
3.
Цемната дагнала нас за лесам; у бары быў цёплы пясок, душнаватае паветра, а тут, у полі, бралася раса, студзіла ногі. Я ішоў побач з бацькам, маўчаў, адчуваў на плячах астуджаны пот, стомленасць, ведаў, што хутка мы прыйдзем дадому i я буду паліваць ваду бацьку на яго чорныя, вымазаныя вуглём i жалезам рукі, а пасля буду мыцца сам, смачна есці i моцна спаць, нават не прасіць расказваць мне казкі.
Я не доўга гуляў з сястрычкаю, да якой пачаў прывыкаць, бо да нас пераехала бабуля, цяпер жыве з намі i гуляе з унучкаю, а я стаў працаваць.
Бацькава кузня стаіць непадалёку, тут, на хутары, дзе да вайны жыў ён i сам. Калі ў блакаду хату спалілі, бацька з маці перабраліся сюды, да дзеда, а кузня засталася на ранейшым месцы. Вось нам i даводзіцца хадзіць на працу за добрую вярсту.
Работа мая ў кузні не такая ўжо i цяжкая. У бацькі ёсць памочнік, хударлявы, стары, з задышкай, дзед Васіль, які памахае крыху молатам, сядзе i не можа адсапціся, нават не курыць, сядзіць i глядзіць у зямлю, пакуль не нагрэецца жалеза. Я падмяняю старога — паддзімаю агонь. Даюць мне i другую работу — зубіць сярпы. Дзед Васіль слепаваты, добра не бачыць, часта б'е малаточкам бацьку па пальцах, таму тата налаўчыў зубіць мяне.
Рабіць гэта нялёгка, хоць i цікава: бацька кладзе на дзве калоды стальны роўны вал, ложыць на яго гладка вытачаны серп i настаўляе зубільца, а я часта-часта, з аднолькавай сілай, б'ю па ім малатком. Спачатку ў мяне не выходзіла: біў я моцна i рассякаў вастрыё сярпа, а то стукаў слаба, i зубы былі нявострыя. Часта ўгоджваў бацьку па пальцах, набіваў сінякі, бацька аж войкаў ад болю, лізаў пальцы i крычаў на мяне, але скора я прызвычаіўся — зубікі атрымоўваліся роўненькія i востранькія. Бабы, як жалі, не маглі нахваліцца гэтымі сярпамі i болей хвалілі мяне, чым бацьку...
— Стаміўся, малады каваль? — спытаў бацька, паклаў мне на плечы цяжкую руку. Ён сярдзіты, калі працуе, a калі падыходзім да хаты, ажыўляецца, жартуе.
— Не,— адказваю я.
— Прагаладаўся?
— Не,— зноў гавару я, хоць ужо даўно смокча ў жываце, цякуць слінкі, аж баліць у роце, але я мужчына, я не сусед — аднагодак Антонік, які гуляе цэлымі днямі ў «коні», лепіць гліняныя домікі ці пячэ пясочныя аладкі, плача, калі застрэміць нагу ці ўджыгне яго пчала. Мне няма часу гуляць, мне трэба памагаць бацьку ў кузні, памагаць зарабляць хлеб... Я не плачу, калі мая рука трапіць пад малаток, замлее ад болю, пасінее; не бядую, што ў мяне звініць у вушах ад стуку.
Читать дальше