Ды які мог быць у яе, кабеты, спакой, калі яшчз паблізу ішлі баі (уночы, у цішыні, нават чуваць, як бухае за Налібацкаю пушчаю, калоціцца, стогне ад бомбавых выбухаў зямля, ды відаць, як там палымнее неба), калі яшчэ няма тут ладу, яснасці. Удзень ляціць, едзе, ідзе на захад адна сіла, a ўночы — яшчэ i іншая. Уночы пруць, даганяючы фронт, ацалелыя нямецкія часці, паліцэйскія, усякія цёмныя людзі, а таксама разбойнічаюць рабаўнікі. I цяпер — без вайны — усё яшчэ можна скласці галаву. Нават ненаўмысна i выпадкова. Асцеражнейшыя людзі цяпер вельмі пільныя. Лічы, далей свайго ганка не вытыркаюцца на чужыя вочы. Але ні Васіль, ні Яніна не паасцерагаліся, узгарэліся кінуцца, як у вір, у новы дзень.
— Выжылі ў вайну, дык выжывем i цяпер,— усміхнуўся ён, каб зноў падбадзёрыць Яніну.— Цяпер грэх загінуць. Ды збіраючыся доўга i шчасліва жыць...
— Упарты ж ты...— нязлосна, мякка папікнула яна.
— A хіба кепска, калі мужчына ўпарты ці настойлівы? — пагарэзаваў. Яна не ўтрывала, таксама ўсміхнулася, бо зразумела яго намёк, але пастаралася быць строгаю. Ды не паспела ні кіўнуць пальцам, ні штосьці сказаць болей: ён затуліў яе вусны сваімі.
Яніна не ўпарцілася, i на нейкую хвіліну абое заціхлі ў доўгім пацалунку, не зважаючы, што іхні конь запыніўся,— відаць, адчуў апушчаныя лейцы i ca смакам ткнуўся да прыдарожнага дзікага сіняга лубіну: яго, лубіну, абапал дарогі было шмат.
— Ах, как хорошо-то! — нечакана сцёбнуў па ix блізкі мужчынскі голас.
Яніна i Васіль рэзка адхінуліся адно ад аднаго, зыркнулі на дарогу: што за людзі заявіліся тут нечакана?
З-за павароткі, з-за густых арэхавых кустоў адзін за адным выходзілі вайскоўцы. У ботах, у зялёных доўгіх плашч-палатках, але без пілотак. Усе загарэлыя, русявыя. Конь падняў галаву i нібы ўзрадаваўся падарожным. Пасля сам крануўся ім насустрач. Пад'ехаўшы бліжэй, Васіль заўважыў за густым арахоўем вытыркнуты цёмназялёны капот вайсковага грузавіка.
«Здаецца, чырвонаармейскі,— пільна ўзіраючыся, падумаў ён.— А можа, i не чырвонаармейскі. Цяпер шмат хто ў такой форме ходзіць, ездзіць на такіх машынах ці, наадварот, чырвонаармейцы, бывае, катаюцца на нямецкіх легкавіках ці матацыклах».
Першы вайсковец запыніў за вобраць рахманага каня, пасля, трымаючы правую руку пад плашч-палаткаю, падышоў, чэпка зірнуў на звязаныя ванзэлкі на калёсах, на ix, людзей. Сам ён быў маладжавы, з гладка выгаленымі шчокамі ды шырокім раздвоеным падбародкам.
— Хто такія? — запытаў. Рэзка, строга. Пазіраючы ўжо толькі яму, Васілю, у вочы.
— Бежанцы...— адказаў ён, адчуваючы, як ад хвалявання сціскае горла. Здаецца, i прывык ужо за вайну да сустрэч з незнаёмымі людзьмі, але ўсё роўна, бывае, новая сустрэча разгубіць, змусіць мацней, чым звычайна, забіцца сэрца. Можа, i ад таго, што кожны раз пры такой сустрэчы не ведаеш, што з табою будзе — ускочыш, як заяц, у пятлю ці выскачыш цэлы.
— Куды i чаго едзеце? — зноў гэтак жа строга запытаў вайсковец. Гаварыў ён па-руску.
— Вяртаемся ў сваю вёску.
— Куды? — не зводзячы пільнага позірку, дапытваў вайсковец. Іншыя вайскоўцы, падышоўшы, абступілі калёсы з усіх бакоў. Кожны трымаў правую руку пад плашчпалаткаю. Адзін з ix, самы малады, кірпаносы, з маладым захапленнем зірнуў на Яніну. Здаецца, аж здзівіўся, што ёсць такія прыгожыя кабеты.
— У Янковічы,— адказаў Васіль,— На хутар Амшарок. Яны за гэтым, крычатоўскім лесам.— Гаварыў, а сам пакутаваў ад загадкі: хто на самай справе яны, гэтыя вайскоўцы? што ім трэба? што яны зробяць з імі?
— Чаму не ў арміі?— пачулася новае строгае пытанне.— Дэзерцір?
— Мяне камісавалі,— патлумачыў Васіль.— Па хваробе...
Вайсковец дапытліва акінуў яго ўсяго позіркам.
— У мяне язва, — зноў растлумачыў,— a ўвесну была яшчэ i цяжкая жаўтуха...
— Ёсць дакументы? — ужо лагодней запытаў той.
Васіль дастаў з унутранай кішэні пінжака такія-сякія свае паперы, дзе было пасведчанне i пра яго камісацыю, i падаў чалавеку. Той пагартаў, паглядзеў, а пасля, не вяртаючы папер, азірнуўся, махнуў рукою — на міг яго плашч расхінуўся, i пад ім паказалася афіцэрская партупея з падвешаным кінжалам i з палявою сумкаю на баку. З-за арэшніку тут жа выйшаў невысокі паўцывільны — у ботах, у афіцэрскім галіфэ i сялянскім суконным фрэнчы, з новенькім аўтаматам у руцэ. Прыгледзеўшыся, Васіль адчуў палёгку: гэты чалавек быў добра знаёмы. Васюкоў, былы камандзір партызанскага атрада, былы (даваенны) i цяперашні старшыня Ружэвіцкага сельсавета. Казалі, усіх тутэйшых партызан перад ліпеньскім парадам у вызваленым Мінску сабралі ў Івянцы — каго пакінулі тут для гарнізоннай службы, хто паехаў на парад, а адтуль — на фронт, у тыл ці застаўся ў Мінску альбо ў іншых гарадах i вёсках на партыйнай i гаспадарчай рабоце.
Читать дальше