- А каб цябе ўжо...
На гэтым справа заўсёды любамірна канчалася, і Юркава жонка, не меўшая асаблівае павагі да птаства, хоць бы сабе і галубінага, дэманстратыўна ляпала якой-небудзь чапялой у качарэжніку і даставала сёе-тое з прысмакаў.
- На ўжо... ласун... Ды не баўся.
Ласун спакойна ішоў на рэчку.
«Бяда - гэтыя самыя жонкі! Ці яна цябе зразумее? Ты вунь курэеш і курэеш у качагарцы, рад вырвацца на паветра чыстае. Тут табе і расіца - бач, ззяе, кропелька вунь, а ў ёй сонца адбіваецца... І кожны лісток блішчыць, і цвет раніцою пах пускае, і вожык вунь пабег - спаць хоча. Да чаго ж працавітае стварэнне - усю ноч на нагах... І казюркі табе поўзаюць, мураш галінку цягне, а над рэчкай стрэлак колькі і крылейкі, як тыя шкляначкі разнаколерныя. Хараство, можна сказаць, неўміручае... Эге... а чарвяка зноў сцягнулі... Заглядзеўшыся, праміргаў... Стой, стой... стой!.. Чшш... Ото-то-то... Ну-ну-ну... і яшчэ раз... о-о-о... р-р-аз...»
І небарака-вокунь, старанна верцячы хвастом, ляціць бліскучай дугой у паветры, пралятае праз вольхавы куст, і чутна, як лапаціць ён, мякка падскаквае на мурожнай траве.
У Юркі рукі трасуцца ад радасці, і ўвесь ён аж млее ў адчуванні ўдачы, заплюшчвае вочы і пацягваецца ў плячах.
- Фунты з два, мусіць, і як яшчэ лёска вытрымала...
Юрка ўстае і ідзе да вокуня. Але што за трасца - ні вудзільна, ні рыбы, і дзе б тое што і падзелася? Што за праява?
Юрка глядзіць за куст, потым ідзе да берага, углядаецца ў ваду - анічагусенькі, ні следу, ні паху. Што за д'ябальшчына? І хто б падумаў. І ніколі не здаралася так...
Раптам нечыя далоні закрываюць Юркавы вочы - нехта падскочыў ззаду.
- Адгадай!
- Ат, блазны, жарты не ў час заводзіць, што гэта я табе - сват-панібрат ці ў сад разам лазіў?
- Ну, не мармыль, годзе!
Перад Юркам Яшка, рагоча, заліваецца.
- І лоўка гэта я ў цябе вокуня вывудзіў. Іду гэта я, чую - нехта аб харастве гаворыць. У чым справа, думаю. А тут твой вокунь проста мяне па шапцы... Каторы гэта? Шмат нацягаў?
- А каб ты спух! А я ўжо дадумацца не мог - куды вудзільна падзелася... Але ж якое цябе ліха тут носіць?
- Ліха чалавека не носіць, ад яго папаўзеш па зямлі. На рэчку прыйшоў паглядзець!
- Хіба не бачыў? Занадта спрытны ты сёння.
- Ды вось ахвота пашвэндацца па беразе.
- Глядзі, хлапец, бачу я, па якіх ты справах швэндаешся. Уклейкі, браце, цяпер занадта аліментнымі сталі...
- Ну, кінь глупства. Скажы лепей, як клёў ідзе.
- Ат, што той клёў, нешта не клеіцца сёння, толькі і знай - чарвякоў насаджвай.
Яшка ведае, як падысці да Юркі. Аб чым хочаш з ім пагаварыць можна, пачынай толькі з вокуня, тады Юрка раскажа табе аб усім: як трэба падыходзіць да кожнае рыбы, калі якая клюе добра, як рагулькі ставіць, як прынаджваць, як падпільнаваць сома, чаму ракі вывеліся... Ад ракаў можа перайсці да былога панскага загадчыка завода, які вельмі паважаў ракаў. Ад загадчыка да пана, ад пана да прыстава, адным словам, усё жыццё перабярэ Юрка - і старое і новае. Тады можна знячэўку і запытаць:
- А чаму гэта цябе на сходах нешта не відна? А ты ж, здаецца, і член заўкома, так ці не?
- На сходах, кажаш? Гм... А ты бываеш на сходах?
- Ці ты ж не бачыў?
- А што ты там бачыў, на сходах гэтых самых? Ваду ў ступе таўкуць? Таўкуць. Тры бочкі нагавораць? Нагавораць. А дырэктар як скажа слова - і крыць нечым, усё па-ягонаму. Правільна ці няправільна, але ж на тое ён і ды-ы-рэктар, не абы-хто...
- Дык, кажаш, і няправільна часам скажа?
- А што ты думаеш... Правільна гэта, калі Гальчука зволіў? Колькі год чалавек на заводзе працуе, усё жыццё, можна сказаць, на заводзе пражыў... І зволіў. «Непакойны, кажа, элемент, склоку сярод рабочых разводзіць...» А ў чым гэта склока, запытаць цябе часам? У тым, што на сходзе дырэктара крыў за запазычанасць рабочым, за кепскія печы, што абпальваюць кожны дзень работніц. Дык гэта склока, па-твойму? А каго ж ён на работу прымае? З хутароў вунь. Работнікаў знайшоў... У іх гаспадарка ад дабра ломіцца... Але дзе там - рубель ніколі ў кішэні не вадзіць - лішняя пляшка будзе.
- Чаму ж ты нічога не кажаш? Чаму на сходах маўчыш?
- Маўчым... І маўчаць будзем. Вунь сказаў я раз, дык твой жа, ну, сакратар ячэйкі твае, і сказані мне: «Чыя б кароўка мычала, а твая б маўчала, як-ніяк, ты ж у заўкоме... без цябе разбяруцца тут...» Вось і сказані. Нагаворышся! Не, голуб, далей ад граху, гэта лепш. Я сваю печ ведаю, адбыў чаргу і айда. А каб у заўком гэты самы - ану яго к ліху, ступа адна. Што ж ты гэта думаеш сабе - тры месяцы рабочыя гроша шчарбатага не бачаць. Добра, у каго гарод ды карова, скажам, ды там падсвінак або што... а як другому?
Читать дальше