- Знайдзі залатыя ключы, адшукаеш - памілую...
Многа людзей, кажуць, загінула ў Залатых Ключах, ды і сам Бутрым, калі верыць паданню, знайшоў у іх свой вечны адпачын. Стары ўжо быў. Кінуўся са сваім чоўнам у бойку, не здужаў ворага і захліпнуўся ў віры, пайшоў на дно шукаць сваё шчасце. Вось чаму і вір празываецца Залатымі Ключамі...
Валя сядзела і нічога не адказвала. Паданне навеяла ціхія думкі. І так добра было сядзець, маўчаць і прыслухоўвацца, як шархаціць асака пад вадзянымі струменямі, як абарвецца каменьчык з высокае кручы і боўтка ўпадзе ў ваду, як прыўскочыць шчупак з вады ў пагоні за палахлівай уклейкаю.
Яшкава шчака была блізка, зусім блізенька. І добра так сядзець, прыхіліўшыся адно да аднаго, адчуваць, як б'ецца сэрца ў кожнага, і ўгадваць думкі другога.
Але дзесьці галасы чутны, чуюцца ўсплёскі вёслаў. Рыбаловы, мусіць...
- Паедзем, Яшка, бо і татка зажджэцца, палуднаваць час...
- Ну, едзем...
* * *
Хоць і нядзеля, хоць і адпачын, але на заводзе поўна народу, асабліва старых. Маладым - тым што! А вось старым - холадна. Холадна ў хаце, холадна на вуліцы, на сонцы. Не грэе звычайнае цяпло старыя косці, якія прызвычаіліся да пякельнага жару ванных печаў, у якіх варыцца шкло.
Таму і ў вольны час, у нядзелю, у дзень адпачынку, збіраюцца старыя рабочыя на завод, садзяцца дзе-небудзь на мастках ля печаў і грэюцца. І ўзімку грэюцца, і ўлетку. Якое б ні было надвор'е - ці сцюжа, ці спякота - грэюцца. Паварочваюць да печы спіны, грудзі і вядуць бясконцыя гутаркі.
Гавораць аб старым, гавораць аб новым. Корпаюцца ва ўспамінах, перасейваюць у памяці даўно пражытыя гады, гавораць аб сённяшнім, аб штодзённых клопатах, аб неадкладных справах.
Дзед Андрэй, які даўно ўжо не працуе і які ведае цяпер толькі адны венікі - імі зарабляе на хлеб і на табаку, - апавядае звычайна аб старым, такім жа сівым і абамшэлым, як яго шырокая, з пляшывінкай, барада.
Апавядае паважна, паволі, заправіўшы наперад свой шызы цыбукаваты нос добрай порцыяй самаробнай цяртухі.
- Ото ж я і кажу...
- Аб чым гэта? - пытае сусед, крыху прыдрамаўшы, пакуль дзед частаваў свой нос табакай.
- Дзівак-чалавеча, яму кажы, а ён і не слухае. Ды вось аб тым жа я ўсё, аб старым гэта. І-іх... быў гэта я тады блазнюком яшчэ. Ані розуму табе, ані росту.
- І бацькі, кажаш, не было? - пытае сусед, зараней ведаючы, аб чым будзе расказваць дзед.
- Ото ж я і кажу... І бацькі не было, і маткі, сказаць, у вочы не бачыў...
- Без маткі нарадзіўся, ну і дзед!
Дзед глядзіць выцвілымі вачыма, чырванее яго шызы нос, і з дакорам ён гаворыць далей:
- Ото ж я і кажу... А ты не перабівай. Дык вось, жыў гэта я з братам у фальварку. Брат парабкам быў, ну, а я яшчэ малы, у пастушках хадзіў. Нішто, можна сказаць, жыў. Дадуць гэта табе лусту хлеба, як выгуляешся за дзень, выцерабішся - да чаго ж тады хлеб сма-а-шны, смашны. Асабліва скарынка. Увамнеш акраец, і пуза як бубен. А нанач забярэшся да Лыскі ў будку. Памятаю, сабака быў, дабрэнны сабака - калі ўжо сапсеў зусім, ваўкі задушылі. І да чаго ж сябраваў я з ім, даражэй ад чалавека, здаецца, ён быў для мяне. Адным словам, прыяцель...
- Сабака гэты самы?
- Ото ж я і кажу... Дык забярэшся ў будку да яго, скурчышся з Лыскам, і ніякага кажуха табе не трэба - да таго ж цё-ё-пла, цёпла...
- А будка без вентыляцыі, мусіць, - жартуюць над дзедам.
- Ото ж я і кажу... - адказвае дзед неўпапад, не зусім разумеючы жарты. - А раніцой, толькі сонейка сабярэцца прамыць свае вочы, а я на нагах ужо ды цішком, цішком у гарод панскі. А гуркі ж там, браткі мае, каб жа вы бачылі! Сашчыпнеш яго, а ён у цябе на ўлонні, як парасё тое - вял-і-ізны, вялізны. Сашчыпнеш ды ходу. І сма-а-шна, смашна...
- А далей?
- Што далей? - і дзед варушыць сівымі кашлатымі бровамі, сіліцца ўспомніць яшчэ пра што-небудзь, але аслабла памяць, на дзіравае рэшата зрабілася. Усё праслізнула праз гэта рэшата. Засталіся толькі гуркі, вялі-і-кія, вялікія, як парасё, і такія смашныя, смашныя...
- Далей нічога. Вось цяпер, скажам. Ці гэта жыццё? Анодысь пайшоў я па венікі. Ну, нарэзаў, іду гэта дамоў. І тыц мне насустрач ляснічы наш новы. Ты, гаворыць, што ж гэта, антыхрыстава твая душа, у лесе тут робіш? А ці ў цябе вочы, кажу, павылазілі, не бачыш хіба? Білет яму падавай! Які ў мяне білет? Без жартаў мне, качарга старая, - гэта ён на мяне так, - давай білет, іначай заарыштую... І заарыштаваў, каб яго немач! І пісульку вось атрымаў - пяць рублёў штрафу, - самавольная парубка, кажа, псаванне дрэў. Добра, што ў рыку ведаюць, - пасмяяліся там дый узялі гэтую пісульку. Ідзі, кажуць, зноў у лес, вяжы венікі ды не бойся. А чаго мне баяцца, скажам... Вось вам і жыццё. А вы кажаце... Не, раней не так было. Не так жылі мы, куды лепей жылі. Ото ж я і кажу.
Читать дальше