- Чы-лік, ці-вік, чы-лілік... - гудуць срэбнымі званочкамі, свішчуць мілагучнымі свісцёлкамі - чаго толькі не пачуеш у песнях!
Іскры і прамяні сонца, мядовы пах, звон-перазвон галасоў птушыных, рэдкія беласнежныя воблачкі вісяць на ўсходзе, гараць залатымі акрайцамі, а раса так і кусае за ногі - вось яна, раніца... А рака нібы застыла ў ціхіх плёсах, укучаравіўшыся ніцымі лозамі, упрыгожыўшы берагі асакою-разучкай. На плёсах ціха, вада, як люстэрка. Калі пачне сонца лашчыцца аб халоднае люстра, тады па плёсу пырскі пойдуць, бурбалкі стралой паднімуцца - рэчка заплешчацца... Гэта ўсходзіцца, гуляе шчупак, павольна блісне бурштынавым бокам ашчапераны вокунь, мільгне плотка стужкай срэбнай, спакваля правандруе язь. А каля карча перасоўваецца ляніва з месца на месца векавечны лодар - чорны мянтуз. На пясочку, там, дзе плытчэй, шнуруюць печкуры, шнуруюць статкам і палахліва кідаюцца ў бок ад якога-небудзь каменьчыка, сцяблінкі, што коціць, перакачвае вада па дну.
«То ж стварэнні дзіўныя - печкураты гэтыя самыя. Маляўка, а вазьмі ты яе... Дробязь, можна сказаць, а і тая нібыта розум мае, адна не пойдзе - наравіць усё статкам. Ну, шчупак, возьмем - таму такія законы не пісаны, але ж я на цябе найду ўправу... Ну-ну, ты, дрэнь вадзяная, вось я табе патузаю... от... от... от... ну і тузануў! То ж паскуднае стварэнне - плотка!.. Каб жа ёй па-людску, дык не, тыркаецца ўсё, тыркаецца, а чарвяка як не было, нібы кот злізнуў... Эх, каб вокунь! Паважаная рыба. Ні табе дзёргу, ні табе страты чарвячнай, падыдзе, нюхне, дзёр і пайшоў, і пайшоў, аж на самае дно - знай, падсякай ды выцягвай... Важнецкая рыба, другой, можна сказаць, такой не знайсці. І кампанейская... Набрыдзе кампанія - усіх павыцягваеш, толькі знай закідвай, таму - салідная рыба! Не раўня якой-небудзь там плотцы або, скажам, уклейцы той недарэчнай. І не ёрш-дурань - з ім пакуты болей, а карысці, навару таго - ат, рак той самы. А чарвяка тым часам злізнулі, гады, не аблізнуліся нават...»
Юрка Пупок сядзіць на беразе на дубовым пенчуку і старанна насаджвае чарвяка на кручок. Раней чым закінуць вудзільна, Юрка злёгку пстрыкне пальцам па чарвяку, паплюе на яго. Для вясёласці. Каб жывейшым быў, вярцеўся болей - рыба паважае вясёлых.
Не адно ў Юркі вудзільна, а цэлых шэсць. Пара ў руках, а рэшту на шчупакоў паставіў - вісяць шнуры на рагульках, а на кручках жыўцы насаджаны, круцяць, небаракі, хвастамі. Часам Юрка знімае жыўца, насаджвае другога. Для вясёласці...
Юрка заядлы рыбак. Не праміне ніводнай свабоднай раніцы, каб не пайсці на рэчку, а ў нядзелю ўвесь дзень тут. І ці ўдалы лоў, ці няўдалы, не адцягнеш яго ад берага аніякай сілай, пра полудзень забываецца нават, прасядзіць галодны да вечара.
- Непуцёвы мой зноў вунь на рэчцы... Каб бот падбіць, ці паркан паправіць, ці бульбінай гарод закідаць - дык не: дзе там, і не думай, і не прыступу, далася-такі ў знакі яму гэта рыба! Нават спіць і то аб ёй сніць, - адзываецца часам аб Юрку яго паважаная палавіна.
- Затое ж ты з рыбай дзень кожны, чаго табе болей трэба?
- Ат... з рыбай, кажаш. Сказала б я... ды не варта часам. Шкада вушэй тваіх. Вунь людзі ў яго годы майстрамі сталі, а яму толькі гэтыя ўклейкі на памяці, анічога болей. Ды што казаць...
Дакарала часам жонка Юрку:
- Абібок ты, рачыя твае вочы, чуць свет - на вудзільну чэпішся... І дзе толькі розум мой быў звязаць каўтуны з такім вырадкам. У-у... халява ты дзіравая.
- Хоць дзіравая, ды не лапаць. Успомні, каханая, у чым я цябе браў, красуля ты мая андарачная.
- Ты і андарака не варт...
- Мо і не варт чаго, а табе ж мілы!
- Каб табе, даў Бог, ды такімі мілымі сталі твае вудзільны - куды лепей у хаце было б.
- Ну не рыгай, дарагая. Рыга - горад не прасты, тары-бары-растабары, а я мальчык халасты.
- Ат, разявіў ужо зяпала.
- ...а я мальчык халасты.
- А ты думаў - хто бацькам назаве? У каго дзяцей загарадзь, пара б і дзедам часам зваць, а ў цябе што, пустальга ты несусветная, ні ў таты, ні ў сваты - пустацвет той гарбузны...
- ...а я мальчык халасты.
Далей жонка не знаходзіла патрэбным працягваць дыскусію, бо Юрка нездарма назаляў «халастым мальчыкам». Калі жонка надакучала праз меру сваімі дакорамі, Юрка рабіўся надзвычайна сур'ёзным, паважна садзіўся на зэдлік і, паглядзеўшы моўчкі з хвіліну на збіты кіпець на пальцы, гаварыў:
- Ведаеш што? Ты от... язык твой, як хвост карові ў гіз - боўць, боўць, верць-круць і па-а-нёсся дудой, не стрымаць яго, не сцішыць... Ладна. Можна сказаць, я мужык твой. Чаго ж табе трэба? Качагар я? Качагар. Грошы атрымліваю? Немалыя грошы... на два раты - расперажыся, хопіць... Дзяцей? Можна сказаць, няма дзяцей. Хоць ад прыбытку галава не баліць, але ж у чым я вінен? Ты пра вудзільны рыгаеш... Можна сказаць, не ў вудзільнах справа. Дык чаму ж турбавацца? Ці я цябе жывасілам трымаю, ці жыўцом цябе ем, ці што? Загс недалёка. Адна хвіліна - чырк-расчырк і гатова: і ты - вольная галубіца, і я мальчык халасты...
Читать дальше