І ён будзе тады лезці да цябе цалавацца, як дурань, ці, прыпаўшы к табе да вуха, выкрые адразу ўсе свае «найстрашэнныя» сакрэты: «А ведаеш: Нютка, брат, таго... як піць даць маёй будзе, от дадушы ж, няхай я з гэтага месца не ўстану... А ўчора, бра-а-тач-ка... што гаварыць, маліны, а не дзяўчаты там на хутарах. Не верыш? Гм... дурань».
Такі ўжо Цімка. Вядома, брэша заўсёды. Вось злосны - няўдача. Злосць спаганяе. А падыдзі да гэтага хлапца як трэба, дакраніся яго ласкавым словам - услед пойдзе, як авечка. Толькі хто ж можа павесці? Вунь усе, як што - статуй! Ну, статуй і расце статуем з медзянымі кулакамі. Не аднаму ліхтароў панаставіў, не адна дзяўчына паплакала: ні за што ні пра што прычэпіцца, і ляціць у мэтлухі, на шматкі спадніца, хустка... Праўда, статуй нападае на слабейшых заўсёды. А каб лезці да каго другога, які хоць крышачку за яго мацней, - дзе там, няма пораху! А перад майстрам якім - шыю гне, як цялятка тое. Ды і старэйшыя рабочыя колькі раз яшчэ - чуць што, падпояць Цімку ды на вуха яму:
- Цімка!
- Га?
- А што на цябе Гаўрыла казаў, каб ты ведаў толькі...
- Што ты кажаш?!
- Статуй - на цябе казаў. І што ты сабе думаеш? Даруеш мо?..
- Я?
- Ты...
- Каб я дараваў? Каб я гэта... ды я ж яму, гаду, адразу так шыю намылю, што не дачакаецца і водпуску.
- Дзе гэта ты там намыліш, байкі адны.
- Ну, вось жа крыж чэсны, што гэта яму так не пройдзе.
Цімка тут быў акуратным. Мыліў, старанна мыліў; нацкаваўшыя рагаталі звычайна, за жываты хапаліся. Як жа, такія жарты: ні з таго ні з сяго накладуць чалавеку ў каршэнь, той толькі глядзіць ды дзівіцца: адкуль што ўзялося.
...Але навошта мне даўся Цімка, вялікі клопат аб ім. Куды ні павернешся - усюды цяжка і непрытульна. Ці ў цябе адпачынак тут - немаведама што робіцца заўсёды! Ці гэта ж па-людску, ці нельга іначай рабіць усё, іначай жыць, скажам. Вунь у клубе скокі...
Няўжо другога чаго няма на свеце, каб жыццё ды зрабіць больш прыгожым, ну хоць бы такім, каб яно не рэзала вочы непрыгляднаю шэранню, гэтай хліпучай агідай, гэтым брудам, ад якога, здаецца, ніколі не адчэпімся. Жывуць жа вунь людзі, іначай жывуць... і праца за ўцеху, і жыццё даспадобы. Чаму ж у нас так і хто вінен у гэтым? І ўсё, здаецца, як след - камсамольская ячэйка ёсць, партыйцы вунь - каму ж як не ім заводзіць парадак новы? Дык дзе там, хоць бы хто языком памкнуўся - ні разу.
Ды і я до-о-обры... Чаго варт? Ні ў народзе, ні ў заводзе, ні... эх, Валя, Валя, няма і з табой парадку. І гавару вось часам, і яшчэ як гавару, а хто паслухаў? Ніхто. Што казаць аб заводзе, аб ячэйцы, калі вось з Валяй і то ў цябе не выходзіць нічога. Усе людзі як людзі, а на цябе і капыла нібыта няма. Так, капыла. А мо язык вінен, дзе трэба - там ён прышыты. Вось і сягоння. Ну, хацеў я яе пабачыць, пагаварыць шмат аб чым, пагаварыць ад душы: аб сваім, аб дарагім, аб усім тым, што хаваеш у сэрцы, аб гэтай радасці, радасці жыцця... Вось і гаварыў з ёй, цэлы вечар прастаяў, а што з таго - хоць бы слова адно аб тым, намёк. Аб чым хочаш гаварыць буду, а як толькі справа свайго кранецца, свайго жыцця, сваіх пачуццяў - маўчок тады, ані зыку, як казаў калісьці стары пастух Ахрэм.
А чаму ўсё гэта?
Чаму нелюддзю стаў я такою?»
І ўспамінаецца Яшку жыццё - небагатае яшчэ гадамі, невялікае сваімі радасцямі. Суму больш. Кожны ведае долю бязбацькавіча, парабчонка: усякі табе - указ, кожны табой патурае, мае ўладу над табой, над тваім сэрцам, над шчасцем тваім, маленькім шчасцем, калі часам ты яго знойдзеш. Знойдзеш - адбяруць, не паглядзяць на твае лахманы, на твае слёзы...
І замкнулася тады маленькая душа на замок, пачала глядзець на свет задумленымі вачмі, а думкі схавала, словы схавала - і леглі яны каменем цяжкім на маленькае сэрца. Мо таму яно так палахліва, так балюча ўспрымае ўсё, так скрытна і недаверліва да людзей. І заглянуць у гэтае сэрца цяжка каму, яно баіцца адчыніцца, баіцца жыццёвага холаду.
Але ўсё ні па чым. Прызвычаены мы да жыцця, да яго холаду і марозу. Выкараскаўся вось, самога сябе за вушы выцяг на прастор, да завода дабіўся. Нічога, цяпер жыць можна і як яшчэ жыць. Абы жаданне ды добрая воля. Вось адно толькі кепска, што не зусім падабаюцца парадкі на заводзе. Куды б лепей можна, а тут нешта ўсё не клеіцца, на лад чамусьці не ідзе. Вунь рабочыя часам лаюцца - два месяцы грошай няма, у хлопцаў распуста, языкі, што вёслы, як распусцяць - сцены чырванеюць. І дзяўчаты - чаго варты толькі! Ім дай тустэп, і нічога не трэба болей. Без тустэпу кіснуць. Ці ж гэта парадак?
Не, не парадак гэта, а бязладдзе, многа чаго трэба зрабіць, перайначыць. А як і што - дадумайся - ніхто рады не дасць, дапамогі...
Читать дальше