- Адтуль, адтуль заходзь - там самая рыба ходзіць! - радзіць дзед ды піпку смыголіць.
Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. І намацаў тут бацька няйначай як ментуза. Вядома, мянтуз слізкі, цяжка яго рукамі ўзяць. Бацька Міколку на дапамогу клікнуў. Ловяць рукамі, між карчоў шаруюць.
- Ну і вялікі ж, няйначай хунтаў на шэсць! - кажа Міколка, стараючыся спрытней падчапіць неўваротную рыбіну.
Але як ты яе ні бяры, выслізгваецца, ды годзе. Выслізгваецца ад Міколкі, падаецца пад карчом да бацькі. Ад таго зноў назад.
- За зябры яго, за зябры, гада! - падае дзед параду.
- Ну, вядома, не за хвост... - адказвае бацька і яшчэ спрытней бярэцца за ментуза. Але нічога не выходзіць. А дзеда тут ужо і нясцерп бярэ, дужа ж тым ментузом зацікавіўся. Трэба-такі сказаць, што дзед падабаў рыбу, ды яшчэ такую, як смажаны мянтуз.
- Рыба, яна, браце, заўсёды рыбіна! Гэта табе не ракі, з якіх ні смаку, ні наедку, а адна толькі прыкрасць ды барадзе маёй непакой...
І вось аж усхадзіўся на беразе дзед, забегаў. І піпка ў яго даўно патухла, знае толькі - рукамі махае ды нашых рыбаловаў ушчувае:
- Яшчэ рыбаловы! Ім рыбу! Вам толькі прусоў ганяць!
- Сам злаві, - усердаваў тут не на жарты бацька.
- І злаўлю!
- А паспрабуй жа.
- І што ты думаеш? І паспрабую. Ён у мяне не выслізнецца, як у вас, у няўмекаў...
І дзед самым рашучым чынам скінуў адзежу і, павесіўшы яе на плечы - баяўся пакідаць на беразе, каб не скралі пастушкі, - смела рушыў у ваду.
- Дзе ён тут? Падавайце яго мне, я з ім разам распраўлюся, з супастатам!
Аж Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці - дзед так захадзіўся каля карча, аж вада кіпела наўкола. І вось урэшце дзед урачыста крыкнуў:
- Ага! Папаўся-такі, не мінуў маіх рук! А вы - няўмекі!
Міколку з бацькам засталося толькі пераглянуцца між сабой. Ну і дзед, не чакалі такога спрыту! Магчыма, што дзеду з яго кастлявымі пальцамі было зручней упраўляцца з ментузом, таму хутчэй і падчапіў яго. Дзед цягнуў ментуза надзвычай марудна. Мо проста з-за асцярожнасці, каб не ўпусціць часам рыбіну, а мо знарок хацеў надалей расцягнуць такую ўрачыстую хвіліну.
Вось пад вадой паказалася ўжо нешта жывое. Міколка хацеў ужо крыкнуць, што няйначай гэты мянтуз будзе фунтаў з пятнаццаць, бо такі ж вялікі. Але тут падзеі прынялі зусім нечаканы зварот. Толькі гэта дзед, урачыста гледзячы на Міколку, вывалак свайго ментуза з вады, як глянулі на яго Міколкаў бацька ды і сам Міколка і, як бачыш, сіганулі на бераг. Толькі пырскі паляцелі па вадзе. Аж збялеў Міколка, засопся. Выскачыў на бераг, азірнуўся. Стаіць дзед і на іх глядзіць, дзівуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далі. Тут як закрычыць Міколка не сваім голасам:
- Ратуйцеся, дзеду, пакуль не позна!
Зірнуў тады дзед на свайго ментуза - і ледзь не самлеў. Аж прысеў у вадзе, умачыўшы сарочку. А тады як кіне ментуза падалей у рэчку ды як дасць драпака на бераг, аж адзенне згубіў, спатыкнуўшыся аб корч. Паплыло яно ўрачыста па рацэ. Ледзь злавіў яго потым Міколка, ад'ехаўшы на чаўне ад берага.
І калі аддыхаліся потым усе ад перапуду, дзед пачаў грозны наступ на Міколку і на яго бацьку:
- І якое ліха панесла вас вужаку лавіць?
- А цябе якое?
Змоўчаў дзед на якую хвіліну. Гэтакі ж канфуз выйшаў - усё ішло так добра і гладка, і на табе, заместа ментуза гада злавілі. А яшчэ парады даваў, а яшчэ выхваляўся. Пасля гэтага здарэння дзед канчаткова рашыў ніколі болей у ваду не лазіць. І калі траплялася часамі Міколку з бацькам лавіць якую рыбіну ў рацэ, дзед асцерагаўся нават падыходзіць блізка да іх, калі яны выцягвалі на бераг таптуху альбо брэдзень. І толькі здалёк пытаў:
- Ну што, шчупак ці акунь?
- А ты падыдзі, сам паглядзі!
- Хопіць ужо, нагледзеўся...
Прызнацца, і Міколка з бацькам не адважваліся болей мацаць ментузоў і, да вялікай радасці дзеда, баяліся лазіць і па ракавых пячорах.
- Яшчэ, чаго добрага, і адтуль выцягнеш трасцу якую паласатую...
А дзед толькі гаварыў:
- Цяпер-то я магу спаць спакойна!
Пасля ўсіх гэтых прыгод з дзедавым ракам і ментузом кончыліся і ранейшыя дыскусіі дзеда з Міколкам, хто з іх храбрэйшы. Абодва прыйшлі да таго вываду, што храбрасці хапае ў іх абодвух... Нават сталі яны блізкімі дружбакамі і зімнімі вечарамі вялі доўгія размовы аб тым, як бы гэта агульнымі сіламі адпомсціць «буржую» за Міколкаву карцінную галерэю. І аб тым, што яны будуць вясной рабіць, калі жаўранкі запяюць, калі зазвіняць ручаіны і ўкрыюцца лясы зелянінай.
Читать дальше