Лёднік уздыхнуў.
— Вечна адны разбураюць, другія ствараюць, і ўсё пад аднолькава прыгожымі лозунгамі. У гэты ж час сябрук Цялка ягоная мосць Антоні Тызенгаўз рэформы надалей праводзіць, мануфактуры ладзіць... Усе дзяржаўныя грошы ў свае задумы прэ. Спадзяецца, што праз паўгода я вярнуся ў Гародню з Жыліберам пад пахай і дапамагу яму зладзіць медычную школу... Ды вярнуся, зладзім! Калі яе не спаляць — адны за тое, што адчынена расейскімі паслугачамі, другія за тое, што ёю кіруюць заходнія блюзнеры...
Грукат змусіў захопленых палітычнымі развагамі дарослых ускочыць. Сафійка злаўчылася нарэшце пацягнуць за тканіну, што схавала адзін з таямнічых стаўбуркоў. Застрашлівы васковы муляж, які выяўляў чалавека са здзёртаю скурай — так, што былі добра відаць усе цягліцы, чырвоныя матузкі артэрый і сінія суплёты венаў — меланхалічна ляжаў на падлозе, страціўшы палову васковых мазгоў.
— Бумс! — весела прагаварыла Сафійка, узмахнуўшы густымі чорнымі вейкамі — як толькі не ўзляцела, Мятлушачка.
Спалоханыя дарослыя абмацалі дзіцяня, упэўніліся, што нават не напужалася...
— Хал-лера... Дваццаць ліўраў... Унікальная мадэль... — мармытаў скрозь зубы доктар, падымаючы з падлогі няшчаснага васковага калеку. На ніжэйшых паліцах адкрытага стаўбурка красаваліся не менш застрашлівыя творы мясцовага аптэкарскага майстэрства — бялелі штучныя косткі, пунсавелі цягліцы.
— Бацька называецца! — дакорліва прагаварыў Пранціш, падпіхваючы нагою пад шафу адляцелы кавалак васковага чэрапа. — Дзіця ж мусіла прыехаць, самы пракудлівы ўзрост. Трэба было прыняць свае анатамічныя аздобы, а не проста ўкруціць у анучы.
— Тата, далуй! — прамовіла Сафійка два чароўныя словы, гледзячы шчыра-шчыра вялізнымі цёмнымі вачанятамі на суровага доктара. Не тое, каб малеча ведала значэнне прамоўленых слоў, але ўжо добра ўцяміла, што варта іх вымавіць — і гэты суровы высокі чалавек з чорна-сівымі валасамі адразу растане, як воск на сонцы, ад яго проста пачне праменіцца пяшчота... Вось і цяпер: апусціўся на калені, абняў, цалуе сухімі няўсмешлівымі вуснамі — а вусны ажно дрыжаць ад любасці і замілавання:
— Красачка мая... Каралевічна мая... Гэта ты мне прабач. Я табе сапраўдную ляльку падару — парцалянавую, гожанькую, да цябе падобную!
Хоць вяроўкі з гэтых дарослых ві. Сафійка была вельмі разумнай дзяўчынкай і хутка ўсяму вучылася.
Пані Саламея падскочыла і з цяжкасцю вызваліла з маленькіх, але ўчэпістых пальчыкаў дактароўны шкляное вока ад разбітага манекена — Сафійка мудра збіралася яго прыўлашчыць. Вока пазірала дзіка і дакорліва, чырвоныя сасуды, карпатліва прамаляваныя на ім, нагадвалі парванае павуцінне крывавага павука.
— Бутрым, гэта ўжо занадта! Алесік мне ўчора гадзіну распавядаў, як тузаюцца цягліцы мёртвай жабы пад уздзеяннем апарата нейкага італійскага вучонага, цяпер дачка твая будзе гуляцца з муляжом чалавечага вока... Бедлам, а не сямейны дом!
— Мама, шарык хацу!
Пранціш стоена хіхікаў, пакуль пані Саламея супакойвала пакрыўджаную дачушку, а Лёднік збянтэжана бегаў па пакоі, шчыльней укручваючы стаўбуркі, на якіх, як відаць, былі такія ж неапетытныя анатамічныя дапаможнікі — у аптэках Ліёна іх выраблялі дасканала.
Начышчаная былым каралеўскім драгунам Вырвічам шпага заняла сваё законнае месца на сцяне, побач з іншымі развешанымі шляхецкімі ўцехамі — шабля-серпанціна, шабля-карабэла, эспадрон, рапіра... А гаспадара цярпліва чакала ў вітальні радавая шабля Вырвічаў Гіпацэнтаўр, з гербам, выгравіраваным на дзяржальне. Вось што трэба шляхціцу ў руках трымаць, а не ланцэт альбо пяро!
— Усё роўна на баку барцаў — праўда! — упэўнена выгукнуў Пранціш, вяртаючыся ў палітычныя спрэчкі, якія спаконвеку грэюць сэрцы і самалюбства нават самых ціхамірных мужчын — а прысутныя ў гэтым пакоі ціхамірнымі ніякім чынам не былі. Цень ад галінкі каштана спалохана слізгануў па сцяне, абцягнутай трохі выцвілай светла-зялёнай тканінай, па вялікай старой карце з надпісам «Вялікае Княства Літоўскае». Маленькія дрэўцы на карце пазначалі, дзе ў гэтай далёкай краіне лес, хвалістыя гарызантальныя рысачкі ўперамежку з вертыкальнымі — балоты. Мяркуючы па малюнку, балотаў у Вялікім Княстве было больш, чым пацукоў у парыжскіх катакомбах. Маленькія ганарлівыя замкі са сцяжкамі на вежах выяўлялі гарады, а паміж дрэў можна было пабачыць не адно смешнаватае страшыдла, ад фенікса і адзінарога да звычайных тураў ды зуброў.
Читать дальше