Але гаспадары гэтага дома наўрад займаліся падобнымі вычварэнствамі і на радзіме. Пан Баўтрамей Лёднік увогуле ўсім тлумачыў, наколькі шкодныя тыя прыкметы багатай шляхецкай кухні: каб тлуста (нават гарэлку — са сметанковым маслам), каб востра (чым больш дарагога перцу, шафрану ды імбіру ўваліць, тым ганаровей), ну і каб спалучэнні падзіўнейшыя (салёнае з салодкім, ялавічыну з рыбай).
А цяпер за сталом Чорнага Доктара нават звычайна засмажанага парсючка пакуль не елі... Дый за стол не садзіліся. Бо ганаровыя госці з Таварыства прагрэсіўнай медыцыны, што мусілі прыехаць з Манпелье, спазняліся, а гаспадары ўсё яшчэ не паспелі нагаварыцца за дні, што прамінулі пасля з’яднання сямейства Лёднікаў.
У любым выпадку, цукровы пернік у выглядзе ружовага пеўня куды смачнейшы за любую «дарослую» страву, хай сабе і абсыпаную даражэзным шафранам. Сафія Баўтрамеева Лёдневічанка, чароўная ліцвінка амаль двух гадоў ад нараджэння і шляхцянка ў другім пакаленні, задумліва прыкусіла пернічак бялюткімі зубкамі і па-гаспадарску агледзела светлы пакой з высокімі скругленымі наверсе вокнамі. Падлога не гайдаецца, як у цеснай каюце — ужо добра. У шыбы просяцца вясёлыя зялёныя каштаны, заманліва падкідваючы на тонкіх галінках белыя кветкі — быццам анёльчыкі скачуць...
Сафійка і сама нагадвае анёльчыка — у белай доўгай кашульцы, з-пад якой паказваюцца абшытыя карункамі штонікі. Таненькая, з цёмнымі пышнымі валасамі і вялізнымі, чорнымі і бліскучымі, як вішанькі, вачанятамі на мілым тварыку. Сонечныя промні прасяваюцца скрозь карункі лістоты і мігцяць на наваскаваным паркеце. Паміж кніжнымі шафамі з чорнага дубу, нібыта прывіды, таямніча святлеюць завешаныя тканінай стаўбуркі — з-пад тканіны выпірае нешта незразумелае.
А дарослыя ўсё балбочуць. Часцей за ўсё Сафійка чуе «барскія канфедэраты» — доўга і каструбавата, і «Цялок» — адрывіста і паблажліва. Навошта ёй ведаць, што гэта значыць, і чаму дарослыя так хвалююцца? Пасля, як падрасце, ёй, напэўна, распавядуць, што адбывалася ў годзе 1770-м ад нараджэння Хрыстова на ліцвінскіх землях. Як шляхта, абураная тым, што на польскі трон расейцы пасадзілі каханка сваёй імператрыцы Станіслава Панятоўскага па мянушцы Цялок, а той праводзіць нявыгадныя краю законы, з’ядналася ў Барскую канфедэрацыю. І Радзівіл па мянушцы Пане Каханку ім дапамагае, і гетман польны Аляксандр Сапега падумвае далучыцца, і вялікі гетман Міхал Багінскі...
— І сам кароль Станіслаў Панятоўскі хацеў да барцаў, але яго адпрэчылі, — сумна гаварыла Саламея Лёднік, яе сінія вочы з прыхаванай мілосцю не адрываліся ад драпежнага профілю гаспадара дома, які сядзеў, панурыўшыся, і круціў у руках парцалянавы кубак з незразумелымі залатымі вензелямі, нібы яму было зусім нецікава слухаць пра далёкія палітычныя мітрэнгі. — Кажуць, жаліўся ангельскаму паслу: «Калі адыду ад Расіі і супраць яе выступлю, мае непрыяцелі будуць першыя, якія з ёй пагодзяцца і мяне прынясуць у ахвяру. Якая ж з гэтага карысць для краю?» Сама больш абмяркоўваюць, што Пане Каханку зноў з’ехаў за мяжу. Ну, ведаеш, мусіць... Пад вёскай Лань разбіў войска князя Мяшчэрскага, але потым спалохаўся, што Нясвіж возьмуць, бо Суворава з войскам дзеля ўціхамірвання прыслалі, і ўцёк. Ды яшчэ ліст князю Рапніну пакінуў, што калі ягоныя гарады не зачапнуць — не будзе нічога супраць расейскай царыцы ўчыняць...
— Ага, паабяцаў... Магнаты што хочаш паабяцаюць, калі трэба, — скрозь зубы прагаварыў доктар Лёднік. — Зноў інтрыгуе наш Пане Каханку, войска збірае, вызваляць Айчыну... З французамі на пару з Багінскім змаўляецца, каб Панятоўскага дыктатарам абвесціць... Вунь, гэты маладзён, — кіўнуў доктар у бок Пранціша Вырвіча, які любоўна паліраваў суконкай сваю новую шпагу, — атрымаў ліст ад нашага старога знаёмца пана Рыся, з заклікам далучыцца да іх хаўрусу ды ехаць вызваляць Рэч Паспалітую ад расейцаў, Панятоўскага, а заадно ад усіх, хто не падабаецца.
Вырвіч горда страсянуў чубам.
— І далучуся! Шляхціц не павінен быць убаку, калі на радзіме вайна! Такіх, як я, тут шмат, адзін Тадэвуш Касцюшка са Слонімшчыны чаго варты!
Мы яго Шведам празвалі, дасканалага ваяра з сябе выхоўвае, эксперыментуе над арганізмам уласным, як і ты, Бутрым, не здолееш.
— Задурыў галаву сваім Касцюшкам! — сярдзіта азваўся доктар. — А чаму твой Тадзік не ў войску якога Касакоўскага пад Пінскам, а ў Парыжы маляванню вучыцца, ведаеш? Таму што не змог прымірыць свой патрыятызм — і нежаданне выступаць супраць сваіх дабрадзеяў Чартарыйскіх, родзічаў Панятоўскага. Вось і з’ехаў...
Читать дальше