- Мястэчка як называецца?
Хлапчук шмаргануў кірпатым носам і адказаў з недаверам, як бы не мог паверыць, што хтось на белым свеце можа быць такім недасведчаным.
- Б*, ясная рэч.
І вылупіўся на паненку, як на вылаўленую ва ўласнай студні русалку
Лупіцца было чаго. Паненка была стрыжаная - цёмныя валасы звісалі з-пад строгага капялюшыка двума бліскучымі крыламі, ледзь дасягаючы падбароддзя. На госці быў модны кардыган у чорна-чырвоныя краткі, зашпілены на ўсе тузіны дробных гузікаў. Твар бледны, з вытанчанымі, але нібыта застылымі рысамі, а вочы колеру веснавога лёду такія светлыя, што зрэнкі і абадок вакол райка здаюцца асабліва цёмнымі, як і рэзка зламаныя бровы.
- Няхай будзе Б*, і нават з каптуром! - пакорліва згадзіўся пан у акулярах. - Думаю, што тут удасца зняць недарагое памяшканне для студыі.
Так у мястэчка на берагах звілістай рачулкі Наўкі, якая ніколі не гайдала на сваіх кволых хвалях ні ганарыстую купецкую ладдзю, ні баявы карабель з каляровым ветразем, прыйшоў Вялікі Прагрэс у выглядзе фатаграфічнага мастацтва.
Не тое, каб месцічы не бачылі ніколі фотакартак - але былі яны справай дарагой, загадкавай, мала каму дасяжнай. У сем’ях мясцовай арыстакратыі побач з фамільным посудам захоўваліся даўнейшыя дагератыпы - срэбныя пласцінкі з цьмянымі выявамі бацькоў і дзядуляў. А фотакарткі на шчыльным кардоне, з віньеткамі і абрэзанымі зубчыкамі краямі мелі толькі тыя, хто выязджаў у Вільню, Варшаву ці Санкт-Пецярбург.
Ці трэба казаць, што напачатку пазычаць сваё аблічча таемнаму дэману з чорнай скрынкі пана Ніхеля баяліся нават прагрэсіўныя насельнікі горада Б*. У кожнага ў памяці сядзелі аповеды пра скрадзены след і пратнуты спіцай адбітак у лужыне.
Але паступова ў двухпавярховы зялёны будынак насупраць пажарнай часткі, у дзверы пад шыльдай “Фотаатэлье. Пан Ніхель і К о” завітвала ўсё больш месцічаў. Найчасцей замаўлялі сямейныя партрэты - з іх напружана пазіралі чапурыстыя матроны ў капотах і каптурах, мужчыны ў пінжаках і кашулях з накрухмаленымі каўнярамі, дзеці ў гімназічных формах. Ну і, вядома, маладажоны, гордыя той светлай прышласцю, якой яшчэ не займелі і наўрад будуць мець - круглатварыя нявесты ў карункавых капелюшах, жаніхі з вялікімі далонямі ў цесных пальчатках, цяжкімі сківіцамі і глыбока пасаджанымі вачыма, здрадліва блакітнымі, як тутэйшае неба.
Пасля таго, як пана Ніхеля запрасілі ўвекавечыць гарадскую раду на чале з бурмістрам на фоне грандыёзнай будоўлі завода па апрацоўцы драўніны па нямецкай тэхналогіі - адкрыццё таго завода ў хуткім часе мусіла праславіць мястэчка Б* на ўсю імперыю, - паставіць на сервант фотаздымак з уласным абліччам стала не менш ганарова, чым выпісваць газету.
Сям’я Ніхеляў заняла ў горадзе прыблізна такое месца, як у афрыканскім племені ведзьмакі. Ніхто не спрабаваў іх закідаць камянямі, але запрасіць на гарбату ці папрасіць адрас краўца, які так зграбна пашыў касцюм пана Вараксы Ніхеля, нікому б у галаву не прыйшло. Ну хіба суседу-краўцу Навуму Гурэвічу, у якога шылі касцюмы і паліто нават губернатар і паліцмайстар. Але ж гэта пан Гурэвіч, які нават пані бурмістрыху можа змусіць чакаць у чарзе, пакуль здымае мерку з булачніцы Манькі, бо булачніцу, як вядома, за хвілю не абыйдзеш.
Некаторыя асабліва нервовыя паненкі ўскрыквалі і страчвалі прытомнасць ад успышкі магнэзіі, якім суправаджаўся кожны здымак. Праўда, гэтак жа яны рэагавалі на магнетычныя сеансы італьянскага гастралёра, прыхільніка вучэння Месмера, спірытычныя сеансы таўсманнай егіпецкай жрыцы праездам з Мелітопаля, а таксама на навальніцы, гарматныя стрэлы ў дзень тэзаімяніцтва ягонай імператарскай вялікасці і ўсмешку маладога чарнавусага і буйначубага пана Адальфа Мянчынскага.
Менавіта з-за такога стаўлення, якое рабіла прыхадняў з фотакамерай адначасова і выбранцамі, і ізгоямі, ніхто асабліва не абураўся недзявочымі паводзінамі панны Багуславы, якая дапамагала бацьку ў ягонай таямнічай справе звыкла і спрытна, а часам бацька перадавяраў ёй увесь працэс. А як Ніхелі ў пакоі без вокнаў з дапамогай смярдзючых рэактываў, хімікаліяў ды варажбы пераносілі адбіткі са шкляных бромжэлацінавых пласцінаў на паперу, добрапрыстойныя месцічы нават ведаць не хацелі. Хіба што непаўналетнія насельнікі горада Б* распавядалі адзін аднаму страшныя гісторыі пра свае вылазкі ў пракляты дом - у гісторыях абавязкова прысутнічалі безгаловыя прывіды і зачараваныя скарбы, бедная ўдава Параска, якая зарабляла сабе на жыццё прыслугоўваннем ды самую крышку шаптаннем на ваду, распавядала пра пякельны смурод, які даносіўся з сутарэнняў фатаграфічнага дому. Да таго ж часцяком у тонкіх пальцах панны Багуславы бачылі і такі д’ябальскі прадмет, як тонкія доўгія цыгарэткі - дагэтуль у горадзе толькі старая пані судзейская курыла, праўда, не цыгарэты, а люльку з чорнага дрэва, што засталася ў спадчыну ад нябожчыка-мужа.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу