Апавядалі так цікава, што праз пэўны час недалічыліся медалёў, сцягоў і выяваў Леніна — усё гэта мне спатрэбілася ў «штабіку», які я пабудаваў у балотах. Дарогу туды ведалі толькі двое маіх сяброў — Віця ды Ігар.
Дзед пачаў на мяне крычаць:«Вярні, пірат, хоць сцягі, я імі збіраўся гуркі ды памідоры падвязваць!» Карацей, сцягоў 7–8 вярнуў. Між іншым, яны былі вялізныя, і такая добрая тканіна. Прабабуля трымала іх у руках і казала: «Ой, Дзімку, я ў часы вайны, калі немцы прыйшлі, з такога сцягу спадніцу сябе зрабіла, выразаўшы Леніна з сярэдзіны. Дык пасля судзілі, калі бальшавікі тыя прыйшлі, сусед нагаварыў!» Гэтак мая бабуля выказала свой сум па тым, што я такую тканіну па балоце цягаю… А я слухаў яе і спазнаваў не толькі гісторыю, але і кошт розным рэчам.
То быў нейкі выходны дзень апошняга лета ХХ стагоддзя. Іван Іосіфавіч і Уладзімір Мікалаевіч нават і не запыталі, навошта я завітаў у музей. А я забыўся павітацца, бо вочы адразу пабеглі па экспанатах, а ногі за імі па залах.
Музей меў чатыры вялізныя пакоі. У першым я пабачыў лад жыцця беларуса-палешука, у другім — жыццё Якуба Коласа ў Пінкавічах, трэці знаёміў з сябрамі і калегамі Коласа, а чацвёрты — з яго ліставаннем ды ўсялякім іншым. Мяне зацікавіў першы пакой, дзе розныя лыжкі, сякеры — карацей, тое, што я лёгка магу вынесці на памяць, бо астатняе было за шклом.
Стаю, чытаю сшытак вучня Якуба Коласа, раптам нейкі голас па-беларуску, я азірнуўся і бачу — дырэктар. Але ж ён маўчыць, а голас плыве. Нейкі дзядзька вершы чытае і каментуе. Думаў, радыё, ды тут Іван Іосіфавіч кажа: «Гэта гучыць голас Якуба Коласа, Дзіма!» Ну, тут я ўжо пачаў слухаць, а дакладней, рабіў выгляд, што слухаю, гледзячы на аловак Коласа і ўяўляючы яго ў сваім «штабіку».
Потым мы доўга гутарылі. Я ўжо быў «адукаваны», чытаў Максіма Горкага «Маці» ў 9 (!) гадоў і пра высылку Леніна (усё таго ж аўтара) чытаў. Да таго ж мая прабабуля апавядала мне пра цара, палякаў, катаў-бальшавікоў і немцаў, таму я ведаў шмат чаго. Іван Іосіфавіч гэта заўважыў і сказаў, што сыграе мне на скрыпцы і, самае галоўнае, — на мандаліне пад вершы Коласа. Зноў я рабіў выгляд, што слухаю, а сам трымаў у руках нейкую пляшку польскага часу і ўяўляў, як з яе п’ю ў «штабіку».
Наступным разам я прывёў у музей сваіх родзічаў-сяброў — Віцька ды Ігара. Больш за месяц мы «ашываліся» ў музеі, пакуль у мяне нараджалася ідэя, «як будзем браць музей». (Тут мяне натхняў Мамачка з фільма «Республика ШКИД».) Доўга я выбіраў, у чым маю пільную патрэбу, а што можа пачакаць. Потым яшчэ праверыць трэба было Івана Іосіфавіча на яго чуйнасць, наколькі чалавек уважлівы, таму зрабілі з хлопцамі наступную інтрыгу.
У жніўні ехала экскурсія з Баранавічаў. Я даведаўся і думаю: вось мы і паспытаем пільнасць дырэктара. Знайшоў нейкія акуляры разбітыя, вялізныя такія. Падумаў-падумаў і вырашыў: начаплю іх на вялізны бюст Якуба Коласа, заўважыць Іван Іосіфавіч ці не? Начапіў, змяшаўся з гасцямі з Баранавічаў, і тут вядзе нас гід да бюста, бо менавіта з яго пачынаецца экскурсія. Усе глядзяць і не разумеюць, чаму акуляры на бюсце, але маўчаць. А дырэктар на гэта не звяртае ўвагі і рушыць экскурсію далей. Адсюль і наша выснова: няўважлівы, ды і ўзрост ужо за 70 гадоў.
Наступным выпрабаваннем стаў чарговы прыезд экскурсіі, недзе з-пад Берасця. Тады мы ўтрох — я, Ігар і Віця — залезлі пад печ, і калі натоўп шкаляроў наблізіўся да нас, я пачаў лашчыць нагу дзяўчынкі. Яна маўчала, але адчувалася, што напружылася. Неўзабаве яе адвялі ў аўтобус, адкуль яна ўжо не выходзіла. Добра, што не крычала, інакш маглі нас убачыць. Хаця з-пад печы быў іншы выхад, таму мы б збеглі ў любым выпадку. Але ўсё атрымалася як найлепей, і я пачуваўся героем.
Нарэшце план быў гатовы. Як вядома, усё геніяльнае проста. Для таго каб нашыя твары не распазналі, мы надзенем супрацьгазы, якія мой дзед колькасцю каля сотні забраў у момант развалу СССР з тэхнікума. Як казаў дзед, тады неслі ўсё, ад сцягоў да тэлевізараў. Між іншым, я і па сёння не зразумеў, чаму ж ён вынес менавіта супрацьгазы і бюст Леніна. Ды гэта іншая гісторыя… Таксама мы запланавалі прыхапіць з сабой свечкі, каб усё бачна было. Перад «рабаваннем» Віцёк пакінуў адчыненай фортку ў пакоі, дзе былі выстаўлены прылады жыцця беларуса-палешука.
Вечар настаў. Недзе а 23-й гадзіне мы былі каля акна з адчыненай форткай. Як залез у пакой, дык адразу запаліў свечку. Хлопцы нешта марудзілі, а мне ў супрацьгазе было цяжка дыхаць, і я яго скінуў з галавы. Зазірнуў у пакой сяброў і калегаў Коласа. З нечага ўгледзеўся ў партрэт Змітра Жылуновіча. Сэрца грукоча… Раптам гасне свечка, быццам бы нехта дзьмухнуў на агеньчык. Кінуўшы супрацьгаз і свечку, я з крыкам: «Колас! Хлопцы, Колас, ратуйце!» куляй вылецеў праз акно…
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу