Багдан прыходзіць у інтэрнат інкогніта, з перадрукаванай на старой машынцы Пагоняй Багдановіча. У дваццаці экземплярах. Гэта для яго першая нелегальная акцыя: пасля закрыцця іх спеўна-фальклорнага гуртка яны прынялі рашэнне перайсці да сапраўднай дзейнасці. Заняцца агітацыяй і прапагандай. Пашыраць уплывы. Яны тады падумалі, што студэнты гісторыкі — самая ўдзячная аўдыторыя. Асабліва тыя, што паходзяць з вёсак і мястэчак. І што трэба прамацаць сітуацыю. Падрыхтаваць глебу.
І вось яны сутыкаюцца.
Багдан і Эва Дамініка. Выпадковае знаёмства на калідоры. Першыя словы. Адчуванне, што яны ўжо бачыліся недзе. Магчыма, на адной з сустрэчаў, а можа, у іншым жыцці. На гэтае адчуванне накладаецца ўзаемная сімпатыя, ад першага пагляду. Ці, больш дакладна, ад першага датыкнення: прыпальваючы цыгарэту, Багдан дакранаецца да яе рукі...
Францішак. Стомлены ад сваёй паэтычнай самоты. Даўно гатовы выйсці вонкі. Шчаслівы і крыху звар’яцелы. Блукае па калідорах, як п’яны Сакрат, у пошуках прыгодаў і вучняў.
Што ў гэты час ён рабіў у інтэрнаце, не мог зразумець ніхто. Складалася такое ўражанне, што ён проста матэрыялізаваўся ў пэўны момант на адным з інтэрнацкіх калідораў.
Ён бачыць дзве постаці ў куце, якія ўжо гатовыя развітацца.
І не могуць. Нягледзячы на тое, што цыгарэты дапаленыя, выпадковыя словы ўжо прамоўленыя, а на невыпадковыя яшчэ не хапае рашучасці.
Ён падыходзіць і ратуе сітуацыю: размова, якая была гатовая затухнуць, цяпер распальваецца з новай сілай. Яны ўжо ўтрох. І Францішак прапаноўвае працягнуць сымпазіён: ён мае два літры мадэры і ключы ад ленінскага пакоя.
Эва Дамініка пагадзілася адразу, не раздумваючы. Ёй хацелася збегчы з дня нараджэння ад першых хвілінаў, нягледзячы на сяброўку, і на тое, што з дзесяці гасцей шэсць былі хлопцы. Сёння яна, відавочна, была не гатовая быць як усе. Звычайна яе пачынала ванітаваць ад простых, чалавечых размоў са звычайнымі людзьмі недзе праз паўгадзіны, але тут яна не змагла іх нават распачаць. Прасядзела моўчкі ў куце, не сказаўшы ані слова. І цяпер ёй не трэба было нават развітвацца — яна выйшла папаліць з торбачкай і магла проста не вяртацца.
Багдан крыху супраціўляўся. У кішэнях заставалася пятнаццаць Пагоняў, якім трэба было знайсці месца. Да таго ж, ён сюды прыйшоў не дзеля таго, каб піць мадэру пад Леніным. Але Эва Дамініка пагадзілася, і Багдан зразумеў, што ў яго сёння няма выбару.
Яны заходзяць ў Ленінскі пакой паасобку, па ўсіх правілах канспірацыі, і застаюцца. І ўжо не заўважаюць часу.
Доўгая начная размова. Такое бывае сярод амаль незнаёмых: калі правільна выбраны тон, можна гаварыць пра незвычайныя рэчы. Якраз таму, што выпадковая размова — гэта амаль сон: вы неўзабаве развітаецеся і болей адзін аднаго не пабачыце.
Яны менавіта так і пачалі, з самага важнага, але крок за крокам усё пачало змяняцца. І ўжо праз гадзіну стала ясна, што яны не развітаюцца. Прынамсі, не ў гэтым жыцці.
***
Далей усё распадаецца на тры лініі. На тры ніткі. Але гэтыя ніткі ўжо не ідуць паасобку. Яны пераплятаюцца, твораць прыгожы і неверагодна складаны ўзор чалавечага жыцця. З эмоцый, думак, асабістых гісторый. У гэтым узоры ёсць праяўленае і схаванае, тое, што адбываецца, і тое, што магло б адбыцца.
Было б правільным сказаць, што гэтыя ніткі плятуць Мойры, грэцкія боствы, пра якіх, насамрэч, мы мала што ведаем. Нават іх паходжанне ў розных крыніцах падаецца па-рознаму. Калісьці даўно гаварылі, што яны дочкі багіні ночы Нікты, сёстры смерці і сна, помсты і трывогі. Але ўжо Гамер расказвае пра старэнькіх кабетаў, што сядзяць за кудзеляй з чалавечых лёсаў. А Платон — пра прыгожых дзяўчат у белых сукнях, дачок багіні Ананке — сусветнай неабходнасці.
Што мы ведаем дакладна — іх тры, і яны адказныя за нашыя жыцці. Ведаем таксама іх імёны.
Старэйшая з іх, Лахезіс, углядаецца ў мінулае, у карму. Яе задача — убачыць наканаванне. Яшчэ да таго, як чалавек нарадзіўся. І выткаць аснову жыцця, моцную, грубую. Асноўную лінію лёсу.
Другая Мойра — Клота, творыць сучаснае. Яна ажыўляе гэтую аснову, расквечвае яе шматлікімі падрабязнасцямі, адхіленнямі і затрымкамі.
І нарэшце апошняя — Атрапос. Самая дзёрзкая і самая прыгожая. Яе галоўная задача — абарваць нітку. Толькі яна ведае час нашага прыходу і час сыходу. І таму яна пільна ўглядаецца ў асобныя жыцці, каб не прапусціць гэты момант.
Але часам яна нудзіцца сваімі абавязкамі, гарэзіць, абрывае ніткі не ў час, альбо сплятае іх міжсобку.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу