Усё ж такі прызначэнне паэзіі не метафарызаваць рэчаіснасць, а пераўтвараць яе ў з'яву наступнага парадку — у энергію, у сэнс, у святло, у будучыню; не ўзбуджаць, а будзіць.
Метафара не набліжаецца да рэчаіснасці, а, хутчэй, наадварот — аддаляецца ад яе, не прасвятляе яе, а скажае. Гэта бачанне зрокам, які запалоньваюць «бярвёны і парушынкі», ілюзорнае бачанне, «цікавае» бачанне, якое грунтуецца на «так мне ўяўляецца» і прадметы ў якім двояцца, трояцца і не пазнаюць саміх сябе.
*
На адной лінгвістычнай карце ўбачыў свае мясціны, заштрыхаваныя ў касую лінейку: пераходна-мяшаная гаворка — значылася там. Куды пераходная, з чым мяшаная? Што яна, гурт кароў, які пераходзіць з месца на месца і, не ўпільнаваны пастухамі, можа змяшацца з іншымі гуртамі? Гэта і не дыялектычны, і не дыялекта-лагічны падыход. У кожнай гаворкі ёсць свой непаўторны воблік, свае непаўторныя рысы. Як не існуе «пераходна-мяшаных» людзей, гэтак не існуе «пераходнамяшаных» гаворак. Іхтрэба акрэсліваць і азначаць, не папіхаючы ў той ці іншы бок, а пакідаючы на тым самым месцы, дзе яны ёсць, паводле іх саміх. А то такімі сляпымі-касымі штрыхамі можна закасаваць усе свае асаблівасці.
*
Заўважаем тое, што маем, разважаем пра тое, што маем, і кажам: багатыя тым, што маем.
Але азіраешся назад — і бачыш тое, што магло спраўдзіцца, але не спраўдзілася, магло адбыцца, але не адбылося, і шкада гэтага няспраўджанага і ў сабе, і ў іншых.
*
Урэшце, для чалавека плённыя толькі тыя ўзоры рэчаіснасці, якія знаходзяцца на шляху яго росту, яго чалавечай эвалюцыі. Усё тое мноства заняткаў і спраў, якія, магчыма, некалі для чалавека ўяўлялі цікавасць і значнасць і браліся ў запас, але якія не адпавядалі характару ягонай сутнасці, усё роўна з цягам часу мусяць пакінуцца — як затрымка і перашкода.
*
У чалавеку, у яго адносінах да самога сябе супадае і праяўляецца трохмерная шкала самаўсведамлення, модусы якой: я, ё н, ты — вядуць чалавека па жыцці. Гэтыя модусы з'яўляюцца і геніямі літаратурных жанраў: я — паэзіі, ё н — прозы, т ы — драматургіі.
*
У рамане Сцівена Кінга «Мёртвая зона» галоўны герой рамана, экстрасенс, трымаючы ў руках пачок ад цыгарэт, намагаецца і нічога не можа сказаць пра яго ўладальніка: пачок маўчыць.
Так і ў пісьменніцтве, так і ва ўсім: мы заўважаем і кажам тое, што адгукаецца нам, што само падае нам свой голас.
*
«Палімпсест» — прыгадаў гэтае слова і гэты верш Уладзіміра Жылкі, калі пабачыў, як рэдагуецца спадчына: наклейка на наклейцы, купюра на купюры... Усё яшчэ недастаткова адкрытая, усё яшчэ недастаткова вывучаная і ацэненая, яна не мае магчымасці выконваць у грамадстве сваю неабходную і адно толькі ёй уласцівую ролю. Неактывізаваная спадчына не проста прысутнічае ў пасіве, але бесперастанна траціцца, вычэрпваецца. Як энергія, якая не ператвараецца ў карыснае дзеянне. Як святло, якое затульваюць каптуры.
*
Чаму паэту, які ўчора пісаў цікавыя, глыбокія вершы, сёння гэта не ўдаецца? Хоць, здавалася б, і вопыту ў яго больш, і жадання не менш...
Зразумела, паэт не валадар над вершамі і не іх вытворца («Паэт не той, хто піша вершы, не...» — паводле Уладзіміра Някляева). Але і не прылада, якой пішуцца вершы. Без яго добраахвотнай волі, без яго свядомай адносіны, без яго асабістага і асабовага ўдзелу (саўдзелу) немагчыма ніякая творчасць.
Паэт не выключэнне сярод людзей, а, хутчэй, правіла, праява універсальнага сусветнага закону, які ён жа сам і фармулюе. I ад таго, як ён яго фармулюе, залежыць яго жыццё, яго творчы лёс.
*
Калі доўга не бачышся з кім-небудзь са знаёмых, пры сустрэчы, бывае, не маеш яму што і паведаміць: мяняецца маштаб, якім вымяраецца твой час.
Мадэль часу нагадвае кола: у ім ёсць акружнасць і ёсць цэнтр, дынаміка і статыка, цэнтраімклівае і цэнтрабежнае...
Акружнасць множная, цэнтр цэласны, для акружнасці ўсё здараецца, для цэнтра — адбываецца, акружнасць мысліць лінейна, цэнтр — радыяльна, на акружнасці пануе выпадак, у цэнтры — заканамернасць, на акружнасці — «макра», у цэнтры — «мікра», на кожны мікрон якога прыпадаюць зорныя кіламетры макраадлегласці.
Чалавек пастаянна супрацоўнічае і з цэнтрам, і з акружнасцю, і, у залежнасці ад таго, у якіх стасунках знаходзіцца ён з імі, мяняецца маштаб — і якасць — яго жыцця і мыслення. Чым больш ён «акружлівы», тым больш ён асобны і асабовы, чым больш «цэнтральны», тым больш усіхні і ўсюдны.
Читать дальше