Пляма пляскатая, але калі хто спрабуе пазбавіцца ад яе гвалтам, не ўлічваючы яе глыбокіх асаблівасцяў, пляма ператвараецца ў яму, якая не мае ні дна, ні паверхні.
Нібы аплявуха, пляма ўлепліваецца ў аблічча прадметаў, даводзячы ім, што яны не такія ўжо і нявінныя, і, нібы лямант, апелюе да тых, хто чуе, што на самой справе звыклая ўсім рэчаіснасць не лемантар, дзе ўсё вядома і проста, а праблема, якая вымагае вырашэння.
Гонар
Гонар, як горан: ён асвятляе і грэе чалавека і дапамагае яму захаваць яго сапраўднае аблічча, яго чалавечы ранг у той час, калі абставіны намагаюцца раскласці яго на атамы і малекулы, утаптаць у гразь, але тады, калі чалавек, як Богу, дазваляе гонару ўгрунтоўвацца ў нораў і ў розум і, як Бога, слухаецца яго, гонар «іграе» на чалавеку і «прайграе» яго.
Гонар горнецца ўгору і гэтым сваім «горненнем», быццам нарогам, пераарганізоўвае рэчаіснасць на нізкую і высокую, «гарную» і пагарджаную, ігнараваную і вітаную і, атрымліваючы ад адной часткі пераарганізаванай рэчаіснасці гарантаваную ўзнагароду, атрымлівае ад другой грона гарантаванай непрыязнасці і пагроз.
Нібы месяц маладзік ці ветах, гонар мае рогі, і яны, сведчачы аб яго «месяцовасці», разам з тым сведчаць аб яго непаўнаце.
Ад гонару — гора, але ў ім выгранёў- ваюцца грані грандыёзных намераў, гонар — загана, але ў ёй назапашваецца энергетычная гранула духу.
Купіна
Купіна выпукваецца з балота, нібы купал патанулай бажніцы.
Сярод аднастайнай застойнай і тупіковай масы, у якой купаецца купіна, яна акупунктурная кропка якасці, і калі на яе наступаюць, калі на яе націскаюць, гэта адчувае і на гэта адгукаецца ўвесь асяродак.
Купіна скупая: яна не дазваляе, каб тая унікальнасць, якую яна назапашвала і на-коплівала, размывалася і танула ў ніякай стыхіі.
Купіну акупоўваюць пукі сітніку, пукі асакі. Купіне адрасуюцца шматлікія кепікі і кпіны, але тым не менш усё, што мае сабе цану, пнецца на адзінае месца, дзе спаўна акупаецца іхняе колішняе паніжэнне,— на купіну.
Жолуд
Жолуд валодае надзвычайнай дужасцю, якая, як з шолудзяў, дазваляе яму вылузвацца з дужак усемагчымых абмежаванняў і нават з самога сябе.
З галіны векавечнага дуба — з галіны самой векавечнасці — жолуд падае ў дол, каб потым, адольваючы прыцягненне долу, цягнуцца да жаданага — да «жалуданага» — узроўню.
Жолуд луджаны: нібы палудай, ён атулены жоўта-рудой абалонкай; яна сцеражэ яго ад жуды сустрэчы з заўчаснаю рэчаіснасцю, і ў ёй доўжыцца яго засяроджанае вандраванне ў часе.
Жолуд — адменная ежа: і калі голад, і калі лад.
Пра таго, хто не ўмее паводзіцца ў жыцці, кажуць, што ён няўдалы, што ён недалужны; што да жолуда, дык ён заўжды ўдалы, заўжды «далужны».
*
Чарот-вечарот
На возераберазе,
Дзе векамань — каменнем,
Каменне — векаманню.
На берагавозеры
Чарот, вечарот,
На вечараберазе
Веча шумлівае.
Крылцуючы золатапісьмом
Узорнай шаты,
ўшат
каваў
У торбу брушка конік шмат
Прыбярэжных траў і вер.
— Пінь-пінь-пінь! —
кулялёхнуў дзіндзівер.
О, лебядзіва!
О, азары!
*
Нем нямным луКае лукам
У закрычані зары.
Ноч кранае грозным гукам
Душы цёмныя: «Гары!»
Ды закрычань задрыжала,
Узяла маўчанне ў шчыт —
Ёй, стотварай і стоджалай,
Мкнуцца боем на нябыт.
Лук з рук падае ўпадаўнам,
Праракуе немана,
І ў знябожанні дзяржаўным
Прочкі крыліцца яна.
Рагачыце, рагачы!
Рагачарце, рагачары!
Рагачварце, рагачвары!
Рагатніце рагатліва з рагатнёў,
рагатуны!
Рогаць, рогатань, урогат,
Рагачутка, рагацень.
Рагатулі, рагатуйце рагатункі!
Зрагаторце
Рагаторгі рагатнічым рагатнем,
рагатары!
Рагацвелы ўрагацвела рагацвеляць
рагацелаў,
Урагочваюцца ўрогач рагачверцы
ў рагачме.
Рогат рогатна рагоча рагатайнай
рагатою.
Рагатніны ў рагатніцу.
Рагачыце, рагачы!
Гайсалі кленічы і клічы
І галас нетрамі стагнаў,
Каб вострай дзідай паляўнічы
Ляснога звера даканаў.
Алень, алень, нашто нядужа
Нясеш у рогах грому зык?
На сцёгны ўпалі стрэлаў ружы,
І непахіблівы разлік.
Ён зараз зломіць ногі вобзем
І скон заўважыць відарліва,
І коні скажуць гутарлівае.
«Не, недарэмна зграбных возім».
Дарэмна рухам вабналюбым,
Дзявоцкім хараством вачэй
Ты адхіляўся ад загубы,
Што дзіду ўзважвала ямчэй.
Бліжэе конскае дыханне —
Ніжэюць рогаў падарункі,
І цецівы часцей хітанне:
Няма аленю паратунку.
Ды ў ім узнікла раптам грыва,
Кіпцюр ільвіны вастраперсты,
І бестурботліва гулліва
Ён паказаў чапаць майстэрства.
Яны без незгадзі і крыку
Палеглі ў труны-карабы.
Стаяў ён з постаццю ўладыкі,
Глядзеў, як нікліся рабы.
Читать дальше