— Бараніцца. Што ж яшчэ? — за ўсіх спакойна адказаў Мануіл Кавалевіч.
— А чым? — зноў запытаў Салавей.
— Ты прынёс вінтоўку? Прынёс. А я, думаеш, дурнейшы. Так і кожны,— выгукнуў Тарас Пальцаў.
— Знойдзем! У каго дубальтоўка, у каго ламанка. Нешта ж прынясём.
— Можа што і лепшае знойдзецца,— загулі мужчыны.
— Добра, калі разумееце, што трэба. А трэба нам зараз жа мець сваю самаахову, атрады Чырвонай гвардыі. У каго ёсць якая зброя, патроны, порах, можа хто гранаты прыпас, ці што іншае, заўтра зранку з усім, што маеце, каб былі ў воласці. Так усюды і людзям кажыце.
— А што рабіць тым, у каго няма? — запытаў канапаты хлопец.
— Трэба шукаць. Цапільнам з кулямётамі не паваюеш. Патрасеш шляхту, ва ўрангелеўскіх пакоях пашукаем.
— На футарах і гармату знойдзеш. Засцянковыя шэршні запаслівыя,— пажартаваў нехта.
— Адным словам, таварашы, так: бараніць сваю ўладу, свае правы прыйдзецца самім. Рэўком цяпер становіцца і рэвалюцыйным штабам. Ваенным камісарам будзе от ён,— Салавей паказаў на Пракопа,— таварыш Малаковіч, камандзір — Анупрэй Драпеза. У кожным сяле будзе аддзяленне, узвод, а можа і рота набярэцца. Усе жывуць дома, а калі трэба, па загаду, як па трывозе, выступаюць. Ясна?
— Чаму ж не?
— Ясна!
— Мы ім дамо пытлю, няхай толькі паткнуцца! — гулі мужчыны.
Салавей папрасіў, каб асталіся члены РСДРП бальшавікоў. Астатнія мужчыны пачалі разыходзіцца.
Ішлі купкамі ў свае сёлы, неслі за пазухамі перапісаныя ў вучнёўскія сшыткі першыя дэкрэты і гаманілі ўсё пра адно і тое ж.
— А ты думаў, не хварэючы, не балеючы, нарэжуць табе валоку — і раскашуйся сабе?
— Дзе ты бачыў, так яны не аддадуць. Паваяваць прыйдзецца.
— І паваюем, а свайго не аддамо. Наша зямля.
— А чыя ж? Раз у дзякрэце запісана, значыць — наша.
У пакойчыку старшыні сабралася восем рудабельскіх бальшавікоў: худы, з запалымі вачамі, з пасмамі шэрых валасоў, дзюбаносы Якаў Гошка, высокі, з магутнымі шырокімі плячамі, з невялічкімі вусікамі на ружовым твары Максім Ус, чарнявы, заўсёды спакойны Лявон Адзінец, Максім Ляўкоў, Пракоп Малаковіч, у чорным бушлаце і шырокім матроскім клёшы, зусім яшчэ малады балтыйскі марак Зянон Раговіч і разважлівы, хоць і малады, Нічыпар Званковіч.
Яны расселіся на лаўках каля сцен і чакалі, што ім скажа Салавей. А той агледзеў знаёмых з дзяцінства сяброў, успомніў парэпаныя пяты і пасівераныя рукі, зрэбнікі, пафарбаваныя альховай карою, закарэлыя насы і толькі вачамі ўсміхнуўся. Цяпер перад ім сядзелі абветраныя дужыя мужчыны. Яны не раз глядзелі ў вочы смерці пад Сувалкамі і Баранавічамі, у некаторых яшчэ нылі раны ад нямецкіх куль і шрапнелі. Гэта яго самыя блізкія сябры і аднадумцы, першыя бальшавікі Рудабельшчыны.
Усе гэтыя думкі імгненна пранесліся ў галаве. Салавей абсмыкнуў палінялую гімнасцёрку, паправіў шырокую папругу і загаварыў спакойна і ціха:
— Таварышы, нас тут усяго восем бальшавікоў. Не многа, але мы ўжо арганізацыя, сіла. Максім,— звярнуўся ён да Ляўкова,— прыйдзецца пісаць пратакол.
Максім выцягнуў аркуш паперы, што засталася ад колішняй воласці, паспрабаваў, ці добра піша пяро, і акуратна, буйнымі круглымі літарамі вывеў: «Пратакол № І сходу Рудабельскай валячэйкі РСДРП бальшавікоў».
— Таварышы, нам прыйдзецца ваяваць не толькі з панамі і падпанкамі, не толькі з багатаю засцянковаю шляхтай, але і з узброенымі сіламі контррэвалюцыйнага корпуса Доўбар-Мусніцкага,— працягваў Салавей.— Цяпер кожнаму відно, что Часовы ўрад Керанскага стварыў гэты корпус для таго, каб яго рукамі душыць рэвалюцыю, ахоўваць панскія маёнткі і распраўляцца з бальшавікамі і беднатою. Відаць, і Мухель чакае не дачакаецца легіянераў, каб яны пільнавалі ўрангелеўскае дабро.
— Што ты! — перабіў яго Ляўкоў.— Мухеля даўно па свеце няма. Даўся ж ён табе ў знакі, што і мёртвага ўспамінаеш. Атруціўся Мухель на самым пачатку вайны. Прамантачыў панскія грошыкі, а ў цюрму садзіцца фанабэрыя не дала, усыпаў нешта ў чай, выпіў шклянку на вачах ва ўрадніка і апруцянеў.
— Цяпер тут, брат, гіцаль люцейшы за Мухеля. Адстаўны падпалкоўнік. Сам барон яго прывёз. Мікалаем Мікалаевічам завуць, а хвамілію ніхто і не ведае. Цюцька, якіх свет не бачыў,— дадаў Якаў Гошка.
— А я і не ведаў. Што ж, і гэты Мікалай Мікалаевіч не сядзіць склаўшы рукі. Нам трэба не дапусціць акупантаў у Рудабелку, трэба пакласці ўсе сілы, каб тут жыла Савецкая ўдасць. А для гэтага трэба што?
— Падняць і ўзброіць народ,— дадаў Ус.
Читать дальше