— Рэдкі талент не задаваць лішніх пытанняў, — адказаў мне нарэшце Віталь і, пакуль я не паспела прыдумаць яшчэ аднаго пытання, — спешна падхапіўся і пацягнуў за сабой лабарантку. Кудысьці ў цемру факультэта.
З цемры даляцеў безразважны смех лабаранткі. І ўсё. Факультэт сціх.
Я засталася сама. Усё было — як у маім начным кашмары: я стаяла на сходах васямнаццатага стагоддзя, у прыцемках, недалёка — на паўпаверхі вышэй — была галава Сакрата, і я дакладна ведала: сустрэча цяпер блізкая, як ніколі.
Частка трыццаць трэцяя. Азірніся
Я паглядзела на другі паверх — падазраю: туды мяне цягнула галава Сакрата. Бо менавіта каля гэтай галавы я пабачыла ўва сне прадвесніцу сваёй смерці — Караліну — і яе сінія каралі.
Фройд казаў, што на ўчынкі чалавека штурхае альбо эрас, альбо танатас — прага кахання ці прага смерці. Мяне, відавочна, падштурхоўваў танатас.
Каля галавы нікога не было, але я не наважылася наблізіцца да яе. У вакне першага паверху палымнела сонца, стромкія берагі Дзвіны, здавалася, звінелі пад хрумсткім снегам, я загледзелася на іх — прагнучы пераняць нешта падобнае і на сябе, таксама стаць звонкай і грацыёзнай, а значыць, забыць пра ўсё: пра сябе, пра смерць лесбіянкі, пра свой вантробны страх. І раптам я прыгадала, як калісьці даўно я падоўгу разглядала гэтыя ж берагі на календары — мне здавалася, што фігура, якая патрапіла ў кадр, на тым беразе ракі — цалкам голая. Цяпер там нікога не было, і мне нават падумалася, што я засталася адзінай жывой істотай у гэтых лабірынтах ценяў і прывідаў мінулага. Ды ў гэты ж момант я пачула голас ззаду, які вырваў мяне з успамінаў і вярнуў назад — у трывожную рэчаіснасць:
— Ты і праўду верыш у праклён? — я азірнулася і пабачыла Караліну.
— І праўду, — адказала я, разглядаючы яе — яна была нейкая сумная і адхланёная, нібы ўсю ноч праплакаўшы. У вочы кінуліся яе сінія каралі, якія густа, у некалькі слаёў, абвівалі яе шыю. І тады я чамусьці расказала ёй пра праклён, ад якога я ўцякала з Менску, пра тое, як смерць амаль дагнала мяне — толькі не пацэліла, патрапіўшы замест мяне ў Ганну. І пра тое, што гэта не канец пакутам. Што наперадзе яшчэ самае страшнае — вось і каралі ўжо з’явіліся. Я іх баюся. Яны —
— Цс-с-с? — прашаптала Караліна. — Я іх не баюся. І ты не бойся, — і чамусьці засмяялася.
— Адкуль мой здымак у торбе Ганны? — спытала я пра тое, што палохала мяне цяпер найбольш. — І галоўнае — з такім надпісам: “Азірніся”, напісанае маім почыркам.
Сам паварот падзеяў нашага дэтэктыву здаўся мне абсурдным — гэта ж метафізічныя прыгоды, а не “Горад Зэро” ці жарты Хармса. І ў містыку я з усёй сілы спрабую не верыць — я ад яе адмаўляюся. Я не магу да канца прайсці яе шляхам. І таму зусім нічога не разумею ў гісторыі з маім здымкам у торбе Ганны.
— Містычнага тут мала, — адказала Караліна. — Я была побач, калі Ганна знайшла твой здымак. У рэдакцыі, куды ты прыслала свае вершы. І яна яго скрала. Вершы былі настолькі звар’яцелымі, што іх нельга было друкаваць, але яны натхнілі Ганну. Яна захацела пераняць твой выраз вачэй.
Караліна казала нешта пра тэорыю маскі, якой была апантаная Ганна. Маўляў, чалавек, які хоча пабачыць сваю душу, мусіць сустрэць свайго антыпода і прамовіць самае галоўнае пра сябе яго голасам. Як быццам апрануўшы маску.
— Ведаеш, працягвала яна, — часам здаецца, што дастаткова пераняць знешні выгляд — і пачувацца ты будзеш гэтак жа, як і той чалавек, якога ты імітуеш. Вось яна і загледзелася на цябе, каб пасля тваімі вачыма глядзець на свет — таму яна і напісала на адвароце, як напамін сабе пра сябе маладую, тую, што не ведала ніякіх межаў — “Азірніся”. І нават почырк яна паспрабавала зімітаваць твой.
— Яна думала: не ведаць сваіх межаў — гэта шчасце? — спытала я, выдыхнуўшы з палёгкай. — Па-мойму, межы — гэта паратунак: як без іх зразумець — хто ў табе гаворыць? — здзівілася я.
Караліна нічога на гэта не адказала.
— Бязмежнасць, — дадала я і гэта чамусьці здалося мне важным, — гэта не толькі цяжар. Яна яшчэ робіць літаратуру немагчымай.
— Амаль немагчымай, — перапыніла мяне Караліна. — Таму яна такая каштоўная для пэўных формаў душы.
Але не бязмежнасць цікавіла мяне цяпер найбольш. Цяпер мяне цікавіла, што за сустрэчу чакала Ганна тут, у Полацку? На што яна наважылася і што так палохала Караліну?
— Сустрэча з чытачамі, вядома, — сумна адказала Караліна. — Ганна пагражала раскрыць на ёй усе карты — а гэта мяне б моцна скампраметавала. Але я не забівала Ганну. І ты гэта ведаеш. Інакш бы не стаяла тут.
Читать дальше