— У страху вочы вялікія, —здзекліва пакпіў аднойчы Хяндога ў часе чарговага вобыску. —Страх прымушае нічым не грэбаваць, забываць пра гідлівасць. Бач, з якой рупатой і стараннем, нібы каравачнікі, яны перабіраюць нашы рызманы ды абмацваюць рэбры і маслакі, як быццам хочуць пераканацца ў тым, наколькі мы пахудзелі.
— Толькі гэты з жалезным крыжам не прыніжаецца, — разважліва ўмяшаўся Казнадзей.
— А ён і сапраўды ніколі не корпаецца ў нашых рэчмяшках і не выварочвае нашых кішэняў, —падтакнуў яму Ярмолік. — Ці чалавека стрымлівае грэблівасць, ці ён лічыць гэты занятак ніжэй сваёй годнасці?
Міхась з Леанідам даўно заўважылі, што Кольб не прымае ўдзелу ў вобысках, але не знаходзілі ў гэтым нічога дзіўнага. Маўляў, чалавек, які сам перажыў усе нягоды варожага палону, ведае ім цану і таму не хоча крыўдзіць і зневажаць небаракаў. Калі ў яго не хапала цярплівасці падоўгу выстойваць у ланцугу ачаплення, дзе ён усё-такі адносна нейтральны, дык як ён будзе адчуваць сябе, корпаючыся ў рэчмяшках гаротнікаў ды абмацваючы худзізну іхніх целаў? Абодвум сябрам яго паводзіны здаваліся заканамернымі i не выклікалі ніякага здзіўлення. Яшчэ і так доля злітавалася над імі, калі сярод цэлай каманды мярзотных пачвараў паслала адну чалавечую істоту, якая хоць у нейкай меры можа аблегчыць ix паднявольнае існаванне. Хаця Сіліч бачыў, што Кольб сярод сваіх суайчыннікаў выглядае белай варонаю, але яму з ягонай рамантычнай натураю ён здаваўся сіняй птушкаю шчасця.
Калі з вобыскам палонныя яшчэ сяк-так мірыліся і цярпліва пераносілі яго, дык з мыццём у іх атрымлівалася значна горш. Лазні ў лагеры не было. Таму на людзей напалі вошы. Яны не давалі спакою і ў сне. А ўдзень нясцерпна свярбела i ад поту смылела пакусанае цела.
— Тут сам хоць ты выпроствай ногі з неядзі. А яшчэ яны поедам ядуць галоднага, —аднойчы ўзлаваўся Казнадзей. — I чым толькі яны жывяцца ў нас?
— Крывёю ды потам, — пакпіў Хяндога. — Бач жа, як ад бруду распладзіліся плоймаю!
Баючыся, што палонныя закараслівеюць або ў лагеры ўспыхне эпідэмія тыфусу, немцы ўспалашыліся і наладзілі прымітыўнае мыццё. Для гэтага аблюбавалі побач з гравійкай невялікую прыродную ўпадзіну, затопленую вадою, і ў яе разы два ў месяц пасля працы заганялі палонных, папярэдне прымушаючы ix распранацца. У ліпені ды ў жніўні і самі небаракі не ўхіляліся ад гэтакай лазні. Людзям, якіх за дзень напаліла сонца, канечне, хочацца акунуцца ў вадзяную прахалоду ды хоць трохі спаласнуць з перагрэтага цела брудны пот. Праўда, у іхнім становішчы ні кутганне, ні шараванне не замянялі сапраўднага мыцця. Бо мыла ж у іх не <5ыло. Тыя, што адчувалі сябе дужэйшымі, заходзілі на самую сярэдзіну ўпадзіны, дзе вада была ім па грудзі, і плюхаліся ў ёй, узбіваючы раі пырскаў, а знясіленыя боўталіся паўз бераг, нібы свінні з краю вялізнай лужыны. Але і тыя, і другія як быццам намагаліся змыць з сябе не толькі брудныя потныя пісягі, але і назойлівых насякомых, што не давалі ім спакою.
Вада абдавала прахалодаю, лагодна казытала цела, здымала стому і бадзёрыла. Настоенае на зёлках і кветках паветра навокала паступова разбаўлялася пахам прэснай вільготнай свежасці, ад якой кружылася галава. Дробныя вадзяныя пырскі на ляту звонка раструшчвалі сонечныя промні, дзівосна адсвечваючыся вясёлкавымі адценнямі. Праз іх водсвет уся далячынь выглядала ружаватаю.
Сілічу чамусьці здавалася, што менавіта ў такім святле цяпер перад многімі ягонымі пабрацімамі паўстае іхняе мінулае. Ва ўсякім разе, яму самому прыгадалася, як яны калісьці хлапечым гуртам купалі ў глыбокай азярыне коней. Адны сядзелі на конскіх спінах, трымаючыся за грывы, другія, найболей смелыя, чапляліся за хвасты, добра ведаючы, што ніводзін конь, плывучы, ніколі не ўбрыкне. Гучна храпучы i незадаволена фыркаючы, коні на самай глыбіні праплывалі ўрачысты круг і, скіраваныя завадатарам да берага, нібы казачныя стварэнні, па водмелі выходзілі з вады пад вечаровым сонцам, пабліскваючы белай, буланай, гнядой ды чорнай масцю. Здавалася, што, выкупаныя і пажвавелыя, яны ахвотней ішлі ў начное.
Палонныя пасля купання таксама выходзілі з вады пасвяжэлыя, але вымушаны былі зноў залазіць у заношаную бялізну, бо іншай на запас не мелі. А па ёй жа поўзалі вошы. Яны з прагнасцю накідаліся на чыстае цела, бесперашкодна пладзіліся. Трэба было неадкладна прымаць рашучыя меры, каб змагацца з імі не на жыццё, а на смерць, бо не гінуць жа ў няволі ад напасці, на якую можна знайсці ўправу. I неўзабаве Казнадзей прыдумаў, якім чынам распачаць супраць іх барацьбу.
Читать дальше