Дый сапраўды, чаму камендант даручыў пілаваць дровы аднаму Гладышу, а не паставіў двух палонных, каб адзін пілаваў, а другі — калоў?
Не выклікала ніякага сумнення і тое, што Гладышава жонка магла ўпотайкі ўручыць каменданту залатыя дзесяткі або калье, завушніцы, пярсцёнкі. Калі Кольб кажа, што Брэс можа расправіцца з Леанідам толькі з-за ягоных двух залатых зубоў, дык ці ж пасаромеецца ён прадаць жывога чалавека за каштоўны выкуп?
Сваімі думкамі пра ўсё гэта Міхась падзяліўся з Леанідам і з Хяндогавымі сябрамі. Тых ніколькі не здзівіла навіна аб камендантавай камерцыі. Толькі па-ранейшаму ў іх выклікаў непаразуменне ўчынак Гладыша. Яны ніяк не маглі асэнсаваць яго, хоць і ўсведамлялі, наколькі невыносныя ўмовы стварыў вораг для нашых людзей на захопленых землях. Палонныя самі адчулі, як лютуюць фашысты, таму ўяўляюць, як яны здзекуюцца з грамадзянскага насельніцтва, хапаючы і вывозячы нявольнікаў у Нямеччыну. Канечне, многія як умеюць, па-свойму, спрабуюць пазбавіцца гэтакай долі. Але ўявіць немагчыма, каб чалавек добраахвотна вяртаўся з волі, якая б яна ні была, за калючую агароджу, у лапы ворагаў. Няўжо яго гэтак абалванілі?
— Значыць, чалавек хітруе, — заключыў Казнадзей. — Пакуль нявыкрутка, хоча спакойна адсядзецца. Выгадвае. Але глядзі, каб не прагадаў.
Хяндога таксама не сцярпеў і з’іранізаваў:
— Смешна было, як ён выкручваўся. Кажа, лясоў блізка няма. Гэта ж гучыць, нібы марны лямант у пустыні. А нябось, лясы не далей за гэты лагер. Драпануў бы ў ix ды расказаў смельчакам, што можна легка абзавесціся і людзьмі, і зброяй. Як-ніяк, а тут жа дваццаць вінтовак, хай сабе і нямецкіх. Каб справіцца з нашымі ахоўнікамі, калі яны стаяць у ланцугу ачаплення, хапіла б i пары аўтаматаў. Мы яшчэ таксама ж не зломкі. Памаглі б у рашаючы момант. А сотня гатовых байцоў—знаходка для вопытнага камандзіра.
«Во калі б яму ўдалося вырвацца на волю, ён разгарнуў бы там кіпучую дзейнасць! — думаў Міхась, слухаючы Хяндогу. — Услед за ім, здаецца, пайшоў бы ў агонь і ў ваду».
Пабочнаму чалавеку не маглі не кідацца ў вочы паказны парадак i ўяўная акуратнасць няпрошаных прышэльцаў. А ў выніку педантычнага прымусу гэтыя рысы іхняга характару ператварыліся для нашых людзей у абразлівы здзек i невыносную муштру. Часткова гэта выяўлялася пры вобысках і асабліва наглядна ў часе мыцця, якое немцы, нібы ў насмешку, празвалі санітарнай апрацоўкаю. Спачатку яно прыносіла нейкую асалоду, а потым стала садысцкаю экзекуцыяй.
Паколькі палонныя заўсёды працавалі ў ачапленні вартавых, дык, вядома, не маглі мець кантактаў з цывільнымі жыхарамі. Але ахова ў мэтах сваёй бяспекі ўсё роўна сістэматычна абшуквала іх: баялася, каб не знайшлі ў кюветах і не прынеслі ў лагер зброі.
Вобыск праводзіўся не ў пэўныя дні, а нечакана, знянацку і абавязкова ў прысутнасці каменданта. Вярнуўшыся з працы, палонныя адносілі ў склад лапаты з насілкамі і зноў выстройваліся ў калону, якую ўважліва пералічвала лагерная ахова. Тры ці чатыры вартавыя ўваходзілі ў будынак былой школы і пільна аглядалі ўсё ўсярэдзіне. Закончыўшы агляд, яны выходзілі адтуль і па чарзе пачыналі старанна абшукваць небаракаў, што спераду калоны ланцужком выцягваліся да брамкі ў агароджы.
Асабліва прыдзірліва праводзіўся вобыск, калі палонных перагналі ў гэты лагер. Тады вартавыя марудліва ператрэсвалі іх рэчмяшкі, нетаропка выварочвалі кішэні, пазабіралі самаробныя нажы, сцізорыкі і ўсё, што лічылі непатрэбным і лішнім.
Іншыя разы, як тут, гэтак i перад былым кароўнікам, палонных абшуквалі таксама пільна, але ўсё-такі з боку начальства дапускалася i некаторая паблажлівасць.
Камендант пераканаўся, што ў летніх і ў асенніх умовах знаходлівыя небаракі пратрымаюцца і на падножным корме, ад чаго сам ён атрымае двайную выгаду. А яшчэ як убачыў, што гаротнікі заняліся промыслам сувеніраў для немецкіх салдат і афіцэраў, дык і зусім сугіакоіўся. Маўляў, гэтым заняткам яны і ягоным суайчыннікам прынясуць малюсенькую ўцеху дый самі будуць мець пабочны харч. Тым часам, глядзіш, і яму лягчэй будзе заначваць сёе-тое з мізэрнага лагернага правіянту. Таму Брэс і не прымушаў вартавых адбіраць у палонных парожнія гарматныя гільзы са стрэлянымі буйнакалібернымі патронамі ды траву з палівам, што тыя валаклі з працы. Няхай цешацца тым, што маюць, а на большае раты не разяўляюць.
Пры кожным вобыску трэба было бачыць, з якой грэблівасцю жоўтыя двухногія пачвары абшукваюць рэчмяшкі палонных, з якой гідлівасцю выварочваюць кішэні ды абмацваюць зашмальцаваныя, закарэлыя гімнасцёркі і заношаныя шынялі. Калі пад дажджом у ланцугу ачаплення яны ў плашч-палатках здаваліся Міхасю зеленавата-плямістымі варэпаўкамі, дык у часе вобыску нагадвалі яму ядавіта-жоўтых жаб, што лэпаюць па грудзях ды па баках аслізлымі халоднымі лапамі. Сіліч ніяк не мог змірыцца са здзеклівай працэдураю вобыску. Ён адчуваў, што яна абразлівая і прыніжальная і для ягоных знаёмых і суседзяў, у якіх кожны раз таксама выклікае злосць і агіду.
Читать дальше