Праўда, аднойчы ён нясмела пачаў гаворку на гэтую тэму з Хяндогам, але той хаця i з разуменнем успрыняў Міхасёва апасенне, аднак жа адмахнуўся ад яго, глыбока не ўнікаючы ў сутнасць справы.
«Цяпер гэтым нечага забіваць галаву. Яна ад іншых думак распухае. А гэтыя толькі размагнічваць будуць, — адказаў Хяндога, —Усю энергію і сілу волі трэба засяродзіць на тым, як вылузнуцца адгэтуль. А там пабачым, што будзе. Калі што якое, дык на волі і паміраць лягчэй».
Канечне, Хяндога праў. Ён разважае цвяроза. Цяпер нельга размагнічвацца. Трэба сканцэнтраваць усю ўвагу на тое, як уцячы на волю. Там чакае дапамогі знясіленая Радзіма, якую трэба ратаваць ад небяспекі. А пасля чаму быць, таго не мінуць.
Сіліч разумее, што просты чалавек не надта задумваецца над складанымі праблемамі.
Якое з яго запытанне?
А вось у цябе, гатовы палітрук, без году камісар, запытаюцца па-другому. З табою размова будзе іншая. Маўляў, цябе гэтулькі вучылі, а штосьці не.відно, каб ты чаму-небудзь навучыўся. Ты ж павінен быў знішчыць не толькі сакрэтную зброю, але i на сябе налажыць рукі. А ты здаўся ў палон.
Што скажаш у апраўданне?
Праўда, пасля таго, як стала вядома, што ў палоне апынуўся сын Сталіна, многія пачалі спадзявацца на паблажлівасць бацькі народаў, мяркуючы, што цяпер ён адумаецца і вымушаны будзе аддаць няпісаны загад, каб не ўсіх палонных стрыглі пад адзіны грэбень, а дэталёва разбіраліся, дзе, калі і пры якіх акалічнасцях чалавек трапіў у палон.
Міхась ведае, што на іхнюю ўдарную армію камандаванне ўскладала вялікія надзеі. Спачатку яна апраўдала іх: глыбока ўклініліся ў размяшчэнне варожых сіл. Але пазней, калі гітлераўцы адрэзалі яе ад нашых войск, іхні лёс склаўся трагічна.
Канечне, вышэйшаму начальству ўсё гэта вядома. Аднак пры крушэнні цягнікоў заўсёды вінаваты стрэлачнікі.
Як бы там ні было, а ўсе ў лагеры спачувалі Гладышу і непакоіліся аб ягонай долі, ведаючы садызм каменданта, аматара жудасных караў. Таму ўсю другую палавіну дня суседзі ў пакоі стараліся суцяшаць небараку і не надакучалі яму роспытамі пра жыццё-быццё ягоных сваякоў і родзічаў пад уладаю фашысцкіх захопнікаў. А назаўтра, у часе ранішняга пастраення, баяліся, што Брэс учыніць над ім жорсткую расправу. Але на самай справе гэтага не здарылася. Наадварот, усіх надта ўразіла, што камендант нават не стаў адчытваць уцекача, а зрабіў выгляд, нібыта ў лагеры нічога не адбылося.
— Немцы —народ пунктуальны. Любяць парадак i дысцыпліну, — не сціхаў Вырвін.—Яны ўмеюць дараваць віну, калі чалавек памыліўся, але сам прызнаў сваю памылку і своечасова выправіў яе.
— Адразу відаць, што Брэс выгнаў з цябе дур, калі агрэў дрынам па гарбе, —не сцярпеў Казнадзей.— А каб жа ён тады не даў прамашкі ды ўгадзіў па мазгаўні, дык выбіў бы з яе i розум.
Сіліч таксама быў задаволены тым, што з Гладышам усё абышлося, хаця паводзіны каменданта здзівілі і насцярожылі хлопца. Яму ніяк не верылася, каб гэтакі садыст і турэмшчык ні з таго ні з сяго ды раптам палагоднеў і падабрэў. Калі толькі за тое, што яны надумалі ўцячы, ён прачытаў ім з Валькам пагрозлівую натацыю, дык за ажыццёўлены ўцёк Брэс і пагатоў не дараваў бы Гладышу. I ніякія змякчальныя акалічнасці, што ўцякач вярнуўся з павіннаю, камендант не прыняў бы пад увагу. Сам хлопец ніколі не дапяў бы да тае думкі, якую ўвёў у яго вушы вартавы з жалезным крыжам, які ў абедзенны перапынак папрасіў Міхася распаліць яму цяпельца. Толькі варта было хлопцу завесці з ім гаворку пра зварот уцекача і выказаць здзіўленне адносна паводзін каменданта, як Кольб растлумачыў усё па-свойму.
— У такі час пранырліваму лёгка заўладаць чужым скарбам. А турэмшчык! на яго асабліва падкія. Хутчэй за ўсё, што жонка гэтага палоннага выкупіла мужа з няволі за золата і каштоўнасці. Калі яна прыносіла перадачы, дык без лішніх сведкаў магла ўручыць сёе-тое каменданту.
Сіліч не мог не пагадзіцца з меркаваннямі сталага чалавека з жыццёвым вопытам. Тым болей, што некаторыя факты пацвярджалі здагадкі вартавога. Напрыклад, чаму Брэс ніколі не пасылаў туды, дзе патрэбен быў толькі адзін працаўнік, нікога іншага акрамя Гладыша? Калі ён быў упэўнены, што Гладыш не махне драла, паколькі вядомы ягоны адрас, дык чаму цяпер паблажліва аднёсся да ўцекача? А тое, што Гладыш раней не даў лататы адтуль, куды пасылаў яго камендант, напэўна, тлумачылася тым, што там была пільная варта. Канечне, Брэсу было б выгадней, каб Гладыш сігануў з якой-небудзь вайсковай часці, чымся з-пад вокнаў барака лагернай аховы. Але што зробіш, калі склаліся гэтакія абставіны?
Читать дальше