Кольб нават не стаў глядзець, што будуць рабіць палонныя. У сваёй звычайнай паставе, звесіўшы з пляча карабін, як паляўнічую дубальтоўку, ён нетаропка пашыбаваў да дота. Услед за палоннымі Міхась неахвотна ўзяў лапату і гэтак жа, як яны, пачаў накідаць ёй у кузаў пясок. «Тут не ўхітрышся, каб адлыньваць ад працы. Гэта не на гравійцы. Там у людской гурме не надта прыкметна, хто б’е бібікі. А тут усе навідавоку. Трэба шураваць лапатаю адзін перад адным, пакуль кузаў не будзе нагружаны з коптурам. Яшчэ добра, што хоць самазвал невялікі, а то выматаеш усе духі».
Знясіленаму дый з непрывычкі Сілічу цяжкавата было накідаць пясок у кузаў, нягледзячы на тое, што самазвал стаяў ніжэй: яны працавалі як бы на вышэйшай тэрасе. Добра, што, пакуль небарака трохі асвойтаўся з непрывычным грабарскім рамяством, яго ашчаджала сонца, якое яшчэ надта не прыпякала, ды асвяжаў лагодны ветрык, што дзьмуў у кар’ер, нібы ў горную цясніну.
Кольб паблукаў вакол дота, заглянуў у яго сярэдзіну, вярнуўся назад i цяпер спакойна расходжваў па краі кар’ера.
Хаця палонныя працавалі не спяшаючыся, аднак спатрэбілася, мабыць, каля гадзіны для таго, каб чатырма саўковымі лапатамі нагрузіць пяском невялікі кузаў.
— Генуг! —устаючы, сказаў Любамір, перадаў шафёру свой карабін, саскочыў зверху на ніжнюю тэрасу, з якой палонныя накідалі пясок, і сеў за руль грузавіка.
— Ён таксама шафёр?—здзіўлена запытаўся Міхась у новых напарнікаў па працы, калі затарахцеў рухавік аўтамашыны і яна з натужлівым завываннем павольна папаўзла з кар’ера.
— Абодва шафёры: і Ангел, і Любамір, — адказаў высокі палонны з прыгожым тварам і вузкімі вачамі.
— А хто яны па нацыянальнасці? — дапытваўся Міхась прыцішаным голасам.
— Кажуць, што балгары, —буркнуў змрочны прысадзісты здаравяк.
Сілічу чамусьці не верылася, што абодва гэтыя ахоўнікі — балгары.
Ён памятаў, што дзед часта расказваў пра тое, як з рускай арміяй памагаў балгарам граміць турэцкіх янычараў. Хлопец у маленстве не разумеў гэтага слова. Толькі пазней, у школе, ён даведаўся, што яно азначае.
Міхась ведаў, што балгарскі ўрад у гэтай вайне так, як і ў першай сусветнай, спачатку прыкрываўся нейтралітэтам, хаця на самай справе садзейнічаў Германіі, а потым адкрыта пачаў падтрымліваць яе. Аднак хлопец чуў, што балгарская армія не ваюе супраць нашых войскаў, хаця замяніла ў Македоніі, Сербскім Памараўі і Заходняй Фракіі нямецкія акупацыйныя часці і тым самым вызваліла іх для барацьбы з намі.
Ён разумеў, што фашысты маглі мабілізаваць балгараў, як спецыялістаў: шафёраў. Але не дапускаў у думках, што балгары самі ўзялі ў рукі зброю, каб ахоўваць сваіх адзінакроўных братоў, продкі якіх калісьці памагалі вызваляць Балгарыю ад туркаў.
Канечне, ягоных напарнікаў-сярэднеазіятаў ахоўнікі маглі прымаць калі не за аднапляменнікаў туркаў, дык за блізкіх да тых па знешнім выглядзе. А ён жа ўсё-такі славянін.
А можа, яны не балгары. «Аднак, хто б ні былі яны, а выгадных служакаў нанялі сабе фашысты!—прыкра ўхмыльнуўся Сіліч. — Адначасова i шафёры, і ахоўнікі. Мусіць, i плату атрымліваюць двайную? I трэба ж, як на здзек, мець такія прыгожыя імёны! Любоў і мір! Боскі анёл! Суцэльная ідылія!»
Грузавік яшчэ не паспеў знікнуць з вачэй, як Міхасёвы напарнікі паўкругам паселі на пясок.
— Ну што ж, давайце знаёміцца, — прамовіў хлопец, таксама прызямляючыся насупраць іх. — А то імёны ахоўнікаў вядомы, хоць яны i не патрэбны нам, а як зваць вас, я не ведаю. Я па нацыянальнасці беларус. Завуць мяне — Міша. — Ён назваў сваё імя так, каб яно гучала i прасцей, і карацей, бо напарнікі былі яму амаль аднагодкамі.
— А я — казах, маё імя Сабіт, —першы ветліва адазваўся на Міхасёву прапанову змрочны прысадзісты здаравяк.
— Мяне завуць Юлдаш. Я —узбек, — прамовіў услед за ім хлопец з прыгожым тварам і вузкімі вачамі.
— А я—кіргіз, Акбар, — апошнім прадставіўся палонны з чорнай стрыжанай галавою.
— У краях абодвух тваіх сяброў, Сабіт, мне бываць не даводзілася. А тваю бацькоўскую зямлю трохі ведаю. У раздольных стэпах ля Какчатава і Акмолінска займаўся страявой падрыхтоўкай.
— Гэта паўночны Казахстан,— не ўтрымаўся Сабіт. — А я родам з паўднёвага.
— Бліжэй да майго i Акбаравага краю, — падтакнуў Юлдаш.
— Твае землякі, Сабіт, частавалі мяне бешбармакам. Толькі не паспеў навучыцца есці яго рукамі. Бачачы гэта, твае землякі аднаму мне падавалі відэлец. У гарадах я запомніў казахскія надпісы на шыльдах магазінаў: «Азык-тулік», «Нан». У Акмолінску ў нашу часць улілося папаўненне з казахаў. Помню, што мяшкі ў іх былі напакаваны невялікімі, як абрыкосы, тлустымі булачкамі, зваранымі, відаць, у масле. Смаката! — прыцмокваючы, прамовіў Сіліч. — Штосьці павяло мяне на ўспаміны пра яду. Толькі апетыт раздражняю ў галодных.
Читать дальше