— Джо?! Пецька, ты? — не паверыў сваім вачам, схапіў за плечы, страсянуў. — Што ты тут робіш?
Ён маўчаў, як і не чуў мяне. Ці не пазнаваў?
— Чаго ўцёк з бальніцы, мяне не папярэдзіўшы? Чым я пакрыўдзіў цябе? Скажы, чаго маўчыш?
Я стаў перад ім на калені, на слізкі асфальт, абняў за ногі і прыціснуў да сябе. Ён як анямеў, не чуў нічога наўкола, што я яму казаў.
— Прабач, Пецька, я не хацеў зрабіць табе балюча.
У ім нешта адгукнулася, я пачуў, як ён не то выдыхнуў з сябе паветра, не то закрычала ад болю яго спакутаваная душа — выдых-мычанне было доўгім і безнадзейным...
Я зноў устаў, прытуліў яго да сябе, павёў да ўвахода. Пасадзіў на першае сядзенне. Ён ужо не ведаў, што адбываецца з ім, няўцямна глядзеў перад сабой. Выдыхнуў з сябе гэтак жа, як і на вуліцы, паветра, усё роўна як крычаў, крычаў маўкліва, некаму аднаму, хто б мог яго пачуць. Калаціўся ўжо, адчуваючы холад, сцепануўся раз, другі, заляскалі зубы...
— Джо, ты пасядзі хвілінку... Я на секунду, ты не падымайся толькі.
Добра, што працаваў на дварэ тэлефон-аўтамат — рэдкая з'ява ў нашым жыцці. Знайшлася і двушка. Жонка ўжо спала, але адразу ж адчула маю трывогу:
— Што ў цябе здарылася?
— Улляна, я адшукаў Джо. Выклічы тэрмінова нам на вакзал таксі. Мы будзем чакаць. І вось што яшчэ. Налі ў ванну вады, ён, здаецца, прастудзіўся. Будзем лячыць. Харошай гарбаты зрабі. І падрыхтуй канапу, засцялі...
— Добра, Антон, зразумела.
— Дзякуй. Чакай.
Калі вярнуўся да яго, Пеця, не расплюшчваючы вачэй, прамовіў:
— Нікуды я не паеду. Бальніца мне не паможа.
— А мы не ў бальніцу паедзем. Да мяне паедзем.
— Тым больш дадому не паеду сярод ночы. Клопатаў з-за мяне...
— І не зусім дадому — на карэспандэнцкі пункт. А туды можа завітаць кожны, хто пажадае.
— І ўсё роўна не хачу.
Я зусім не разумеў яго. Чаму ён упарціцца? Чаму?
— Джо, скажы, чым я пакрыўдзіў цябе?
Толькі цяпер ён павярнуўся да мяне, як прачнуўся ад дрымоты ці нежадання гаварыць са мной, як не закрычаў:
— Сказаць? Чым? А то і сам не ведаеш? Хто цябе прасіў даваць на ўвесь свет тое, што ты пісаў пра мяне? Якое SOS, якое «памажыце, людзі»? На храна мне твая і людская дапамога! Я ненавіджу жаласць. А пакліча да сябе Бог, так таму і быць. Мне не будзе сорамна перад ім...
— Пецька, апамятайся! Што ты гаворыш!
— Гэта ты апамятайся! Чаго ты лезеш туды, дзе цябе не просяць, — са сваёй міласэрнасцю, з жаданнем некаму памагаць, прасіць, капацца ў гаўне?.. Гэта твая работа ці абавязак душы? І тое, і тое — праціўна і непрыгожа.
«Як згаварыліся з дзедам, адно і тое ж гавораць, а я хіба вінаваты, што мяне жыццё кінула ў такую (няўжо няўдзячную і непатрэбную) прафесію?!»
— Работа, Джо. Інакшай не маю. Але не ўва мне загваздка, Пятро. У табе. Адкінь усе абвінавачванні, падазрэнні, паслухайся мяне. Паехалі ў вёску да майго бацькі. Ён — ляснік. Ён будзе цябе лячыць сваім метадам.
— І тут без мяне ўсё рашыў?
— Рашыў. Бо рашаецца твой лёс, тваё жыццё ў небяспецы. І таму нельга адкладваць ні на адзін дзень. Я заклінаю і прашу, Пецька, я адказваю за цябе...
— Хто цябе ўпаўнаважыў быць адказным за мяне? Хто? Адкуль такі Хрыстос узяўся? Адкуль ты на маю галаву? — ён, здаецца, плакаў, схіліўшыся да каленяў, мокрыя валасы звісалі на лоб, хавалі вочы...
— Афган мяне ўпаўнаважыў. Закон брацтва. Мы ж на вайне, Джо! На вялікай вайне. Няўжо ты не разумееш, што цябе спачатку паслалі забіваць, а потым паслалі, каб забіць цябе ж нябачнымі промнямі... Ты не мог процістаяць, бо не меў такой сілы, бо беларусам нарадзіўся, рабом у расейскай імперыі. І намі распараджаліся як хацелі. А цяпер, калі цябе выкінулі за борт жыцця, ты і рукі апусціў — не ўмешвайцеся, я памерці хачу, мне так зручна, змагацца я не ўмею і не хачу... Сорамна так думаць! Нягожа... Я абавязкова звяду цябе з маім узводным, ён табе лепей за мяне растлумачыць, што да чаго. Як і мне некалі, як я быў вось у такім настроі, як ты цяпер — паміж жыццём і смерцю...
Ён зіркануў недаверліва на мяне, быццам хацеў пераканацца, ці я яму гавару ўсё тое, што адчуваў. На нас са здзіўленнем глядзелі людзі, якія сядзелі побач.
— Ладна, рабі што хочаш, — здаўся Джо і абвяў зноў, выказаўшы ўсё, патраціўшы на тое апошнія сілы.
Каля мяне спыніўся юнак у джынсавым адзенні, дакрануўся да пляча:
— Для вас заказвалі таксі?
— Для нас...
У Пецькі падняцца не было ўжо сіл — адкінуў галаву на спінку сядзення і цяжка дыхаў. Данесці да таксі памог вадзіцель — ведаў, каго нясём, павінна ж была сказаць Улляна...
Читать дальше