— Тута я!
— Антон, добры дзень, гэта Віка! Як у цябе справы?
— Нічога, добра. А ў цябе?
— І ў мяне нічога. У нас жыве кошка Машка, і ўчора яна прывяла пяцёра кацянят.
— Цікавая падзея.
— Антон, а ты сёння без настрою, — зразумела мой стан Віка. — Я не ў час пазваніла?
— Так, Віка, не ў час. У мяне білет у кішэні на аўтобус, які адпраўляецца праз пятнаццаць хвілін.
— Шкада. А я хацела з табой пагаварыць.
— А ты пазвані мне паслязаўтра. Добра?
— Добра. А ў цябе тады будзе добры настрой?
— Не ведаю, Віка, пэўна, будзе. Тады і разбяромся. А цяпер — прабач, пабег я.
— Да паслязаўтра.
Адчуваю, што пакрыўдзіў малую. Трэба было неяк інакш з ёю пагаварыць альбо зусім не падымаць слухаўку. Так табе і трэба. А цяпер думай, перажывай, дакарай сябе.
Аўтобус напакаваўся людзьмі, і я ледзьве паспеў ускочыць у прачыненыя дзверы — вадзіцель ужо закрываў іх.
Наперадзе амаль тры гадзіны дарогі. Як кажуць, пісьмо зноў паклікала ў дарогу. Будзе час падумаць, паразважаць над сваім жыццём, узважыць, асэнсаваць мінулыя дні, памарыць...
Мяне адразу ахутала дрымота — цеплыня, што нараджалася ў аўтобусе, закалыхала мяне, кінула ў сон...
Ну вось і ўсё... «Заканапаціў» усе шчыліны ў сваёй рабоце, сплаціў усе даўгі — газеце і сябрам, пазашываў прарэхі і дзіркі, наклаў латкі, больш таго — напруціўся і зрабіў некалькі пісьмаў рабочых і механізатараў, тым больш што пасля раённых канферэнцый іх у мяне сабралася больш трох дзесяткаў. На ўсе выпадкі жыцця.
З крытыкай, з аналізам. Я загадзя прасіў пра тое першых сакратароў, каб чарнавікі потым пакідалі для мяне.
Пазваніў Валеру і сказаў пра ўсё гэта. Намякнуў, што выдыхнуўся і хачу цяпер заняцца лёсам свайго падапечнага, цяпер ужо нашага падапечнага — газета ж узялася яму памагчы.
— Добра, калі што, прыкрыю, — паабяцаў ён, — але ў выпадку чаго дзе цябе шукаць?
— Зялёнамошскае лясніцтва на Мазыршчыне. Альбо звані дадому — жонка адкажа.
— Лады. Зразумеў. Дарэчы, у заўтрашні нумар ідзе твая «пуга» — пра даярак з Залесся. Толькі загаловак я замяніў, клішэ зрабілі.
— Добра, дзякую. Бывай.
Аўтобус завёз мяне на ўскраіну горада, дзе на беразе Сажа размясцілася бальніца. Паказваю пропуск. Мне выдалі белы халат. Ліфт завёз на пяты паверх — у тое аддзяленне, дзе знаходзіўся Джо.
Я прыняў рашэнне. Ён выпісваецца, і мы едзем да бацькі. Потым абком камсамола дае машыну — дамовіўся з першым — і імчым на Палессе.
Асцярожна стукаюся ў дзверы дзяжурнага ўрача. Ручкаемся, і я адразу цікаўлюся станам Пецькі — колькі дзён не наведваўся.
— А вы хіба не ведаеце? — Новікаў глядзіць на мяне і запрашае сесці.
— Не... А што? — баюся пачуць пра самае страшнае, і ў мяне ўсё халадзее ўсярэдзіне.
— Вы не хвалюйцеся, з Пецькам нічога не здарылася. Проста ён ужо выпісаўся.
— Калі?
— Учора. Настояў, каб выпісалі. Мы курс лячэння амаль правялі, але ён сказаў, што паправіўся, што яму ў нас няма чаго рабіць.
Я не верыў таму, што адбылося, таму перапытаў:
— І вы адпусцілі яго? У такім стане?
— А што мы маглі зрабіць? Ён прыгразіў, што збяжыць сам, калі не адпусцім. Ды і ваша тут ёсць невялічкая віна, калі ўжо на тое пайшло...
Урач падняўся з крэсла, падышоў да акна, расчыніў яго яшчэ больш — пачулася шамаценне галін пад слабым ветрам.
— Мая? У чым?
— Не ведаю. Але мне падалося, што ён з-за вас быў такі ўзбуджаны і так паступіў. Мо што доўга не прыходзілі ці якая іншая прычына. Лепш ён вам сам пра ўсё раскажа...
— Але дзе мне яго цяпер шукаць?
— Дзе? Дома.
— Ды няма ў яго ніякага дома. У тым і бяда, Віктар Пятровіч, што няма.
Урач нахмурыўся, закусіў губу, пацёр кулаком падбароддзе.
— А мне казаў, што да бацькоў паедзе, будзе здароўе папраўляць.
— У яго сур'ёзна са здароўем, Віктар Пятровіч?
Новікаў кіўнуў галавой:
— Вельмі. І вы правільна падалі сігнал SOS. Адгукваюцца на заклік?
— Глухія людзі. Нашага крыку не чуюць... Ну, як жа гэта вы далі прамашку? Я ж збіраўся яго тэрмінова завезці ў сваю вёску. Там бацька мой з таго свету людзей вяртаў. Хацелі во і яму памагчы. А тут дарагія кожная хвіліна і гадзіна.
Я паціснуў руку і пайшоў да дзвярэй.
— Калі што ўведаю, адразу вам дам сігнал, — паабяцаў Новікаў, праводзячы мяне.
Я кіўнуў галавой.
5...
Джо, ну дзе цяпер шукаць цябе?
А мо ты зусім з'ехаў з горада і цяпер знаходзішся за тысячы кіламетраў ад мяне? Што я зрабіў такога, каб ты так раззлаваўся на мяне?
Цэлымі днямі я блукаў па вуліцах горада, пабыў ва ўсіх піўнушках, але нідзе яго не ўбачыў. Не дасі ж у міліцыю фота на стэнд «Іх шукае міліцыя». Тады ўвогуле буду яму ворагам.
Читать дальше