Па-за тэмаю гэтага роздуму над газетнай старонкай хочацца яшчэ сказаць, што проста ў маім жыцці, у маёй працы пісьменніка Сервач была яшчэ і «Быстранкай» — паміж крынскім старым млыном і калядзінскім сонечным Нёманам...
1978
Пажылая санаторная медсястра, што молада, дабрадушна смяецца, расказвала ўчора, як яна ў вайну, дзяўчом, крала ад іхняй каровы траву і карміла салдацкага каня, што паваліўся, зняможаны, за апошнім домікам іх ускраіннай вуліцы, калі нашы адступалі ў горы.
Спачатку конь еў лежачы, а потым дзяўчынка прыйшла і радасна здзівілася, што ён устаў і жуе ўжо стоячы. А на наступны дзень ён пайшоў следам за ёю, хоць і не клікала, да іх дахаты. І маці тады, нарэшце, даведалася, куды яе малая ўсё бегала і не прызнавалася, колькі ў яе ні пытайся.
— А немцаў тут, у Сочы, не было. Толькі бой быў у гарах і потым па рацэ плылі трупы. Нашы і іхнія...
Пазней таго каня забралі чырвонаармейцы, ужо наступаючы. І яна, малая, так плакала, што камандзір сказаў: «Не рад, што і бяру яго!..»
Ужо тым часам цешча і бабуля, а кажа, што каня яе, відаць, забілі, бо каб жывы застаўся, дык прыбег бы да яе.
І гэтая яе «дзіцячасць» добра спалучаецца з вясёлым, чыстым смехам.
А жылося нялёгка, пакінутай мужам з двойкай малых дзяцей.
1978
Цяпер тут проста брод. Каровы на той бок перапраўляюцца то брыдучы, то крыху плывучы, калі вада пабольшае. A дзеці з пасёлка, калі ідуць ix сустракаць апоўдні i ўвечары, спрытна i весела карыстаюцца "чайкай".
— Дзед, баба сказала, каб ты сісазаў, ці можна мне з Інкай паехаць у лодцы па іхнюю Кветку„ Дзед, мы з Інкай будзем у лодцы плысці, а кароўка сама. Гэтак во носік наставіць. Я бачыла!..
Унучцы сёмы год, яна зусім гарадская. Яна спяшаецца з просьбай, аж спатыкаецца на словах, нібы гаворыць подбегам. І дзед, што нарадзіўся i вырас у вёсцы, не пястунцы сваёй, а бабе, якая етаіць паблізу, на тым самым зялёным двары i чуе ўнуччыну просьбу яшчэ раз, кажа з вясёлым дакорам:
— Ты што гэта, Сямёнаўна, хочаш пазбавіць малую такога ўспаміну?
У дзеда ўчора пад вечар, калі ён адзін прысеў над ракою, быў іншы ўспамін. Далёкі i сумнаваты. Калі ён тут партызаніў, калі на гэтым бродзе была ix пераправа.
На трох фурманках, узводам, яны ад пушчы ехалі сюды, на гэты бок, у далейшую вёску. Адвячоркам было гэта, у познюю, змрочную восень сорак другога. Яшчэ да ракі не даехалі, калі з кустоў выйшаў мужчына, моўчкі даў знак, каб спыніліся, узяў першага каня за аброць, яшчэ раз паказаў рукою, каб маўчалі, а тады, падышоўшы да воза, ціха сказаў:
— Хлопцы, далей не едзьце — засада.
Ен быў мокры па самыя пах i. Hi ком у з ix не знаёмы.
I сёння ўжо не дапытаешся, хто гэта быў. Не иадзякуеш за жыццё — сваё, сынава, унуччына, за ўсіх таварышаў, хто яшчэ ходзіць або дыхае. Не дапаможаш, калі i сам той чалавек жывы, ці з адзнакай якой, ці хоць даведкай пра сувязь.
З народа выйшаў, у ім i схаваўся.
1983
1
У прыхаджан — айцец Мікодым, у партызан — поп Юшка, ён быў нядрэнным сувязным. Былы рускі афіцэр, свяшчэннаслужыцель, а прымаўка, як у дзядзькі якога: «Каб вас вяроўка забрала!»
— Заехалі мы да яго,— расказвае колішні партызан,— дык ён паставіў нам такія чарачкі, што пальцам ткні ў яе — усё і выскачыць. Пайшлі мы потым дняваць у гумно,— ён прыхапіў у вядры і бутэльку, і прыкусіць,— і пачалі мы там вучыць яго, як п'юць па-нашаму: лежачы жыватом на таку. А тут прыбягае дзяўчынка: «Немцы прыехалі!»
Мы пахаваліся на сена, а бацюшка асцепаўся і пайшоў прымаць няпрошаных гасцей. Там яны недзе з тых мелкіх чарачак дзюбалі. А дачушка яго прыбягае, драбіну прыставіла, узлезла, паказалася і шэпча:
«Не бойцеся, тата сказаў: яны зараз паедуць».
І праўда — паехалі. Але ж пачалі яму тут прывозіць з поля снапы. Жыта добрае. Поп на торпе, мужык на возе, падае на торп, а поп распытвае ў яго пра партызан:
«Бяруць?»
«Бяруць, айцець Мікодым, а няўжо ж. І хлеб, і сала, і вобуў. І каня. Усё ж ім трэба...» — крэхча, падаючы.
«А што не трэба — таксама бяруць?»
«І такое бывае. У маёй суседкі, у бабы старое, нямоглае, нейкі смаркач неданоскі забраў. І наліха яно табе, падумаўшы?..»
«А п'юць?»
«Ды міма рота, бацюшка, ніхто, здаецца, не нясе. Яно, калі, скажам, з марозу іхняму брату, або перакусваючы, дык чаму ж са сваім чалавекам не выпіць. А то ж бывае, што возьме каторы ды набярэцца здуру, як жаба гразі...»
І ўсё такое іншае. Не скажаш, што ўсё яно справядліва, але і не вораг той дзядзька. Мы яго ведалі.
Читать дальше